Суперпляцоўка па сучасных патрабаваннях

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Матэрыялы гэтага выпуску “Соцыуму” прысвечаны тэме прадзюсерства — у розных яе вымярэннях. Насуперак стэрэатыпам, гэтая з’ява ахоплівае (ці, прынамсі, павінна ахопліваць) як шоу-бізнес, так і імпрэзы ў сельскіх дамах культуры. Бо ў ідэале прадзюсер — гэта не толькі “дзялок”, але і “культуртрэгер”, які ставіць задачу чымсьці ўзбагаціць наша культурнае асяроддзе, а разам з тым — і ўсіх нас. У той самы час, як неаднаразова падкрэслівалася на выніковых пасяджэннях калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, сацыяльныя ініцыятывы таксама павінны ўтрымліваць эканамічны складнік. Як зрабіць прадзюсерства ў сферы шоу-бізнесу паўнапраўнай сацыя-культурнай дзейнасцю, а грамадсказначныя праекты забяспечыць эфектыўным інструментарыем прадзюсерства? Змешчаныя ніжэй матэрыялы спрабуюць знайсці адказы на гэтыя няпростыя пытанні.

Прыехалі артысты ў вёску, а там — філармонія

Пачнём афіцыйна: у адпаведнасці з Праграмай адраджэння і развіцця сяла, разлічанай на перыяд  да 2010 года, на базе буйных сельскіх дамоў (цэнтраў, палацаў культуры) ствараюцца філіялы ці пляцоўкі філарманічнага і тэатральнага абслугоўвання насельніцтва. Сёлета іх мае адкрыцца 46: у кожнай з абласцей —  ад 5-ці да 9-ці. Пра гэта вядзецца гаворка і ў Пратаколе выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Як жа планы ажыццяўляюцца на справе, высвятляў карэспандэнт “К”.

 

Ад “кропак” да “сеткі”

 

 — Такія пляцоўкі, —  пракаменціраваў стан працы па стварэнні пляцовак філарманічнага і тэатральнага абслугоўвання намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, —  ствараюцца паўсюль, дзе ёсць адпаведная база. Бо кірунак узяты не на навабуды, што патрабуюць вялізных грашовых укладанняў, а, найперш, на тыя ўжо існуючыя залы, якія неабходна давесці да ладу, каб яны адпавядалі сучасным патрабаванням. У перспектыве яны павінны стаць пастаяннымі канцэртна-тэатральнымі пунктамі і сфарміраваць сетку, якая ахопіць усю рэспубліку, а не толькі тыя ці іншыя рэгіёны. Ужо сёння абласныя філармоніі заключаюць дамовы з некаторымі з іх для правядзення пастаяннай гастрольна-канцэртнай дзейнасці. Вельмі важна, што пасля праведзенага рамонту і ўсталявання гукавой і светлавой апаратуры на такіх пляцоўках могуць выступаць не толькі самадзейныя, але і прафесійныя артысты і невялікія творчыя калектывы, уключаючы тэатральныя: спектаклі могуць ісці амаль без  творчых страт —  здавалася б, непазбежных пры пераносе пастаноўкі на “чужую” сцэну.

 

Навошта клавішы “раялю”

 

Яшчэ некалькі гадоў таму наяўнасць на сельскай сцэне піяніна была, хутчэй, выключэннем з правілаў. Куды большым попытам карысталіся канцэртныя брыгады з баяністам, а не піяністам. З апошнімі здаралася безліч гісторый. Як распавядаў некалі кампазітар Эдуард Зарыцкі, што ўсю сваю камсамольскую маладосць правёў у паездках па рэгіёнах, наяўнасць піяніна, нават больш ці менш настроенага, яшчэ не была залогам паспяховага выступлення. Прыязджаюць у адзін сельскі клуб —  усё нармальна, піяніна на месцы. “Ці настроена яно ў вас?” —  “Настроена, настроена. Учора майстар нейкі з горада прыязджаў, увесь дзень корпаўся. Сказаў, каб абы-хто на ім не “тромкаў” і каб крышку некалькі гадзін не адкрывалі, а то ўся настройка марнай будзе. Мабыць, з-за перападу тэмператур звонку і знутры? Вы ж гэта лепей ведаеце...” Кампазітар, вядома, здзівіўся, але крышку ўсё ж адкрыў. І —  не паверыў сваім вачам: на месцы клавіятуры была пустэча, аздобленая, бы курам на смех, адной-адзінай “сіратлівай” клавішай. Грай —  не хачу! Сёння “здабыць” новы інструмент для клуба —  грошы, як-ніяк, вялікія. Але, здараецца, піяніна дораць, “перадаюць у спадчыну” —  адным словам, хто шукае, той і знаходзіць.

 

Умовы дыктуе…

 

— Галоўнае для філарманічнай пляцоўкі —  каб было піяніна, —  пацвярджае начальнік аддзела ўстаноў культуры і мастацтва Мінаблвыканкама Валянціна Макарава. —  І ў такім стане, каб яго можна было настроіць. Таму разглядаем самыя розныя прапановы. Найперш, звяртаем увагу на ўстановы культуры з добрай залай. Памеры —  рэч другасная, бо ўсё залежыць ад колькасці насельніцтва, і зала, разлічаная на больш наведвальнікаў, чым, скажам, ёсць у гэтым населеным пункце, нікому не патрэбная. У поле зроку трапляюць не толькі палацы і дамы культуры, але і іншыя ўстановы: цэнтры культуры і адпачынку, профільныя навучальныя ўстановы. Бо залы ў дзіцячых музычных школах ці школах мастацтваў, можа, і не самыя прасторныя, але ўладкаваныя, заўсёды з піяніна. Ну, а далей —  абраную пляцоўку ўдасканальваем: дзесьці замяняем крэслы, паляпшаем эстэтычны выгляд залы, закупляем больш сучасную апаратуру —  гукаўзмацняльную, светлавую. Зноў-такі, у кожным асобным выпадку ўмовы дыктуе сама пляцоўка і яе ранейшы стан. А калі ўсё завершана, праводзім урачыстае адкрыццё з традыцыйным разразаннем стужкі і запрашэннем лепшых артыстаў, нават са сталіцы.  

 

Вам артыстаў “жыўцом”? 

 

Сярод самых, бадай, запатрабаваных на сяле сталічных калектываў —  Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”, які нядаўна справіў сваё 25-годдзе.

— Толькі што вярнуліся з Брэстчыны, —  падзяліўся ўражаннямі перад  гастролямі на Гродзеншчыну дырэктар “Свята” Дзяніс Святлічны. —  Пяць канцэртаў, чатыры з іх —  у аграгарадках. А колькі яшчэ будзе да 8-га Сакавіка —  не злічыць! І тое, што мы бачым пад час вандровак, не можа не радаваць, бо ў будынках робіцца не касметычны рамонт, а комплексны, усталёўваецца сучасная апаратура.

— За гады працы ў ансамблі, — падхапіў адзін з салістаў “Свята” Вячаслаў Статкевіч, —  нагледзеўся многага. Раней, калі нашы выступленні былі для вяскоўцаў бясплатнымі і аплачваліся за дзяржаўны кошт, дык, здаралася, прыязджаем у калгас, а старшыня бурчыць: “Вось вам грошы —  і з’язджайце, няма чаго людзей ад працы адрываць”. Ці, наадварот, сілком публіку ў залу літаральна заганялі, каб забяспечыць “масавасць”. Цяпер жа ўсё дабраахвотна, кожны сам білет купляе —  і залы паўнюткія. Пагадзіцеся, прыемна прыйсці не ў халодны, без ацяплення, будынак, а ў цывільную залу. Праўда, публіка бывае розная. І хаця мы перад кожным канцэртам папярэджваем, што здымкі на відэакамеру забаронены, усё роўна хто-небудзь ды знойдзецца, хто будзе ўпотай здымаць нашы нумары, а потым капіраваць у той жа самадзейнасці. З’явіліся і шматлікія аднайменныя ансамблі. Бывае, тэлефануем у раён, дзе ніколі не былі, а нам у адказ: “Ваша “Свята” ў нас выступала тыдзень таму”. Дый наогул, шмат залежыць ад саміх людзей. У адным рэгіёне ўсёй вёскай да нашага прыезду рыхтуюцца, а прыязджаеш у другі —  нават снег разгрэбці не могуць, хаця выпаў ён ужо колькі дзён таму: так і сягаем да Палаца праз сумёты. Дый фігура старшыні райвыканкама  бывае вызначальнай. Даўно ўжо заўважылі: калі кіраўніцтва на канцэрце, дык у зале —  супераншлаг, яблыку няма дзе ўпасці. Выступалі б мы і болей, але два канцэрты на дзень для нас —  максімум: мы ж працуем выключна “жыўцом”. А транспарт каштуе нятанна... 

Дадамо: транспарт, здараецца, —  гэта яшчэ і рызыка. Смех смехам, але ўдзельнікі “Свята” могуць з поўным правам называць сябе “артыстамі пагарэлага тэатра”, дакладней — аўтобуса. І не толькі яны, але баяніст Уладзіслаў Плігаўка,ударнік-віртуоз Сяргей Шаптуноў і ўсе тыя, хто, падхапіўшы музычныя інструменты і сцэнічныя строі, выскокваў аднойчы з аўтобуса, які раптам задыміў і загарэўся. Можа, каму з “пацярпелых” сёння весела ўзгадваць, што “ўсяго толькі футаралы абгарэлі, ну, яшчэ касцюмы крыху”, і жартаваць, што як выйшлі на сцэну, дык публіка здзіўлена: адкуль гэта дымам цягне?

 

Ад “увядзення ў строй”  да “платных паслуг”

 

Стварэнне адноўленых канцэртна-сцэнічных пляцовак падпарадкоўваецца строгаму плану. З яго выкананнем, як нам падалося, асаблівых пытанняў не ўзнікае. Начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк так і сказаў, бы “адрэзаў”: “Праблем няма, з планам спраўляемся”.

Здараецца, план нават перавыконваюць: скажам, у 2008 годзе на Міншчыне трэба было адкрыць 7 пляцовак, а іх з’явілася —  8. Цудоўна! Ды толькі самі па сабе пляцоўкі —  зусім не самамэта. Яны, пагадзіцеся, павінны працаваць.  

Цікава, ці дапамагаюць адноўленыя пляцоўкі ў выкананні плана па аказанні насельніцтву платных паслуг? Называць дакладныя лічбы ніхто асабліва не спяшаўся (як звычайна кажуць у такіх выпадках: “камерцыйная тайна”). Але ж ніхто і не скардзіўся. Адказвалі прыблізна так: маўляў, не хвалюйцеся, усё нармальна.

— На Случчыне, —  распавяла начальнік аддзела культуры Слуцкага райвыканкама Алена Камоцкая, —  такія пляцоўкі былі створаны на базе Казловіцкага сельскага дома культуры і Лучнікаўскага цэнтра культуры. Канцэрты адбываюцца штомесяц. За два гады, калі не памыляюся, сталічныя артысты пабывалі ў нас толькі аднойчы. Выступаюць, у асноўным, мясцовыя аматарскія калектывы, а часцей за ўсё —  выкладчыкі і навучэнцы музычных школ. Шырока практыкуем абменныя мерапрыемствы. Днямі, дарэчы, чакаем юных музыкантаў са Старых Дарог, дый самі едзем туды выступаць. На школьных канікулах правядзём чарговы Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва. Праходзяць у нас і платныя мерапрыемствы, але канцэрты для дзяцей — бясплатныя. Лічу, што гэта правільна: трэба дбаць пра выхаванне, прывіваць культуру з маленства. Тады, пасталеўшы, чалавек сам будзе ўкладаць у гэта грошы.

Яшчэ адно пытанне. Як знайсці “сярэдняе арыфметычнае” паміж коштам  на білеты ў гарадах і ў сельскай мясцовасці? Прычым такое, каб і артысты не былі ў пройгрышы, і сяльчане не пачувалі сябе “абрабаванымі”. А да таго ж, каб публіка знаходзіла сабе штосьці па гусце і, разам з тым, выхоўвалася на лепшых мастацкіх прыкладах, а не танных падробках.  

Напрацоўкамі падзяліўся дырэктар Гродзенскай абласной філармоніі Эдуард Ціховіч:

— Мы дазволілі раёнам самім фарміраваць адпаведныя замовы, зыходзячы з таго, што ў іх карыстаецца большым попытам. Праводзім і Дні культуры філармоніі ў раёне, якія доўжацца прыблізна тыдзень. Выязджаем цэлым “дэсантам”, кожны з нашых калектываў і салістаў рыхтуе свае “разыначкі”. А творчыя сілы ў нас — добрыя. Вакалісты аркестра —  літаральна нарасхват. Чаго варты ансамбль сучаснай харэаграфіі “ТАД” на чале з Дзмітрыем Куракулавым! Канцэртаў у іх —  не злічыць.  

Сапраўды, дзе б ні выступалі “ТАДаўцы” —  паўсюль аншлагі, просьбы прыехаць яшчэ. І гэта прытым, што нумары ў іх — даволі складаныя, канцэпцыйныя. Але ж —  могуць знайсці, чым “зачапіць” і спрактыкаванае журы на міжнародных конкурсах, дзе выходзяць пераможцамі, і простага сельскага гледача. У выніку —  тое, што называецца “падрыхтаванай публікай”, выхаванай самім калектывам.

 

Купляйце “сваё”!

 

Тут узнікае яшчэ адна праблема: на жаль, сваіх артыстаў мы ведаем куды менш, чым тых жа расійскіх зорак. Нават артысты “Свята”, якім, як і ансамблю Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі краіны “Бяседа”, зусім не выпадае скардзіцца на недастатковую ўвагу публікі,  і тыя заўважылі: ледзь толькі пачалі круціць па тэлебачанні рэкламу іх філарманічнага сольніка, запрашэнні літаральна пасыпаліся з усіх куткоў Беларусі. Што ж тады казаць пра менш вядомых, але таленавітых творцаў і, тым больш, пра пачаткоўцаў?  

Вялікую дапамогу арганізатарам культурна-відовішчных мерапрыемстваў можа аказаць (і ўжо аказвае!) даведнік, прысвечаны шоу-бізнесу ў Беларусі, што выдаецца трэці год запар. У ім сабраны звесткі і пра артыстаў (не толькі эстрадных, але і акадэмічных, не толькі сталічных, але і “з глыбінкі”), і пра сцэнічныя пляцоўкі, і пра разнастайныя паслугі ў канцэртна-тэатральнай сферы, уключаючы, да прыкладу, выраб касцюмаў, спецыяльных тэатральных прылад. Карацей, усё на тэму “Яўкі, паролі, тэлефоны, адрасы”, у тым ліку ўсіх раённых аддзелаў культуры. Штогод выдаўцы рассылаюць гэты даведнік па рэгіёнах. Вось толькі —  ці ўсе ім карыстаюцца? Хаця многія артысты ўжо паспелі заўважыць: у той год, калі хтосьці з іх адмаўляўся даваць свае звесткі ў чарговы выпуск даведніка (маўляў, якая з гэтага карысць?), запрашэнняў станавілася куды меней. Але ж усё роўна запрашаюць толькі таго, каго ведаюць. І згаданы даведнік можа служыць хіба “каталізатарам”, нагадаўшы, дзе і як шукаць “сваё”.  

Хтосьці ўжо марыць пра гэткі “электронны даведнік”, дзе былі б сабраны не толькі ўласна звесткі, але і невялікія відэапрэзентацыі кожнага з артыстаў і калектываў, фрагменты іх выступленняў. А хтосьці па-ранейшаму скептычна глядзіць у бок рэгіёнаў: ну што там могуць? Але той жа конкурс “Зорка ўзышла над Беларуссю” дэманструе, колькі ў нас нераскрытых талентаў і творчага патэнцыялу. А тыя ж гастрольныя туры па беларускіх аграгарадках  пераконваюць, якая ўдзячная ў нас публіка. Значыць, прызначэнне адноўленых сцэнічных пляцовак —  забяспечыць ім сустрэчу: на адпаведным узроўні і ў цёплай, сяброўскай атмасферы.  

Надзея БУНЦЭВІЧ