І вуліца, і білборд

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Падрыхтоўка да святкавання 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча ўступіла ў актыўную фазу. Як ужо паведамляла “К”, цяпер праводзіцца конкурс на стварэнне помніка класіку беларускай літаратуры ў сталіцы Украіны. Наступным разам журы творчага спаборніцтва збярэцца на абмеркаванне праектаў айчынных скульптараў 1 сакавіка.

 

Акрамя гэтага, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь запланаваны шэраг мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці і папулярызацыі творчасці Уладзіміра Сямёнавіча. У прыватнасці, вуліца ў Рагачове, дзе ў свой час жыў пісьменнік, будзе перайменавана ў яго гонар. Пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі прадугледжаны выданне твораў класіка ў перакладзе на замежныя мовы і іх прэзентацыя. Жыхарам і гасцям сталіцы нагадаюць пра юбілей Уладзіміра Караткевіча адмысловыя білборды з выявай пісьменніка, якія з’явяцца ўздоўж цэнтральных вуліц горада.

У бліжэйшых нумарах “К” падрабязней пазнаёміць з інфармацыяй  пра здымкі чатырохсерыйнага тэлевізійнага мастацкага фільма па рамане “Каласы пад сярпом тваім”, рэжысёрам-пастаноўшчыкам якога стане Мікалай Пінігін.

 Ул. інф.