Выпуск № 1 (37)

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Паважаныя культасветнікі! Сённяшні “Куфар” прадстаўляе творчасць нашых чытачоў або выконвае іх замовы. Адкрываем выпуск урачыстай песняй — “Плошча Перамогі”, напісанай нашай чытачкай Нінай Сакаловай на верш паэта — удзельніка партызанскай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Анатоля Астрэйкі. На нашых старонках, па традыцыі, — і многія іншыя творы айчынных кампазітараў як для дзіцячага, так і для дарослага рэпертуару.

Таксама ў выпуску — п’еса-казка Г енадзя Аўласенкі, надрукаваная па просьбе нашых чытачоў. Мяркуем, яна можа заняць сваё месца ў “вясновай” афішы вашых тэатральных калектываў.  “Сцэнарны партфель” папаўняецца сцэнарыем вясельнага свята з пошты “Куфра”. Прапануем і арыгінальную методыку навучання музычным тэрмінам, з якой знаёмяць чытачы. Чарговы раз аматараў настольных гульняў запрашае “Шашачная культура”.

Да новых сустрэч!

 

/i/content/pi/cult/252/3708/nota-per.gif
Плошча Перамогі

Словы Анатоля АСТРЭЙКІ

Музыка Ніны САКАЛОВАЙ

 

I ў будні дзень, і ў радаснае свята

Сюды, да Плошчы, шмат дарог вядзе,

Сягоння паўшым у баях салдатам

Народ вянкі да помніка кладзе.

Гарыць агонь нязгасны ля граніта,

Як памяць сэрцаў аб сваіх сынах,

Якія ў жорсткіх і крывавых бітвах

Сваёй свабоды адваявалі сцяг.

І той агонь здаецца мне крылатым,

Ён нібы хоча з мармуру ўзляцець,

Каб сёння, у Перамогі свята,

Над зямлёю велічна гарэць.

Нібыта ў варце каля абеліска,

Пасталі елкі ў веснім шынялі.

Завецца плошчай Перамогі ў Мінску

Адна з славутых плошчаў на зямлі.

 

 

/i/content/pi/cult/252/3708/lad1.gif
/i/content/pi/cult/252/3708/lad2.gif
 
(“Дражнілка”)

Словы народныя

Музыка Вячаслава Кузняцова

 

Антось барадаты вёў казу каля хаты.

Антасіха падганяла, на цукеркі зарабляла.

У чырвоных ботах ходзіць па балотах

Бусел даўганосы, жабак сабе носіць.

Юрка-курка —  падсмажаная скурка.

Людзік-пудзік скруціўся, як гузік.

Жадзіна-гавядзіна, салёны агурэц,

На палу качаецца —  ніхто яго не з’есць.

Перац твой горкі —  дай нам махоркі,

Перац твой сладкі —  дай нам аладкі.

Перац твой горкі —  дай нам махоркі,

Перац твой сладкі —  дай нам аладкі.

Клёнц! Бомц!

 

 

Генадзь АЎЛАСЕНКА

П’еса-казка ў трох дзеях

Першая пралеска

У рэдакцыю “К” прыйшоў ліст  ад навучэнцаў гімназіі №4 г. Баранавічы Брэсцкай вобласці. У ім  школьнікі, у прыватнасці, пішуць: “Ваша газета, хоць і друкуецца для дарослых, вельмі дапамагла нам у лялечным тэатры. Наша Алена Мікалаеўна, кіраўнік лялечнага тэатра “АИСТенок”, прынесла нам газету, і ў ёй — У гэтым выпуску была п’еса Генадзя Аўласенкі “Як казкі пераблыталіся”. Яна нам вельмі спадабалася: вясёлая і задорная. А яшчэ добра тое, што яна — на беларускай мове. Цяпер у нас у тэатры ідзе праца над спектаклем, і ён таксама атрымліваецца яркім і смешным. Днямі мы прачыталі яшчэ адну казку Г.Аўласенкі — “Зайкава хатка”. Яе таксама пакінулі ў нашым куфры-скарбонцы і пастараемся па ёй падрыхтаваць спектакль у тэатры.

Нам вельмі хацелася б даведацца, ці ёсць у Г.Аўласенкі яшчэ п’есы-казкі? Дзе яны друкаваліся? Калі яны такія ж вясёлыя і смешныя, то мы паставім іх у нашым тэатры”.

Што ж, адмыслова для прыхільнікаў творчасці Генадзя Аўласенкі гэтым разам мы друкуем яшчэ адну п’есу аўтара — “Першая пралеска”.Спадзяёмся, яна таксама знойдзе сваё месца на сцэнах аматарскіх дзіцячых тэатраў. Бо, нават не зважаючы на тое, што сёлета яшчэ чакаюцца марозныя і снежныя дзянькі, вясна спяшаецца да вас, дзеці

 

Дзейныя асобы:

Снегавік;

Заяц Даўгавух;

Заяц Таўстун;

Сарока;

Лісіца;

Воўк;

Мядзведзь;

Зіма;

Вясна.

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Зорная зімовая ноч. На заснежа-

най лясной паляне стаіць Снегавік: у

яго нос-морква, на галаве— капя-

люш са старога вядра, у руцэ— мя-

цёлка. На палянку крадучыся выхо-

дзяць зайцы — Таўстун і Даўгавух.

Спыняюцца.

ДАЎГАВУХ. Ну, чаго спыніўся?

ТАЎСТУН. А ты чаго?

ДАЎГАВУХ.А я... Я на цябе гледзячы!

ТАЎСТУН. А я — на цябе!

Нейкі час стаяць моўчкі.

ДАЎГАВУХ. Ну што, пайшлі далей?

ТАЎСТУН. Пайшлі!

Зноў нейкі час моўчкі стаяць.

ДАЎГАВУХ (сярдзіта). Слухай, мне

гэта надакучыла! Трэба ісці!

ТАЎСТУН. Трэба!

ДАЎГАВУХ. Альбо наперад, альбо

назад!

ТАЎСТУН. Лепш назад!

ДАЎГАВУХ. Эх ты, баязлівец! Ну,

чаго спалохаўся? Ён жа са снегу!

ТАЎСТУН. Ды ведаю я гэта! Але ж

вельмі ўжо на паляўнічага падобны! І

мяцёлка гэтая... Ну зусім, як стрэльба!

Ведаеш, што? Ідзі лепш адзін!

ДАЎГАВУХ. А ты?

ТАЎСТУН. А я цябе тут пачакаю.

ДАЎГАВУХ. Ах, ты тут пачакаеш!

ТАЎСТУН. Я, гэта... Павартую!

ДАЎГАВУХ. Ах, ты яшчэ і павартуеш! Добра, баязлівец! Чакай, вартуй, калі больш ні на што не здатны! Толькі морквачкі не атрымаеш! Ні малюсенькага кавалачка! Сам з’ем! Адзін!

(Рашуча ідзе да Снегавіка.)

ТАЎСТУН. У, скнара даўгавухая!

(Паварочваецца, ідзе ў лес.)

ДАЎГАВУХ (азіраецца). А ты— ба-язлівец! (Зноў глядзіць на Снегавіка.) І зусім нават не страшна! (Робіць крок.)Што тут страшнага, не разумею!  (Робіць яшчэ крок.) Адпачыць трэба! (Садзіцца на пянёк.)А і сапраўды: ну выліты паляўнічы ў белым балахоне! Здаецца, вось зараз ён гэтую сваю мяцёлку, нібыта стрэльбу, ускіне і... (Ускоквае з пянька.) Ну вось, сам сябе напужаў! (Уздыхае.) Усяго два крокі  засталося! Два крокі— і морквачка мая! Мая морквачка!  (Робіць крок.) Тоўсценькая, салодзенькая, смачненькая!

Нарэшце, робіць апошні крок, працягвае руку, хапаецца за морквіну.

Вой, што гэта?! (Адскоквае назад.)

СНЕГАВІК. Ап...

ДАЎГАВУХ. Вой!

СНЕГАВІК. Ап…  Ап…

ДАЎГАВУХ. Вой, вой!

СНЕГАВІК. Апчхі!

ДАЎГАВУХ. Вой, вой, вой!  (Уцякае.)

СНЕГАВІК (павольна азіраецца па баках). Дзе я?  (Глядзіць угару, потым— уніз, на сябе.) Хто я? (Зноў азіраецца па баках.) Навошта я тут стаю?

Прылятае Сарока, садзіцца на ялінку.

САРОКА. Што, што, што здарылася? Хто, каму, што? Дзе, каго, чым?

(Расчаравана.) Ніхто, нікому, нічога!..

СНЕГАВІК. Дзе я?

САРОКА. У лесе, дзе ж яшчэ?

СНЕГАВІК. Хто я?

САРОКА. Снегавік, хто ж яшчэ?

СНЕГАВІК. Снегавік? А ты хто?

САРОКА. Сарока я, хто ж яшчэ! Дзівак нейкі, нічога не ведае!

СНЕГАВІК. Сарока? А адкуль ты тут узялася?

САРОКА. Прыляцела, адкуль жа яшчэ!

СНЕГАВІК. А я адкуль узяўся?

САРОКА. Зляпілі цябе! Са снегу!

Дзеці ў лесе гулялі, узялі ды і зляпілі цябе. Рабіць ім, пэўна, не было чаго!

СНЕГАВІК. А потым?

САРОКА. А потым дамоў пайшлі.

СНЕГАВІК. А я?

САРОКА. А ты тут застаўся.

СНЕГАВІК. Дык навошта ж тады яны мяне зляпілі?

САРОКА. Я ж кажу: рабіць ім не было чаго!

Нейкі час маўчаць.

СНЕГАВІК. А мне што зараз рабіць?

САРОКА. Ты ў мяне пытаешся?

СНЕГАВІК. А ў каго ж мне яшчэ запытацца? Ты ж такая разумная, так шмат ведаеш!

САРОКА (задаволена). Разумнейшых за мяне і сапраўды цяжка знайсці! Адна бяда: сціплая я вельмі! А што ты ў мяне спытаў?

СНЕГАВІК. Я спытаў:  што мне рабіць зараз?

САРОКА. Табе? А што табе рабіць? Стой, дзе стаіш!

СНЕГАВІК. І ўсё?

САРОКА. А што яшчэ?

СНЕГАВІК. І доўга мне так стаяць?

САРОКА. Ну... Пакуль у ваду не ператворышся.

СНЕГАВІК (спалохана). У ваду?

САРОКА. У ваду, у што ж яшчэ! Бо ты са снегу зроблены! І як толькі Вясна прыйдзе...

СНЕГАВІК. Хто прыйдзе?

САРОКА. Ды што з табой, невукам, размаўляць! Вясна, кажу, прыйдзе!

СНЕГАВІК. І хутка яна прыйдзе?

САРОКА. Убачыш, а дакладней—адчуеш! Як толькі вада з цябе пацячэ— лічы, што яна ўжо тут! (Заклапочана.) Ну ўсё, паляцела я! Справы мяне чакаюць, справы... Усіх трэба абляцець, за ўсімі трэба прыглядзець, усім трэба аб усіх усё паведаміць! Што ні кажы, а цяжкае ў мяне,  Сарокі, жыццё! (Ляціць прэч.)

СНЕГАВІК. Куды ты?! А я? Мне што рабіць?

САРОКА (здалёк). А што табе? Стой, дзе стаіш, і чакай Вясну! Мне б твае клопаты! (Знікае між дрэў.)

СНЕГАВІК. “Чакай Вясну!” (Уздыхае.) Вясёленькая перспектыва, нічога

не скажаш! Толькі, можна сказаць, жыць  пачынаю...  (Зноў уздыхае.) Ведаць бы, што яна з сябе ўяўляе, Вясна гэтая… І калі яна прыйдзе сюды? (Уздрыгвае, спалохана азіраецца.) А можа, яна ўжо прыйшла? Можа, падкрадваецца зараз да мяне ціхенька? А можа... Можа, пажартавала Сарока? Можа, яе і зусім няма, Вясны гэтай? Вой, здаецца, яна ўсё ж прыйшла! Трэба схавацца! Схавацца трэба! Нейкі час спалохана мітусіцца па палянцы, потым хаваецца за ялінку. У гэты ж час на паляне з’яўляецца Лісіца.

ЛІСІЦА (нюхае паветра). Зноў абдурылі мяне даўгавухія! Адзін толькі

пах пасля сябе і пакінулі!  (Зноў прынюхваецца.) Ну, нічога, нічога! Злаўлю

я іх калі-небудзь, абавязкова злаўлю!А хто ж гэта там, за елкай? Гэй, ты хто?

СНЕГАВІК. Ва-ва-ва-ва... Во-во-во-во... Вы-вы-вы-вы...

ЛІСІЦА. Нічога не разумею! Выходзь адтуль! Выходзь, каму кажу!

СНЕГАВІК (павольна выходзіць з-за елкі). Вы-вы-выбачайце мяне, спадарыня Вясна! Я больш не бу-бу-бу...

ЛІСІЦА. Шчыра кажучы, я пакуль таксама нічога не бум-бум! Чакайце,

а як ён мяне толькі што назваў? Гэй, як ты мяне назваў толькі што?

СНЕГАВІК (увесь трасецца). Больш не бу-бу-бу...

ЛІСІЦА. Гэта я ўжо чула! Мне цікава, як ты мяне толькі што назваў? Чаго ты маўчыш? Будзеш адказваць?

СНЕГАВІК. Бу-бу-бу...

ЛІСІЦА. Тады адказвай!

СНЕГАВІК. Толькі не ператварайце мяне ў ваду, спадарыня Вясна!

ЛІСІЦА. Ах, вось яно што!  (Убок.) Ён, здаецца, прыняў мяне за Вясну! Трэба неяк скарыстацца гэтым!

 (Да Снегавіка.) Адказвай, толькі праўду

кажы! Тут зайцы былі?

СНЕГАВІК. Тут Сарока была, Ваша Вясновасць!

ЛІСІЦА. Ды што мне да той Сарокі! Зайцы тут былі, я ў цябе пытаюся?

СНЕГАВІК. Не бачыў, Ваша Вясновасць!

ЛІСІЦА. А вось зараз як ператвару цябе ў ваду, дык адразу ўбачыш!

СНЕГАВІК (спалохана). Злітуйцеся, Ваша Вясновасць!

ЛІСІЦА. Ну, добра, на першы раз я табе дарую! А калі дапаможаш мне зайцоў злавіць, тады я... Тады я не стану цябе ў ваду ператвараць!

СНЕГАВІК (узрадавана). Дзякуй Вам, Ваша Вясновасць! Я дапамагу, я

 абавязкова дапамагу! Толькі вось... А хто яны такія, зайцы?

ЛІСІЦА. Ты зайцоў не ведаеш?! Ды зайцы, гэта... Гэта такія... Смачненькія такія!

СНЕГАВІК. Смачненькія?

ЛІСІЦА. Я хацела сказаць: прыгожанькія! Вушы ў іх доўгія...

СНЕГАВІК. Як у Вас, Ваша Вясновасць?

ЛІСІЦА. Даўжэйшыя! А хвост — дык наадварот: малы, недарэчны...

Словам,  глупства нейкае, а не хвост! Ну што, зразумеў цяпер, як зайцы выглядаюць?

СНЕГАВІК. Крыху зразумеў.

ЛІСІЦА. Ну, а калі зразумеў, тады ты, як толькі іх убачыш, павінен...

(Штосьці шэпча Снегавіку на вуха.) Зразумеў?

СНЕГАВІК. Зразумеў, Ваша Вясновасць... Дакладней, нічога не зразумеў!

ЛІСІЦА. А вось як ператвару цябе зараз у ваду!

СНЕГАВІК. Не трэба, я ўсё зразумеў! Я не зразумеў толькі, навошта Вы хочаце іх злавіць, Ваша Вясновасць?

ЛІСІЦА. Навошта, навошта!..  (Задумваецца.) Гульня ў нас такая з імі! Я

іх быццам бы лаўлю, а яны ад мяне быццам бы хаваюцца!

СНЕГАВІК. А потым, калі зловіце, што Вы з імі робіце?

ЛІСІЦА. Адпускаю, што ж яшчэ! А потым зноў лаўлю... І зноў адпускаю...

СНЕГАВІК. І ўсё?

ЛІСІЦА. Ну, пернічкамі пачастую перад тым, як адпусціць... Цукерачкамі рознымі... А ты што думаў?

СНЕГАВІК. Я баяўся, што Вы іх у ваду ператвараеце, Ваша Вясновасць!

ЛІСІЦА. У ваду? (Смяецца.) Вось за гэта можаш не хвалявацца, гэта ім не пагражае! І хопіць ужо пытанняў! Ці можа сам хочаш у ваду ператварыцца?!

СНЕГАВІК (спалохана). Не-не, Ваша Вясновасць!

ЛІСІЦА. Глядзі ў мяне!  (Хаваецца між дрэў.)

Амаль адначасова зноў з’яўляюцца зайцы.

ТАЎСТУН(узрадавана). Ды вунь ён, стаіць, як і стаяў! Табе проста падалося!

ДАЎГАВУХ. Ты хочаш сказаць, што мне з перапуду здалося?

ТАЎСТУН. Я гэтага не казаў!

ДАЎГАВУХ. А ты ў нас смелы, так?

ТАЎСТУН. Я і гэтага не казаў!

СНЕГАВІК. У мяне да вас пытанне: вы— зайцы?

ТАЎСТУН. Зайцы, зайцы! Не перашкаджай! (Тут да яго даходзіць.) Вой!

(Спалохана адскоквае назад.)

ДАЎГАВУХ. Ну вось, а ты не верыў!

ТАЎСТУН. Дык ён што, размаўляе?

(Снегавіку.) Ты размаўляеш?

ДАЎГАВУХ. Ну вось…  (Уздыхае.)

Выходзіць, морквачка наша цю-цю!

ТАЎСТУН. Не бядуй! Новы сябар лепш за нейкую там морквачку!

СНЕГАВІК. Дык вы і сапраўды зайцы?

ДАЎГАВУХ. Ды зайцы мы, зайцы! Я— Даўгавух, а гэтага таўстуна так і

завуць— Таўстун!

ТАЎСТУН. Вельмі смешна!

СНЕГАВІК. А я— Снегавік!

ДАЎГАВУХ. Ну, гэта мы і без цябе ведаем! Мы нават бачылі, як дзеці цябе са снегу ляпілі.

СНЕГАВІК. Са снегу... (Уздыхае.)

ТАЎСТУН. Слухай, пайшлі з намі!

ДАЎГАВУХ. Праўда, пайшлі! Ну што ты будзеш тут адзін сумаваць!

СНЕГАВІК. А што мы будзем рабіць?

ТАЎСТУН. Бегаць, скакаць, у гульні розныя цікавыя гуляць! Ведаеш якую-небудзь гульню?

СНЕГАВІК. Не ведаю.

ДАЎГАВУХ. Нічога, мы цябе хутка навучым! Пайшлі!

СНЕГАВІК. Ды я б з задавальненнем, толькі...  (Азіраецца, шэптам.) Слухайце, а вы Вясны не баіцеся?

ДАЎГАВУХ. А чаго яе баяцца?

СНЕГАВІК. Якія вы смелыя!

ДАЎГАВУХ (Таўстуну). Чуеш, мы—смелыя!

ТАЎСТУН. Знайшоў смелых! Ды мы каго толькі ні баімся!

ДАЎГАВУХ. Ты за сябе кажы! Ты, можа, і баішся, а я...

ТАЎСТУН. А ты нікога не баішся, так?

ДАЎГАВУХ. А каго я баюся?

ТАЎСТУН. А Лісіцы?

ДАЎГАВУХ. Лісіцы?! (Уздрыгвае, азіраецца.) Ха! Было б каго! Ды гэта яна мяне баіцца, падманшчыца рыжая! З кустоў высоўваецца Лісіца, Снегавік яе бачыць, зайцы— не.

ЛІСІЦА (да залы). Я?! Яго?!

СНЕГАВІК. А Лісіца— гэта хто?

ТАЎСТУН (шэптам). Лісіца— гэта...

ДАЎГАВУХ(перабівае яго). Ды што аб ёй казаць! Я ёй калі-небудзь хвост на вузел завяжу! Нават на тры вузлы!

ЛІСІЦА (да залы).  Ён?! Мне?! Ну, хутка ён па-іншаму загаворыць!

Пачынае рабіць Снегавіку нейкія знакі.

ТАЎСТУН. Ну што, хадзем з намі?

СНЕГАВІК. Пачакайце, я вам нешта сказаць хачу...

ДАЎГАВУХ. Ну, кажы!

Лісіца паказвае Снегавіку, як трэба хапаць зайцоў.

СНЕГАВІК. Вы бліжэй падыдзіце. Зайцы падыходзяць да Снегавіка, той раптам хапае іх. Лісіца бяжыць да Снегавіка.

ЗАЙЦЫ (спрабуюць вызваліцца). Ты што робіш?! Адпусці нас зараз жа!

СНЕГАВІК. Ды гэта ж гульня такая, што вы вырываецеся! Праўда ж, спадарыня Вясна?

ЛІСІЦА. Праўда, праўда! (Выхоплівае зайцоў, цягне іх у лес.)

ЗАЙЦЫ. Дапамажыце! Ратуйце!

СНЕГАВІК (разгублена). Куды ж вы іх, Ваша Вясновасць? А пернічкі?

ЛІСІЦА (здалёк). Будуць ім зараз пернічкі! Ух, якія пернічкі ім зараз будуць! (Знікае між дрэў.)

СНЕГАВІК. Нічога не разумею!

Зноў вылятае Сарока.

САРОКА. Апошняя навіна! Самая апошняя навіна! Лісіца злавіла зайцоў! Толькі што Лісіца злавіла зайцоў!

СНЕГАВІК. Лісіца?! (Хапаецца за галаву.) Дык гэта была Лісіца, а ніякая

не Вясна! Што я нарабіў!

САРОКА. А, дык гэта ты дапамог ёй іх злавіць?! Ах, якая навіна! Якая

выдатная навіна! (Ляціць у лес, крычыць.) Самая апошняя навіна! Снегавік дапамог Лісіцы злавіць зайцоў! Ах, які нядобры ўчынак! Ганьба Снегавіку! (Голас яе паступова заціхае.) Апошняя навіна!.. Самая апошняя навіна!..

СНЕГАВІК(у роспачы). Што я нарабіў! (Мітусіцца па палянцы.) Што мне зараз рабіць?! Я ведаю, што мне рабіць! (Размахваючы мяцёлкай, бяжыць за Лісіцай.) Я ведаю, што мне зараз рабіць!

КАНЕЦ ПЕРШАЙ ДЗЕІ

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Палянка, але ўжо іншая. На яе выбягае Лісіца з зайцамі, спыняецца.

ЛІСІЦА. Ну вось! Тут нам ніхто не перашкодзіць!

ТАЎСТУН. Пусціце, цётухна!

ЛІСІЦА. Ты глядзі, пляменнічак які знайшоўся! (Даўгавуху.)А каму гэта ты хвост на вузел завязваць збіраўся, га?!

ТАЎСТУН. Ён пажартаваў, цётухна!

ДАЎГАВУХ. На тры вузлы!

ЛІСІЦА. Ты глядзі, ён і цяпер жартуе! Ну я вас зараз... Што я з вамі зараз

зраблю!..

З’яўляецца Воўк.

ВОЎК. Ого-го!

ЛІСІЦА (убок). Прынесла яго! (Спрабуе схаваць зайцоў за спінай.)

Прывітанне, кумок! Прывітанне, даражэнькі! Занятая я вельмі, паразмаўляць з табой не магу! Ідзі, кумок, куды ішоў! Ідзі-ідзі, не аблізвайся! Зразумеў?

ВОЎК (панура). Ага-ага...

На палянку выскоквае Снегавік.

СНЕГАВІК (размахваючы мяцёлкай). А ну, адпусці зайцоў, рыжая падманшчыца!

ЛІСІЦА(хаваецца за Ваўка). Воўк, я з табой сябрую!

СНЕГАВІК. Адпусці зайцоў, каму кажу!

ЛІСІЦА. І не падумаю! Воўк, я цябе заечынай пачастую!

ВОЎК (узрадавана). Ого-го!

ЛІСІЦА. Толькі спачатку прагані адсюль гэтую гурбіну з вачыма!

ВОЎК. Ага-ага! (Хапае нейкі кіёк і, нібы мушкецёр, становіцца ў баявую

пазіцыю.) Эгэ-гэ!

СНЕГАВІК.Ну, трымайцеся!  (Кідаецца ў атаку, паміж ім і Ваўком адбываецца сапраўдны фехтавальны паядынак.)

ВОЎК (з цяжкасцю абараняецца).

Ого! Ого-го!

ДАЎГАВУХ. Так яго, Снегавік, так!

ТАЎСТУН. Давай, Снегавік!

ЛІСІЦА. Цыц вы, абодва! Воўк, трымайся! У думках я з табой!

ВОЎК.Ага-ага! (Сабраўшыся з сіламі, ён пераходзіць у наступленне.)

ЛІСІЦА. Ага, наша бярэ!

ВОЎК. Ага-ага! Кія-я!

ЛІСІЦА. Так, так! Кійком яго, шэранькі, кійком!

ДАЎГАВУХ. Снегавік, не паддавайся!

ТАЎСТУН. Трымайся, Снегавік!

ЛІСІЦА.Маўчаць, даўгавухія!

ДАЎГАВУХ. Сама маўчы, даўгахвостая!

Прылятае Сарока.

САРОКА. Ах, якая навіна! Якая свежая навіна!  (Садзіцца на яліну.) Увага! Увага! Мы вядзём свой рэпартаж са стадыёна “Лясная паляна”! Тут

зараз  адбываецца паядынак па гэтым, як яго... фех... фех... фехтаванні, вось! Справа ад нас, у шэрай спартыўнай вопратцы, Воўк, вопытны спартсмен... Дарэчы, ён толькі што прапусціў дакладны  ўдар мяцёлкай па вуху! Ах, які прыгожы ўдар!

ЛІСІЦА. Закрый дзюбу, балбатуха! Дабяруся я да цябе калі-небудзь! Вэрхал навокал працягваецца.

У гэты час з-пад снегу, якраз паміж Ваўком і Снегавіком, высоўваецца галава Мядзведзя, які адразу ж атрымлівае кійком па лбе.

ВОЎК (спалохана). Ого! (Губляе кіёк, хаваецца за Лісіцу.)

МЯДЗВЕДЗЬ (грозна). Хто мне спаць перашкаджае?!

Снегавік спрабуе адрамантаваць мяцёлку, Воўк дрыжыць ад страху за спінай Лісіцы, тая ж спрабуе ўтрымаць зайцоў.

ЗАЙЦЫ (разам).  Дзядзька Міхайла! Дзядзька Міхайла!

МЯДЗВЕДЗЬ. Што?! Ты зноў, рыжая, маіх сяброў крыўдзіш?!

ЛІСІЦА (лісліва). Ну што ты, Міхайла Патапыч! Ну як ты мог нават падумаць такое пра мяне! Гэта ж мы гуляем проста...

МЯДЗВЕДЗЬ. А ну, адпусці іх, рыжая падманшчыца, а то зараз вылезу!..

ЛІСІЦА. Не трэба!  (Адпускае зайцоў.) Ідзіце, мае слаўненькія, ідзіце, мае смачненькія! Ідзіце, ідзіце, усё роўна я вас злаўлю калі-небудзь!

ВОЎК. Ага-га!

МЯДЗВЕДЗЬ. Ды я ж вас зараз...

ВОЎК.Ого-го! (Уцякае, Лісіца— за ім.)

ДАЎГАВУХ. Бяжыце, бяжыце, пакуль я вам хвасты на тры вузлы не завязаў!

Зайцы смяюцца. У гэты час Снегавік непрыкметна  знікае ў гушчары.

ТАЎСТУН. Ура, мы выраватаны! Ура!

САРОКА. Апошнія навіны! Самыя апошнія навіны! Зайцы вызвалены з палону! Снегавік выправіў сваю памылку! (Азіраецца.) Дзе ж наш герой? Дзе ён?

ТАЎСТУН. Няма! Знік некуды!

ДАЎГАВУХ. Знік і няхай знікае!

ТАЎСТУН. Ён жа нас выратаваў!

ДАЎГАВУХ. Гэта потым! А спачатку што ён з намі зрабіў?!

ТАЎСТУН. Дык ён жа не ведаў нічога!

МЯДЗВЕДЗЬ. Нічога не разумею, аб чым вы спрачаецеся! Ды і разумець не хачу!  (Пазяхае.) Спаць я хачу, вы ўжо прабачце мяне, зайчаняткі…

Галава Мядзведзя знікае пад снегам.

ТАЎСТУН. Салодкіх вам сноў, Міхайла Патапыч!

ДАЎГАВУХ. І дзякуй за дапамогу!

САРОКА. А мне?

ДАЎГАВУХ. А табе за што, балбатуха?

САРОКА. Я хацела сказаць: а мне таксама няма калі з вамі тут лясы тачыць! Спраў у мяне шмат, спраў! (Ляціць прэч, крычыць.)Апошняя навіна! Самая апошняя навіна! Нечаканае знікненне Снегавіка! Таямнічае здарэнне!.. Таямнічае здарэнне!..  (Голас яе заціхае ўдалечыні.)

ДАЎГАВУХ. Ну… Давай пашукаем яго, Снегавіка гэтага!

ТАЎСТУН. Давай пагукаем спачатку. Гэй, Снегавік!

ДАЎГАВУХ. Снегавік, дзе ты?!

З кустоў выходзіць Снегавік.

СНЕГАВІК. Ды тут я, тут!

ТАЎСТУН (узрадавана). Снегавік! Куды ж ты знік, дружа?

СНЕГАВІК. Ды я... Проста мне сорамна стала перад вамі... Я ж перад вамі так вінаваты!

ДАЎГАВУХ. Ды ні ў чым ты не вінаваты!

ТАЎСТУН. Галоўнае— што ты потым для нас зрабіў! Ну, калі зразумеў, што да чаго!

СНЕГАВІК. Дык вы на мяне не злуяцеся?

ДАЎГАВУХ. Ані кропелькі!

СНЕГАВІК. І вы будзеце са мной сябраваць?

ТАЎСТУН. Абавязкова!

СНЕГАВІК. І мы будзем гуляць у розныя гульні?

ДАЎГАВУХ. Ды колькі пажадаеш!

СНЕГАВІК. Ура!  (Змаўкае.) Толькі вось... Вясна! Баюся я яе!

ТАЎСТУН. Далёка яшчэ да вясны! Зіма ж пакуль!

ДАЎГАВУХ. Гайда з намі, Снегавік!

(Бяжыць у лес.)

ТАЎСТУН. Не адставай!  (Бяжыць следам.)

СНЕГАВІК. Ура! (Бяжыць за імі.) Як добра мець сяброў!

КАНЕЦ ДРУГОЙ ДЗЕІ

 

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Тая ж палянка, што і ў дзеі першай, толькі снегу на ёй значна менш. На палянку выходзіць Зіма,  насустрач ёй— Снегавік.

ЗІМА. Ну што, знайшоў?

СНЕГАВІК (вінавата). Не, спадарыня Зіма...

ЗІМА. Ну і знайшла ж я сабе памагатага! Ні на што не варты! (Ідзе прэч, спыняецца.) Шукай гэтую кветку, Снегавік! І добра шукай, калі не хочаш у

ваду ператварыцца!  (Знікае між дрэў.)

СНЕГАВІК. “Шукай кветку, Снегавік!” (Уздыхае.) Ну як яе знайсці ў такім велічэзным лесе?! І хоць бы ведаць, што яна з сябе ўяўляе! Не, відаць, і сапраўды давядзецца мне ў ваду...  (У гэты час, зусім непадалёку ад яго, распускаецца прыгожая бліскучая кветка блакітнага колеру.) Не можа быць! Гэта ж... Гэта ж яна і ёсць! Я знайшоў яе, я яе нарэшце знайшоў!

(Зрывае кветку, узнімае яе над галавой.) Спадарыня Зіма! Спадарыня Зіма! Я знайшоў!

На палянцы з’яўляюцца зайцы.

ДАЎГАВУХ. Што ты робіш, Снегавік?!

СНЕГАВІК. Як што? Я хачу аддаць Зіме гэтую першую пралеску.

ТАЎСТУН. Які жах!

ДАЎГАВУХ (Таўстуну).  Гэта з-за цябе мы спазніліся!

СНЕГАВІК. Нічога не разумею!

ТАЎСТУН. Не аддавай гэту кветку Зіме!

СНЕГАВІК. Чаму?

ДАЎГАВУХ. Ды таму, што тады Вясна ніколі не прыйдзе да нас! І заўсёды будзе толькі зіма!

СНЕГАВІК. Дык гэта ж цудоўна—зіма! Зімой так весела! Ну скажыце: хіба  ж кепска нам было зімой, хіба нецікава?!

ТАЎСТУН. Зімой так холадна!

ДАЎГАВУХ. Зімой так голадна!

ЗАЙЦЫ (разам). Мы загінем, калі не прыйдзе Вясна!

СНЕГАВІК. Нічога не разумею! Вам жа так падабалася гуляць са мной!

ТАЎСТУН. Падабалася!

ДАЎГАВУХ. Але ж мы так чакалі Вясну!..

На палянцы з’яўляюцца Воўк і Лісіца.

ЛІСІЦА.Мы таксама чакалі Вясну!

Праўда ж, шэранькі?

ВОЎК. Ага-ага!

МЯДЗВЕДЗЬ. І я, гэта... Таксама чакаў яе, вось...

СНЕГАВІК. Ну, а табе чым кепска было там, у бярлозе? Спі сабе...

МЯДЗВЕДЗЬ. Ды не магу я болей спаць! Усе бакі ўжо адляжаў... І, гэта... Есці ўжо хочацца, вось!

ДАЎГАВУХ. Што ж нам цяпер рабіць?

ЛІСІЦА. Ды адабраць у яго гэтую кветку, і справе канец! Эх, не

паспелі!

На палянку зноў выходзіць Зіма.

ЗІМА. Ты глядзі! Я на яго сварылася, а ён і сапраўды знайшоў яе! Ну ўсё, цяпер я адсюль нікуды не пайду!  (Усе звяры спалохана ўздрыгваюць.)  Давай мне кветку, Снегавік! Ну, чаго чакаеш?! Давай сюды кветку!

ТАЎСТУН. Не рабі гэтага, Снегавік! Бо інакш мы ўсе загінем!

УСЕ ЗВЯРЫ (разам). Мы ўсе загінем, Снегавік! Не рабі гэтага!

ЗІМА. Ну, доўга мне яшчэ чакаць?

СНЕГАВІК. А гэта праўда? Тое, што яны кажуць?

ЗІМА.  А хоць бы і так! Табе якая справа?

З’яўляецца Вясна.

ВЯСНА (радасна). А вось і я!

ЗІМА. З’явілася?

ВЯСНА. З’явілася! Саступай месца, сястрыца!

ЗІМА.  І не падумаю! На гэты раз я цябе перахітрыла! Твая першая пралеска... Яна ў мяне!

ВЯСНА  (разгублена). У цябе? Як тое магло здарыцца?

ТАЎСТУН. Гэта мы вінаватыя! (Усхліпвае.) Гэта мы павінны былі першымі знайсці гэтую кветку, а мы...  Мы спазніліся!  (Зноў усхліпвае.) Даруйце нам!  (Плача.)

ДАЎГАВУХ. Не раві! І без цябе моташна!

ЛІСІЦА. У, разявакі даўгавухія! Аніякай справы вам даверыць нельга!

ВОЎК. Ага!

ЛІСІЦА. З’есці іх трэба за гэта, вось і ўвесь сказ! Каб больш так не рабілі!

ВОЎК. Ага-ага!

МЯДЗВЕДЗЬ. Я табе як “агагакну” зараз!

ВОЎК. Ого-го!  (Хаваецца за Лісіцу.)

ВЯСНА. Нікога не трэба есці! Я зараз папрашу сваю сястрыцу, і яна сама аддасць мне кветку.

ЗІМА. Яшчэ чаго! Снегавік, чаго ты чакаеш?  Хутчэй давай мне кветку!

ВЯСНА. Дык яна яшчэ не ў цябе?

ЗІМА. Зараз у мяне будзе! Снегавік, доўга мне чакаць?! Што ты ўсё раздумваеш аб нечым!

СНЕГАВІК. Я... Мне... Мне іх усіх шкада...

ЗІМА. А сябе не шкада? Не рабі гэтага, дурань!

СНЕГАВІК. Я павінен гэта зрабіць!  (Працягвае Вясне пралеску,

тая яе бярэ, усе звяры радуюцца.)

ЗІМА. Што ж ты нарабіў!

ВЯСНА. Дзякуй табе, Снегавік!

Ад усіх нас!

МЯДЗВЕДЗЬ. Ну і ад мяне, гэта, таксама, вось!

ВЯСНА (Зіме). Не крыўдуй, сястрыца! Прыходзь у свой час! Я

з задавальненнем саступлю месца Лету, Лета — Восені... Ну, а пасля Восені..

ТАЎСТУН. Пасля Восені мы будзем зноў чакаць вас, спадарыня Зіма! Каб Новы год сустрэць...

ДАЎГАВУХ. Каб з горкі снежнай пакатацца....

МЯДЗВЕДЗЬ. Каб, гэта, адпачыць добра пасля лета, вось…  Тады ўсе будуць вас чакаць!

ЛІСІЦА. Будзем чакаць, праўда ж, шэры?

ВОЎК. Ага-ага!

ЗІМА (усё яшчэ сярдзіта). Чакаць яны мяне будуць! Ну, чакайце, чакайце... Пагляджу я, чаго вы там дачакаецеся!  (Ідзе прэч, усё яшчэ бурчыць.)  Чакаць яны мяне будуць! Суцешылі!

ТАЎСТУН (разгублена). Спадарыня Зіма, а як жа... як жа Снегавік? Ён жа растане зараз!

СНЕГАВІК. Растану!  (Уздыхае.) Я ўжо пачынаю раставаць...

ТАЎСТУН. Як жа мне шкада цябе, Снегавічок! Так шкада... Ну так шкада!

ДАЎГАВУХ. І мне шкада!

ЛІСІЦА. Было б аб чым шкадаваць! Няхай растае: вады больш

будзе! Так, шэранькі?

ВОЎК. Ага-ага.

МЯДЗВЕДЗЬ (грозна). Што? Зноў?!

ВОЎК. Ого-го! 

(Бяжыць прэч, Лісіца — за ім.)

ВЯСНА. Пачакай, сястрыца!

ЗІМА (спыняецца). Ну, што табе яшчэ?

ВЯСНА. Ніколі і не аб чым я цябе не прасіла, а зараз прашу, вельмі прашу: вазьмі з сабой Снегавіка!

ЗАЙЦЫ (разам). Вазьміце яго з сабой, спадарыня Зіма! Ён вам дапамагаць будзе!

ЗІМА. Ён ужо мне “дапамог”!

МЯДЗВЕДЗЬ. Ён, гэта... Не хацеў вас пакрыўдзіць! Ён проста нас усіх пашкадаваў, вось…

ВЯСНА. Сапраўды, сястрыца, хопіць табе на мяне крыўдаваць! Вазьмі  з сабой Снегавіка!

ЗІМА. Ну, няхай так і будзе! Вазьму!  (Раптам смяецца.) Напэўна, мне і сапраўды адпачыць ад вас трэба! Стамілася я тут з вамі! (Снегавіку.) Хадзем, памагаты!

Яны ідуць прэч, Снегавік пава-

рочваецца, махае ўсім рукой.

СНЕГАВІК. Я вярнуся! Чакайце мяне наступнай зімой!

ЗАЙЦЫ (разам). Будзем чакаць! Вяртайся хутчэй!

МЯДЗВЕДЗЬ. Не хутчэй, а, гэта... У свой час, вось!

ДАЎГАВУХ. Вось я і кажу: у свой час!

ТАЎСТУН. Мы чакаць будзем!

З’яўляецца Сарока, садзіцца на дрэўца.

САРОКА. Апошнія навіны! Самыя апошнія навіны!

ДАЎГАВУХ. Спазнілася ты, балбатуха!

САРОКА. Як гэта? Чаму гэта?

ТАЎСТУН. Ды таму, што самыя апошнія навіны толькі што тут адбыліся!

САРОКА. Як гэта — тут? Чаму гэта — тут? Як жа, я іх ведаць не буду?

МЯДЗВЕДЗЬ. Не будзеш ведаць, дык... Гэта... Цішэй у лесе будзе, вось!

САРОКА. Ды я і так ужо здагадалася! Аб усім ужо здагадалася! Вясна ў лес прыйшла, вось што!

ВЯСНА. Сапраўды! Цяпер можаце лічыць, што  прыйшла сапраўдная вясна!

К А Н Е Ц

 

 

Родны дом Музыка Уладзіміра КАРЫЗНЫ-малодшага

Верш Уладзіміра КАРЫЗНЫ-старэйшага

 

 
1. У азёрах,

Як іскрынкі,

Ярка бліскалі

Дажджынкі.

Між сабою

Размаўлялі:

— Ой, нас хвалі

Залюлялі!

Хвалі злева,

Хвалі справа.

Вунь на небе —

Там цікава...

Так дажджынкі

Пашапталі

І на неба

Паўзляталі.

Ды на хмарку ўсе

Паселі,

З добрым ветрам

Паляцелі.

 

2. Як плылі яны

Над лугам —

Галава ішла ў іх

Кругам.

На палі

Калі зірнулі,

Ажно цяжка

Уздыхнулі.

Як убачылі

Бярозкі —

Пакаціліся ў іх

Слёзкі.

А плылі

Над родным домам —

Загрымелі

Светлым громам,

Хоць трымаліся

I мужна,

Ды расплакаліся

Дружна.

 

Проста і весела!

Узімку, у лютыя маразы, пачынаеш з асаблівай рамантыкай згадваць вясну, цёплы летні дождж, сатканы з лёгкіх дажджынак, сонейка, здольнае высушыць іх сваім пацалункам за адно-адзінае імгненне. На фоне халодных сняжынак-ільдзінак яшчэ больш цэніш цяпло чалавечых сэрцаў, родны дом. Пра ўсё гэта —  наша сённяшняя падборка песень.

“У красе вясны” —  яшчэ адзін позірк на  творчасць Адама Русака з ХХІ стагоддзя. Нарадзіўшыся ў маі, паэт неаднойчы апяваў гэтую пару года, калі цвітуць яблыневыя сады, гуллівы шэпат крыніц заглушаецца салаўінымі руладамі, а моцныя сакавітыя парасткі на палях дазваляюць марыць пра багатую ніву (і, “паводле” народнага календара, —  сямейны дабрабыт). У музыцы Эдуарда Зарыцкага няма спецыяльна падкрэсленых  рыс такога класу, але кампазітар тонка адзначае саму сялянскую “ментальнасць” герояў аповеду. Бо калі мужчына не заўважае знакаў схільнасці жанчыны, у іншых выпадках гэта выклікае цэлую “навальніцу”, а тут —  спакойная ўпэўненасць у сваім шчасці: калі любы “ходзіць стараною” — значыць, проста сарамлівы, бо галоўнае —  ходзіць! І пацвярджэннем —  упартае “тупанне” баса на фоне рухлівых, рытмічна разнастайных верхніх галасоў. А ў вакальнай партыі —амаль пастаянныя паўторы кожнай фразы: каб той, каму яны насамрэч адрасаваны (у песні ж —  “ты”, “да цябе”, а не “ён”, “да яго”), канчаткова пераканаўся, што ён не трызніць, што ўсё гэта —  наяве, а не ў сне. Такі вось “прыхаваны” дыялог,

які ўзнік у кампазітара не наўмысна, а інтуітыўна.

“Родны дом” бацькі і сына Карызнаў—  на першы погляд, рамантызавана эпічны відарыс, традыцыйны для славянскага светаўспрымання. Але ў ім невыпадкова з’яўляюцца імпрэсіяністычныя гармоніі. Бы зіхатліва каларыстычныя плямы, яны даюць першы “ключ” да асацыятыўнага палёту думак. Зыбкія нават не хвалі, а “гушканні” акампанементу— закалыхваюць, бы тая калыханка (невыпадкова, мабыць, калыску нашы продкі так і называлі:  “зыбка”). А мелодыя—  квазіімправізаваныя паўторы кожнай фразы, бы мяккі, незаўважны “ўрок” для пачаткоўцаў: і прыродазнаўства, і патрыятызму. Такая вось песенька:  добрая, светлая, “дзіцячая” па вобразнасці і “дарослая” па асацыяцыях. “Заклічка” і “Дражнілка” Вячаслава Кузняцова—  другая і трэцяя часткі з яго харавога цыкла “Ладачкі”, створанага для дзяцей паводле беларускіх народных тэкстаў. Гэтыя два нумары максімальна “дэмакратычныя” для юных выканаўцаў—  прытым, што кампазітар не супярэчыць тут ніводнаму свайму прафесійнаму прынцыпу і, галоўнае, багатай фантазіі. Неафальклорныя павевы спалучаюцца з найсучасным (у тым ліку “камп’ютэрным”) мысленнем. У “Заклічцы” харавая лінія, аздобленая “дзіньканнем” трохвугольніка, “патаўшчаецца” да двухгалосся, затым—трохгалосся. У “Дражнілцы” хор падзяляецца ажно на пяць груп, што ўтвараюць не проста поліфанію, а сапраўдную “поліпластовасць”, бо адначасова “выкрыкваюцца” пяць розных тэкстаў. Замест звыклых нот кампазітар выпісвае хіба рытм і прыблізную гукавышыннасць. Галоўнае—  каб кожныя харавая групоўка ўступала вышэй за папярэднюю: проста і весела! А яшчэ—  надзвычай выйгрышна, эфектна. І відовішчна, бо ўдзельнікам не абавязкова стаяць па стойцы “Смірна!”— яны могуць рухацца па сцэне (адна група быццам “наступае” на другую), прытупваць, прыпляскваць у далоні—  на радасць сабе і слухачам. А ў дадзеным выпадку—  яшчэ і гледачам.

Надзея БУНЦЭВІЧ

 

/i/content/pi/cult/252/3708/rd.gif
Май прыйшоў

вясенняй казкай,

Яблыні расквеціў,

А ты ходзіш

стараною —

Кветкі не прыкмеціў.

Прыпеў:

У красе вясны,

У садку сяла

Толькі для цябе

Кветка расцвіла.

Прыйдуць вёсны к нам,

Зноў цвісці садам,

А ў нас вясна

На дваіх адна.

Спее ў сонцы маё

шчасце

Ніваю багатай,

Да цябе імкнецца мара

Птушкаю крылатай.

Прыпеў:

Чуеш, гай звініць

за рэчкай

Песняй салаўінай

Аб вясне маёй

дзявочай, 

Сонечнай, шчаслівай.