Праверка на кампетэнтнасць

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

У чаканні позняга цягніка ў метро, міжволі сузіраючы на плазменным экране чарговы айчынны “клон” расійскай эстрады, чый кліп стаў маляўнічай ілюстрацыяй паняцця “візуальны штамп”, задумаўся над спрадвечным пытаннем: “Хто вінаваты?”.

 Здавалася б, дзяржава зрабіла для айчыннага шоу-бізнесу ўсё магчымае, але вяртання гэтых інвестыцый у выглядзе шэрагу якасных, адметных і канкурэнтаздольных праектаў мы пакуль  не дачакаліся.   Тое, што мы бачым на тэлеэкранах  або чуем па радыё, — лакмусавая паперка ўзроўню мыслення і кампетэнтнасці беларускіх прадзюсераў. Але тут паўстае іншае пытанне: як павысіць ступень іх кампетэнтнасці?  На адным з нядаўніх заняткаў кандыдата педагагічных навук Алены МАКАРАВАЙ студэнты глядзелі і аналізавалі відэазапіс канцэрта легендарнага гурта“Nazareth” з Лонданскім сімфанічным аркестрам. Важны складнік першай на Беларусі праграмы “Тэхналогія прадзюсерства: асновы прадзюсерскай дзейнасці ў сферы музычнай індустрыі”, распрацаванай ёю для студэнтаў спецыялізацыі “Менеджмент сацыякультурнай сферы” БДУКіМ, — знаёмства  з лепшымі ўзорамі сусветнага шоу-бізнесу і распрацоўка ўласных праектаў з арыгінальнай канцэпцыяй.  Яе стваральнік ахвотна пагадзілася паразважаць на тэму, якімі ведамі павінен валодаць прафесійны прадзюсер.

 

Калі міне час дзялкоў

 

— Да сярэдзіны ХХ стагоддзя пытання аб спецыяльнай адукацыі для прадзюсераў нават не паўставала. Бо само прадзюсерства было з’явай толькі эканамічнага характару: навукова-тэхнічны прагрэс, развіццё музычнай і кінаіндустрыі абумовілі патрэбу ў адмысловым класе дзялкоў — пасрэдніках паміж стваральнікамі і аўдыторыяй, прычым апошнія маглі разлічваць на някепскія дывідэнды. Але віды мастацкай практыкі ўсё больш ўскладняліся, і з часам стала зразумела, што гэтая прафесія куды больш складаная і шматгранная. Наспела патрэба інтэлектуалізацыі прадзюсерства.

Мая настольная кніга — праца“Маркетынг у сферы мастацтва і культуры”. Таму слушна сцвярджаецца, што законы эканомікі ў чыстым выглядзе не спрацоўваюць у сферы мастацтва. Менавіта таму іх веданне — зусім не адзінае патрабаванне да прадзюсера. Адукацыя такіх спецыялістаў павінна ахапіць як мастацкі, так і эканамічны аспекты.

У нас паняцці “дзялок” і “прадзюсер” пакуль яшчэ ўспрымаюцца як сінонімы.  Але час дзялкоў у шо-бізнесе мінае. Сённяшні спажывец— чалавек патрабавальны, здзівіць і зацікавіць яго становіцца ўсё цяжэй. Больш за тое: сучаснаму чалавеку даступны велізарны аб’ём інфармацыі— і гэта дазваляе яму выбіраць. Як сцвярджаюць аналітыкі, з дзесяці музычных праектаў, якія запускаюць сёння расійскія мэйджэрлэйблы, толькі два прыносяць прыбытак. Раней гэтая лічба была куды большая. Таму айчынным прадзюсерам варта задумацца: ці вытрымаюць яны праверку на кампетэнтнасць?  

Я веру ў нашу публіку і спадзяюся, што з часам яна стане яшчэ больш адукаванай і патрабавальнай. І, адпаведна, будзе абіраць той мастацкі прадукт, дзе ёсць густ, крэатыў,інавацыя, спалучаная з традыцыяй. А спекуляцыі на чужых ідэях папросту застануцца незапатрабаванымі. Сапраўды, можна “злавіць хвалю” і знайсці спажыўца нават для нізкаякаснага прадукту. Але шанц зазвычай выпадае толькі аднойчы.

 

Менеджэрскі сіндром

 

— Па вялікім рахунку, прадзюсерамі не становяцца — прадзюсерамі нараджаюцца. Ёсць такое паняцце: менеджэрскі сіндром. Зазвычай, ён праяўляецца яшчэ ў дзіцячым садку. Вядома, у працэсе выхавання гэтыя задаткі можна як змарнаваць, так і развіць.   

Але, апрача лідэрскіх якасцей,  крэатыўнага мыслення і, вядома,  інтуіцыі (куды ж без яе?), прадзюсеру  патрэбны таксама і пэўны комплекс ведаў ды навыкаў. Напрыклад, уменне вызначыць дынаміку сацыякультурных патрэб розных мэтавых груп. Апошняе, у сваю чаргу, немагчымае без ведання гісторыі роднага краю.  

Навошта яе ведаць? Вось выпадак з практыкі. Выканаўца робіць тур па гарадах Беларусі. Дзесьці ён збірае поўную залу, а дзесьці прадаюцца лічаныя білеты. Прадзюсер толькі  паціскае плячыма: у чым прычына? Калі б ён ведаў асаблівасці культурных традыцый беларускіх этнарэгіёнаў, гэтага правалу можна было б унікнуць. Але, на жаль, у нашым шоу-бізнесе не хапае культуралагічнага падыходу, хаця ён становіцца надзённа важным для аналізу працэсаў у гэтым зменлівым свеце.  

Я прыгадваю меркаванне вядомага нашага кліпмейкера Уладзіміра Янкоўскага: каб здымаць добрыя кліпы, трэба прагледзець тысячы гадзін відэа (уключна з італьянскімі неарэалістамі і “новай хваляй”) і адслухаць тысячы гадзін музыкі— ад блюза да эмбіента. Толькі засвоіўшы гэты велізарны культурны пласт, можна лічыць сябе майстрам і ствараць якасны прадукт. Тое  ж самае    тычыцца і прадзюсерскай дзейнасці.

 Аналізуючы ўдалыя музычныя праекты, зазвычай можна зразумець прычыны трапляння ў “яблычак”. Шараговы слухач не падрыхтаваны да ўспрыняцця класічнага джаза, але ж пэўныя элементы гэтай стылістыкі цешаць яму вуха сваёй навізной. Ён зусім не фанат хард-рока ў чыстым выглядзе, але рэагуе на ўласцівы таму драйв. Ён мала абазнаны ў народнай культуры, але ж ставіцца да яе прыхільна, і таму прымае нацыянальны мелас. Гэта штрыхі да партрэта поспеху аднаго з самых папулярных беларускіх гуртоў — “Ляпіс Трубяцкой”.  Для стварэння такой вынаходлівай эклектыкі патрэбны і веды, і крэатыўнае мысленне.  

Некаторыя нашы артысты або прадзюсеры кажуць: маўляў, дайце нам грошы, і мы зробім прадукт сусветнага ўзроўню. Няпраўда! Я ім не веру. На занятках мы не так даўно аналізавалі шоу Селін Дыён, якое прынесла спявачцы астранамічныя (наватпа заходніх мерках) прыбыткі. Але сакрэт поспеху трэба шукаць не толькі ва ўкладзеных сродках. Гэта высокі ўзровень сцэнічнай культуры і вакальнага майстэрства, гэта культурныя традыцыі, высокая ступень крэатыўнасці, гэта зладжаная праца каманды, якая ведае законы драматургіі і глядацкага ўспрымання. Сцэнаграфія, гукарэжысура, камп’ютэрныя тэхналогіі, піратэхніка — таксама істотныя фактары, але яны ўсё ж —  другасныя.

Стварэнне такіх узораў шоу-прадукту патрабуе не толькі грошай, але, у першую чаргу, інтэлекту. Надышоў час інтэлектуалізацыі прадзюсерскай дзейнасці. Сёння яна патрабуе глыбокага разумення законаў і спецыфікі  стварэння мастацкага прадукту. Гэтую думку неаднаразова выказваў аўтарытэтны спецыяліст у вобласці эстрады і шоубізнесу Аляксандр Капілаў.

А грошы можна “закапаць у зямлю”, як той Бураціна. І потым доўга чакаць плённага ўраджаю.  

 

Адукацыя  з апярэджаннем

 

— Каб рэалізаваць прадзюсерскі праект, яго аўтар павінен умець працаваць з артыстамі, кампазітарамі, паэтамі, харэографамі, валодаць піартэхналогіямі, ведаць, што такое фандрайзінг, пачувацца “сваім чалавекам” у студыі гуказапісу, быць “падкаваным” у плане аховы аўтарскіх правоў... Ствараючы навучальную праграму, я пастаралася ахапіць усе гэтыя шматлікія і разнастайныя аспекты прафесійнай падрыхтоўкі прадзюсера. Асноўная форма семінарскіх заняткаў — дыскусіі, прадугледжаны таксама і лабараторныя, пад час якіх студэнты праходзяць усе этапы стварэння праекта.  

Але справа ў тым, што прафесію прадзюсера ў аўдыторыі не засвоіш. Каб навучыць турменеджэра, яго трэба пасадзіць у аўтобус разам з артыстамі і даць магчымасць праехаць увесь гастрольны маршрут. Толькі тады можна зразумець, што тэхнічны і канцэртны райдэры — гэта зусім не прыхамаці.

Мне давялося вывучаць практыку падрыхтоўкі прадзюсераў у Расіі — у  Дзяржаўным універсітэце кіравання. Аўтарскія курсы там мелі ці не ўсе аўтарытэтныя асобы расійскага шоу-бізнесу: Аляксей Казлоў, Ігар Матвіенка, Арцёмій Троіцкі... Гэта былі своеасаблівыя майстаркласы,дзе аналізаваліся алгарытмы паспяховых праектаў і наогул падыходаў да прадзюсерскай дзейнасці.  

На Беларусі таксама ёсць прафесіяналы-практыкі, якія хочуць і могуць перадаць свае веды. Але іх інкарпарацыя ў адукацыйны працэс мае адну істотную праблему: навуковых ступеняў такія людзі зазвычай не маюць, і таму памер іх выкладчыцкага заробку будзе мізэрны. Магчыма, такое супрацоўніцтва патрабуе іншай мадэлі: навучальная ўстанова заключае дамову з прадзюсерскім агенцтвам і адрасна скіроўвае туды на практыку некалькіх студэнтаў — тых, каму гэта сапраўды патрэбна. Менавіта ўключэнне ў жывы працэс можа забяспечыць неацэнным досведам.

 Сказваецца і нястача спецыялістаў у сферы эканомікі культуры — у нас гэтую галіну пакуль не заўжды вылучаюць з эканомікі невытворчай сферы наогул. Знайсці такіх выкладчыкаў для любой ВНУ — вялікая праблема.  

Каб зрабіць новы праект, трэба ўмець ухапіць схаваныя тэндэнцыі рынку, тыя патрэбы аўдыторыі, якія пакуль  не рэалізаваны. Кан’юнктура ў шоу-бізнесе істотна змяняецца раз на тры гады. Таму падрыхоўка прадзюсера павінна мець апераджальны, прагнастычны характар.  

Пагадзіцеся, задача — не з лёгкіх. Асабліва калі ўлічыць, што ў нас  на сёння яшчэ недастаткова развіта сацыялогія культуры, якая займаецца вывучэннем дынамікі патрэб і інтарэсаў аўдыторыі. Адсутнасць аналітычных даследаванняў мае вынікі і ў практычнай дзейнасці.  

На маю думку, найлепшы спосаб вырашэння ўсіх гэтых праблем — кансалідацыя зацікаўленых спецыялістаў з розных ВНУ. У гэтай сферы вельмі важны абмен досведам. Тым больш, казаць пра якую-кольвек канкурэнцыю сёння не выпадае. 

 

Сам сабе прадзюсер

 

— Цікавы факт. Дыплом прадзюсера атрымалі або атрымліваюць многія “дзейныя” зоркі поп-музыкі. Гэта нармальная практыка. Бо дасведчаныя артысты цудоўна разумеюць: у шоу-бізнесе  нямала прыкладаў, калі выканаўца трапляў “пад абцас” свайго  прадзюсера. Грунтоўныя веды дазваляюць выбудоўваць правільныя адносіны і абараняць свае правы.  

Многія беларускія артысты займаюцца самапрадзюсіраваннем.Такі падыход зразумелы: згуртаваць вакол сябе цэлую каманду прафесіяналаў можа сабе дазволіць далёка не кожны. Ды і знайсці сапраўдных прафесіяналаў не так і лёгка.

Да таго ж, нямала артыстаў, якія разумеюць, што іх сцэнічная кар’ера з часам можа закончыцца. Але атрыманыя веды і навыкі дазволяць працаваць у шоў-бізнесе ўжо ў іншай іпастасі — свайго кшталту “трэнера”.   

Паводле сусветнай практыкі, толькі адзін з трох прафесійных прадзюсераў становіцца паспяховым. Далёка не ўсе студэнты, якіх мне даводзілася навучаць, здолелі замацавацца ў гэтай прафесіі. Але, паколькі я адсочваю іх лёсы, магу сказаць, што атрыманыя веды пайшлі на карысць. Сёння многія сферы жыццядзейнасці патрабуюць тых ведаў, што прадугледжвае падрыхтоўка прадзюсера. Асновы піару, праектнага і фінансавага менеджменту дазваляюць рэалізавацца ў іншых сферах: турызм, рэклама, СМІ... Або, ва ўсялякім выпадку, навучыцца рэалізоўваць свае асабістыя праекты —  прадзюсіраваць уласнае жыццё. Пагадзіцеся, гэта таксама немалаважна.

Ілля СВІРЫН