Рубінавы жывапіс, абмыты сонцам

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

З 23 мая па 6 чэрвеня ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры РБ экспануецца цудоўная выстаўка жывапісу мастакоў Азербайджана — 48 твораў 40 мастакоў: карціны, пейзажы, нацюрморты, партрэты… Усе яны ўжо дэманстраваліся ў Егіпце і краінах Еўропы, і вось зараз прыбылі да нас, у Мінск, калі тут святочна праходзілі Дні культуры Рэспублікі Азербайджан.

 /i/content/pi/cult/117/371/Rubin1.jpg

Ля партрэта Э. Сабіт аглы работы
Т. Нарыманбекава
.

Павінен сказаць, што азербайджанскі сонечны жывапіс даўно прыцягвае маю ўвагу асаблівай празрыстай вытанчанасцю, гарманічным зліццём духоўных старажытных традыцый, бліскучага артыстызму і вострага сучаснага бачання, уяўлення.
Экспазіцыя дае шчаслівую магчымасць зразумець не толькі ўнутраную сувязь стылістычных пошукаў мастакоў, але і нацыянальную філасофію жыцця гэтага адметнага народа.Тэхнічнае майстэрства, віртуознасць пэндзля, асацыятыўная вобразнасць, экспрэсія пачуццяў — вось галоўныя канцэпты лепшых твораў выстаўкі. І гэта не перабольшванне. Мне здаецца, што мастакі валодаюць надзвычайнай здольнасцю перанесці ў найвысокае вымярэнне тонка вывучаны імі досвед нацыянальнага быцця, а таксама — устойлівыя, стагоддзямі сфарміраваныя традыцыі пластыкі, каларыту, рытмічнай арганізацыі прасторы, нарэшце, дзіўнага пачуцця прыгажосці, хараства.
І ў гэтым сэнсе, канешне, “цвіком” экспазіцыі з’яўляецца сардэчная карціна “Прысвячэнне маці”, якую, калі не памыляюся, народны мастак СССР Таір Салахаў напісаў яшчэ ў сярэдзіне 80-ых, але якая ані не страціла сваёй высокай вобразна-мастацкай значнасці.
А вось яшчэ адзін народны мастак СССР — Сатар Бахлулзадэ, пясняр зямлі, мора і кветак, “рубін” азербайджанскага мастацтва. У сваёй краіне ён быў яскравым прадстаўніком своеасаблівай дэкаратыўнай колерамузыкі, светлай, рамантычнай, пранізліва чыстай палітры.
Памятаю, як у 1973 годзе на сваім вернісажы на Кузнецкім мосце ў Маскве Сатар сказаў: “Мастак — гэта начны вартаўнік, які ідзе і расштурхоўвае, распіхвае цемру ночы…”. У экспазіцыі прадстаўлены яго цудоўны, святлопаветраны, амаль што акварэльны пейзаж “Блакітныя скалы”.
А паглядзіце, якая тэмпераментнасць, экспрэсія, усхваляванасць чалавечага жыцця ў
 /i/content/pi/cult/117/371/Rubin2.jpg

Ш. Абасаў. "Чырвоны стол".

партрэце Эміна Сабіт аглы віртуоза пэндзля, народнага мастака Азербайджана Тагрула Нарыманбекава! Зрэшты, такіх прыкладаў высокага густу на выстаўцы шмат. Нуднаватая гэта справа — каталожна пералічваць імёны мастакоў, якія прадстаўлены ў экспазіцыі. Таму лепш сваімі вачыма чытачу нашай газеты паглядзець іхнія творы — калі яшчэ будзе такая магчымасць пабачыць у жывапісных фарбах краіну Фізулі і Нізамі, краіну геніяльных “каменных кніг” Кабыстана, краіну квітнеючых гранатавых садоў і нафтавых вышак…
Прыйдзіце на выстаўку палюбавацца залаціста-сонечным палацам Шырваншахаў, пабачанага М.Шамхоравым, бурлівым Каспіем у А.Джафарава, нафтавымі камянямі А.Гусейнава, вясновым макавым полем Х.Сафаравай, лірычнымі пейзажамі М.Гусейнава і Р.Абасава, старажытным і заўсёды маладым Баку ў палотнах Т.Мамедава, Б.Мірзазадэ, М.Алахвердыева, Т.Абдулаева, нацюрмортамі М.Зейналава, М.Джафарава, І.Аўшарава, фігуратыўнымі кампазіцыямі народнага мастака СССР М.Абдулаева, Г.Юнусава, З.Гусейнава, Н.Наджафава, М.Мірджавадава…У цэлым, “колер вобраза” азербайджанскіх жывапісцаў абапіраецца на натурныя матывы, Але не мае апісальнага характару, набывае асаблівы, часам вельмі важкі мастацка-філасофскі сэнс. Але пры гэтым захоўвае ўсю непасрэднасць светлага, шматграннага і разнастайнага жыццёвага ўражання.
Арганізатары выстаўкі — Міністэрства культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Барыс КРЭПАК