Мінск з вышыні Нацыянальнай

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Да вернісажу ўкраінскага фотамастака Ігара Гайдая заставалася крыху болей за суткі. Работы ў галерэі “Панарама” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі яшчэ не былі развешаны па сценах: канчатковы мантаж экспазіцыі быў наперадзе.

Разам з супрацоўнікамі выставачнага аддзела бібліятэкі ў гэтым працэсе ўдзельнічаў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Ліхавый. Яго можна цалкам назваць куратарам гэтага праекта. І тое, што імя дыпламата не было пазначана ў прымеркаваным да выстаўкі прэс-рэлізе — хіба праява яго сціпласці Свае “маякі” на сусветнай карце

/i/content/pi/cult/252/3707/6.gif
Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Ліхавый і дырэктар НББ Раман Матульскі Трымаюць "Планету Хлеб".
Падымаючыся ў ліфце на 22-і паверх “дыямента”, Ігар Ліхавый з цікаўнасцю распытвае загадчыка выставачнага аддзела бібліятэкі пра “галерэйныя планы”. І такое пытанне — не проста праява дыпламатычнага этыкету. Пасол Украіны — заўсёднік разнастайных культурных падзей у Мінску, і вернісажы ў галерэях “Нацыяналкі” ён стараецца не прапускаць.   Не мог кіраўнік дыпмісіі прамінуць і гэты праект. Творы вядомага фотамайстра Ігара Гайдая зачароўваюць з першага погляду. Фотамастак не вынаходзіць новыя тэмы і фармальныя прыёмы, не імкнецца здзівіць парадаксальнасцю мыслення — аўтар прызнаецца, што свядома аддае перавагу простым ідэям, бо менавіта такі падыход дазваляе здзяйсняць уражальныя адкрыцці. У тым ліку і з дапамогай… хлебабулачных вырабаў, якія можна набыць у звычайнай краме.  

Вырашыўшы экспазіцыйныя і арганізацыйныя пытанні, Ігар  ЛІХАВЫЙ распавёў карэспандэнту “К” пра фотасерыю аўтара, што, на жаль, не змясцілася ў прастору выстаўкі. Гэта работы вялікіх памераў, кожная з якіх — калектыўны партрэт той ці іншай супольнасці: жыхароў карпацкага сяла, рабочых металургічнага камбіната, палка салдат…

 — Такі зрэз часу вельмі кранае, — адзначыў Пасол Украіны. — Бо, ведаеце, час не стаіць на месцы, і неўзабаве ў гэтай супольнасці штосьці зменіцца: хтосьці народзіцца, хтосьці з’едзе... Мы шмат згубілі ў мінулыя гады, не фіксуючы для гісторыі такія імгненні.

— Прапанаваўшы беларускаму гледачу выстаўку Ігара Гайдая, Пасольства Украіны, без сумневу, ставіла сур’ёзную і ганаровую мэту: прадставіць своеасаблівую візітоўку сваёй краіны. Яна атрымалася сапраўды адметнай, прыцягальнай, небанальнай. Цікава, па дапамогу якіх вобразаў вы звярнуліся б, каб  прадставіць Беларусь для ўкраінцаў?

 — Вы задалі вельмі няпростае пытанне, на якое адразу і не адкажаш, трэба трошкі падумаць... Напэўна, гэта былі б людзі. Так, абавязкова людзі! Гэта найбольшая адметнасць Беларусі. Трапляючы ў маленькую беларускую вёску, я нібы сэрцам адчуваю самабытны дух вашага народа. Між іншым, беларусы адрозніваюцца ад украінцаў. Чым? Мы вылучаемся сваёй эмацыйнасцю, напалам эмоцый, а жыхары вашага краю больш стрыманыя. Рыса, якая аб’ядноўвае нашы народы, — іх гасціннасць.  

Што яшчэ можа прадставіць Беларусь? Рамёствы. Храмы. Мяне вельмі ўразіла віленскае барока — спалучэнне еўрапейскай культуры і нацыянальнай самабытнасці. Сучасныя храмы ўвогуле, на жаль, не маюць такога выразнага аблічча. Хацелася б бачыць культавую архітэктуру менавіта ХХІ стагоддзя, а не паўтарэнне стыляў мінулых эпох.  

Напэўна, і Беларусі, і Украіне яшчэ належыць знайсці тыя пазнавальныя вобразы, якія маглі б нас дакладна ідэнтыфікаваць ва ўсім свеце. Гісторыя нашых народаў склалася так, што мы нібыта “згубіліся” на сусветнай карце.  

— І якія “маякі”, на вашу думку, мы павінны на яе нанесці, каб засведчыць аб сваёй прысутнасці? 

— У глыбіні бразільскіх джунгляў ёсць правінцыя Парана. Вы не паверыце, але ў гэтым месцы стаіць ці не самы вялікі помнік Тарасу Шаўчэнку ў свеце! Украінцы, якія жывуць у Бразіліі (а маіх суайчыннікаў там, дарэчы, удвая болей, чым на Беларусі), пазіцыянуюць сябе менавіта праз по стаць свайго выбітнага земляка. Безумоўна, Беларусь таксама можа “распавядаць” пра сябе свету праз вобразы канкрэтных асоб, бо ў вашай гісторыі было багата знакавых фігур.  

На жаль, ніводзін з гэтых вобразаў пакуль не ўвасоблены на кіеўскіх вуліцах. Але праз колькі гадзін у мяне сустрэча з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам, пад час якой мы будзем абмяркоўваць праект па ўсталяванні ў сталіцы Украіны помніка Уладзіміру Караткевічу. Буду вельмі рады, калі гэтая задума ажыццявіцца ўжо сёлета, у год юбілею знакамітага пісьменніка, чыю творчасць я вельмі люблю.   

— Няўжо ў вас знаходзіцца час на чытанне кніг Караткевіча?

 — Вядома. На старонках яго твораў схаваны адказы на пытанні аб беларускай адметнасці. Караткевіч зрабіў тое, што аднаму чалавеку, здавалася б, не пад сілу: лічу, менавіта ён абудзіў цікавасць да гістарычнай мінуўшчыны цяперашняга пакалення беларусаў. Гэты пісьменнік і сёння пакуль не асэнсаваны да канца. Чытаючы яго, штораз адкрываеш нешта новае.

 — Напэўна, вы можаце чытаць Караткевіча ў арыгінале… 

— Сапраўды, нашы мовы вельмі блізкія, і зазвычай удаецца паразумецца без перакладчыка. Каб чытаць прэсу, майго ўзроўню ведання беларускай цалкам дастаткова. Але калі бярэш у рукі шэдэўр Коласа або Караткевіча, часам сутыкаешся з пэўнымі цяжкасцямі. Пакуль я не магу пахваліцца дасканалым валоданнем беларускай, але да гэтага імкнуся.  

— Наколькі я ведаю, вы ўваходзіце ў Клуб паслоў, якія вывучаюць беларускую мову…

— Так, акурат сёння мы збяромся на чарговае наша пасяджэнне. Атмасфера вельмі прыязная, і ніхто не стане з цябе смяяцца, калі ты зробіш памылку ў вымаўленні беларускага слова. Пакуль што ў клуб уваходзяць паслы Літвы, Польшчы і Швецыі, кампанію нам складае былы Пасол Беларусі ў Польшчы, цяперашні міністр культуры Павел Латушка.  Але сярод дыпкорпуса, акрэдытаванага на Беларусі, гэтая ініцыятыва становіцца ўсё больш папулярнай. Дзверы клуба адкрыты для ўсіх дыпламатаў, і таму, спадзяюся, наша кола будзе пашырацца.

Увогуле, веданне мовы суседа  — гэта і павага да яго самабытнасці, і ўзбагачэнне сваёй роднай мовы. У беларускай ёсць шмат слоў, якія вельмі дакладна адлюстроўваюць тую або іншую з’яву рэчаіснасці, і пры перакладзе  часцінка іх семантыкі губляецца.   

Што да папярэдняга вашага пытання… Маеце рацыю: мы, славяне, павінны гаварыць міжсобку кожны на сваёй мове, аднак разумець адно аднаго без перакладу.

 Ілля СВІРЫН

 Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Цуд паўсядзённай  рэчаіснасці

 Фотаздымак як спосаб спазнання жыцця заўсёды дае магчымасць адкрыць для сябе і іншых цуды паўсядзённай рэчаіснасці. Менавіта гэтую думку выказвае праз свае работы вядомы ўкраінскі фотамастак Ігар Гайдай, выстаўка якога адкрылася  ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Па словах фотамайстра, апошнія гады ён працуе над некалькімі серыямі фотаздымкаў, што адлюстроўваюць як  Космас чалавека, так і сімвалы ўкраінскай зямлі. Адзін з іх — звычайны хлеб. Не выпадкова выстаўка ў Нацыянальнай бібліятэцы пачынаецца з серыі фотаздымкаў “Космас украінскага хлеба”. І хоць прадстаўлены толькі шэсць работ, аднак і яны, па словах фатографа, змогуць даць уяўленне аб сімвалічнасці значэння хлеба, які, як і адбітак далоні чалавека, мае свой непаўторны ўзор.   

Шэсць гадоў спатрэбілася на рэалізацыю яшчэ аднаго праекта Ігара Гайдая  — “Украінцы. Пачатак трэцяга тысячагоддзя”, дзе прадстаўлены розныя слаі насельніцтва: вядомыя палітыкі і спартсмены, рабочыя і сяляне. Па меркаванні фотамастака, альбом з гэтай серыяй — своеасаблівая псіхатэрапія, сведчанне таго, што кожны чалавек варты ўвагі да яго як да асобы. Відавочна, падобную функцыю выконвае і праект “9 месяцаў + 3 дні”, які фотамастак ажыццявіў разам з жонкай. Яго галоўная ідэя, па словах аўтара, — паказаць шчырую любоў да дзяцей толькі ўжо за тое, што яны нарадзіліся на свет. Адметна, што ў праекце ўдзельнічалі 50 сем’яў, а ўсім нованароджаным на момант фотасесіі ў сярэднім было    ўсяго каля трох дзён.  

У бліжэйшых планах Ігара Гайдая, які ўпершыню наведаў Беларусь,  — зрабіць фотаздымак з самай высокай кропкі бібліятэкі і зафіксаваць краявіды, размешчаныя навокал,  узоры, зробленыя на снезе людзьмі і аўтамабілямі. Па словах фотамастака, у Мінску ён паспеў “пазнаёміцца” толькі з праспектам Незалежнасці.  Тым не менш, Ігар Гайдай адзначыў, што ўпершыню ўбачыў практычна не змененую адметную архітэктурную стылістыку пасляваеннага часу.

К.А.