Стаўка на кіно

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

У Мінску працягваюцца здымкі тэлевізійнага дэтэктыўнага серыяла “Нацыянальны здабытак”. Як паведаміў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай кінапраектам старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, гэта першая цалкам самастойная кінастужка НДТРК, і яны і надалей плануюць займацца кінавытворчасцю.

“Нацыянальны здабытак”—  серыял паводле дэтэктыўных раманаў беларускай пісьменніцы Вольгі Тарасевіч. У здымках заняты  беларускія акцёры, а таксама расіяне Андрэй Сакалоў і Алена Корыкава. Плануецца, што вытворчасць усіх пяці частак  павінна завяршыцца напрыканцы бягучага года.

Нагадаем, што 23 лютага ў святочным эфіры расійскага тэлеканала была паказана стужка “Снайпер. Зброя помсты” беларускага рэжысёра Аляксандра Яфрэмава. Карціна, галоўную ролю ў якой выконвае Дзмітрый Пяўцоў, стала адным з найбольш паспяховых сумесных праектаў Белдзяржтэлерадыёкампаніі і Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Апрача “Снайпера”, у апошнія некалькі гадоў сумеснымі з кінастудыяй праектамі Белдзяржтэлерадыёкампаніі сталі серыялы “Маёр Ветраў” і “Замах”. Апошні толькі чакае выхаду на экраны. Што да “Маёра Ветрава”, то ён зведаў камерцыйны поспех: стужка была закуплена ў Расію, Украіну і нават у Японію.

Аляксандр Зімоўскі лічыць, што вытворчасць тэлекіно — адзін з перспектыўных напрамкаў дзейнасці айчыннага тэлебачання  ўвогуле і Белдзяржтэлерадыёкампаніі ў прыватнасці. Па словах яе кіраўніка, у бліжэйшых планах  — здымкі шэрагу ўласных стужак.  

С.А.