Па лабірынтах Кэрала з кубачкам збітню ў руцэ

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

Міжнародная акцыя “Ноч музеяў”, якую апошнімі дамі ладзяць і беларускія музейшчыкі, стала яскравым прыкладам таго, наколькі грамадства згаладалася па відовішчных, калектыўных арт-святах, што праводзяцца маштабна і афіцыйна. Так, правесці вечар “з густам і творча”, асабліва калі гутарка ідзе пра сталічныя магчымасці, можна дзе і як заўгодна: і ў клубе, і ў філармоніі, і ў кінатэатры, і нават дома. Аднак гэта не мае такога святочна-масавага характару, як, прыкладам, футбольны матч, Свята ўсіх закаханых, Дажынкі, дзе асабліва важны не столькі сам факт, падзея, а менавіта яе атмасфера. “Ноч музеяў” паспрабавала выканаць тры музейныя задачы за ноч: прывабіць да сябе патэнцыяльнага наведвальніка, банальна падзарабіць і — арганізаваць грамадству свята

 /i/content/pi/cult/117/370/Muzej.jpg
Ад дзвярэй — да дзвярэй

Напэўна, мала хто аспрэчыць, што двума гаспадарамі, якія вялі рэй на музейным бале ўвечары 19 мая, былі Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі і Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (НММ). Гэта не азначае, што праграма астатніх была менш годная, аднак на выбар наведвальнікаў не маглі не паўплываць такія “прыземленыя” абставіны, як месцазнаходжанне абодвух у цэнтры горада, а таксама магчымасць штогадзіну перабягаць ад аднаго музея да другога. І, што таксама выявіла двух лідэраў, гэта вялікія выставачныя плошчы, якія маглі прыняць нямала гасцей і праводзіць акцыі ў некалькіх залах адначасова.
Аўтар гэтых радкоў таксама спакусіўся згаданай зручнасцю і выбраў для сваіх начных экскурсій менавіта гэтыя два музеі.

Тая акалічнасць, што ўваход і ў адзін музей, і ў другі быў платны, на колькасць наведвальнікаў не паўплывала, хаця ў свеце падчас такіх акцый дзверы ўсіх музеяў расчынены для вольнага ўваходу. Чарга ля НММ — адзначу, вельмі і вельмі дысцыплінаваная — была такая доўгая і аніяк не скарачалася, што нагадвала студэнцкія чэргі ў дзень атрымання стыпендыі. “А месца ўсім хопіць?” — пытанне да дырэктара НММ Уладзіміра Пракапцова, які выйшаў на хвіліну на вуліцу. Нагадаем, што падчас мінулагодняй акцыі шмат людзей прастаяла ў страшэннай штурханіне ля зачыненых дзвярэй, не ведаючы, што музей адчыніць дзверы ўжо толькі каб выпусціць нешматлікіх наведвальнікаў... “Сёння зойдуць ўсе”, — упэўнена адказаў дырэктар. І сапраўды: нягледзячы на тое, што колькасць жадаючых наведаць НММ расла цягам некалькіх гадзін, залы Мастацкага музея змаглі прыняць у свае культурныя абдымкі ўсе пяць тысяч (!) чалавек.

 Начны інтэрактыў  Атмасферавось што ўразіла і запомнілася ў НММ перш за ўсё. Вялікая выставачная плошча ўмоўна была падзелена на тры часткі. Самая маленькая была акрэслена толькі што адкрытай персанальнай выстаўкай Сяргея Цімохава “Чары ночы”. Другая — гэта, зноў жа ўмоўна, класічная прастора “старога” музея, дзе знаходзіцца рускае мастацтва XVIII — пачатку ХХ стагоддзяў. Да яго арганічна падыходзіла джазавае выступленне гурта “Chiefs band”, які сустракаў музыкайусіх новых гасцей на першым паверсе і адначасова не дазваляў сумаваць і нервавацца тым, хто стаяў цяпер ужо ў новай чарзе па квіток (вулічная чарга — толькі прэлюдыя для гэтай). У мармуровапразрыстай прыбудове НММ гучала электронная музыка дзі-джэя Пашы Піянера, даючы зусім іншае псіхалагічнае ўспрыманне мастацтва пастаяннай экспазіцыі. Менавіта апошняя прасторавая частка была самай “прагрэсіўнай”, маладзёжнай, дзе і ладзіліся тэатральна-спартыўныя замалёўкі. Канешне, убачыць іх змаглі толькі самыя ўдачлівыя, за спінамі якіх менш удачлівыя маглі толькі здагадвацца, што там адбывалася.
Хто любіць Льюіса Кэрала ды іншы казачны сюррэалізм, неаспрэчна ацаніў “занальную” арт- і дызайн-прастору НММ, рухаючыся па якой, нібы гуляеш то па адных правілах, то па іншых. А некаторыя правілы ў тую ноч і ўвогуле можна было незаўважна парушаць, напрыклад, фатаграфавацца з успышкай на фоне старадаўніх палотнаў. Хаця, як потым падсумаваў вынікі У.Пракапцоў, “нічога з экспанатаў не прыйшло ў неналежны стан, не было нават семкавага шалупіння на падлозе, прыклееных гумак і іншага, ад чаго прыйшлося пазбаўляцца пасля мінулай акцыі, — усё было вельмі прыстойна”. Адчуванне сэррэалістычнай казкі надавалі і госці, многія з якіх прыйшлі ў масках, а некаторыя — у поўным карнавальным “узбраенні”. Бо заключным акордам “Ночы музеяў” было вызначэнне лепшай маскі...Калі НММ “узяў” аўдыторыю пафасам, другі музей, пра які ў народзе кажуць “той, што з гарматай ля ўвахода”, зрабіў стаўку на самі праекты. Гэтаму, напэўна, паспрыялі камерныя адасобленыя зальчыкі трохпавярховага Музея гісторыі і культуры Беларусі. Апошняя акалічнасць дазволіла арганізаваць для розных колаў наведвальнікаў акцыі і экспазіцыі на любы густ. Напрыклад, для аматараў шахмат, якіх аказалася вельмі шмат, увесь вечар працаваў куток, дзе можна было згуляць “па-старадаўняму”. Іх спецыяльна для “Ночы музеяў” па ўзорах старажытных фігурак, якія былі знойдзены ў розных кутках Беларусі, зрабіў кераміст-трэццякурснік Універсітэта культуры і мастацтваў Іван Дашкоў. Часовы тандэм кавярні цераз вуліцу і музея спарадзіў “смачную акцыю”: па старадаўніхрэцэптах былі прыгатаваны збіцень і выпечка з кунжутам, якімі бясплатна частаваліся ўсе прысутныя. А ў дадатак работніца кавярні расказвала цікаўным сакрэт прыгатавання напою. І што асабліва прыемна — пачастунка хапіла ўсім. 

Кабарэ — не кабарэ, але…


Інтэрактыўнасць стала галоўным рэактарам усёйНочы музеяў”. Конкурсы, перформансы, магчымасць пажартаваць з мастацтвам і паўдзельнічаць у несурёзным майстар-класе пад кіраўніцтвам мастака Р.Вашкевічаусё гэта вабіла начных гасцей у звычайна нешматлюдныя музеі. Супрацоўнікі музеў, якія прывыклі чакаць свайго наведвальніка ў музейнай прахалоднай пустэчы, цяпер жартавалі: маўляў, мо і ўвогуле пры музеі на пастаяннай аснове адчыніць кабарэ ці казіно, каб прывесці гледача?.. Аднак у нечым яны маюць рацыю: адчуванне сваёй далучанасці да мастацтва, досыць шырокі спектрненавязлівыхпраектаў, якія можна выбіраць сугучна сваім настрою і інтарэсам, музейная канкурэнцыя, якая спарадзіла небанальныя праекты, — вось чаго сапраўды не хапае сучаснаму наведвальніку. І “Ноч музеяў” дала магчымасць задаволіць гэтую культурную патрэбу. Праўда, на жаль, толькі на адну ноч. 

Блукала па лабірынтах
Святлана ЖУРАЎСКАЯ
Фота аўтара