Шумана-Шапэнаўская вясна

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

7 сакавіка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі распачнецца буйны канцэртны цыкл “Мінская вясна-2010”, які прадоўжыцца больш за месяц — да канца красавіка. Сёлета ў ім возьмуць удзел музыканты з 9ці краін свету, сярод якіх, акрамя Беларусі, — Бельгія, Германія, ЗША, Ірландыя, Літва, Польшча, Расія, Францыя. Галоўныя падзеі праекта будуць прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння Фрыдэрыка Шапэна і Роберта Шумана.

Прыезду сусветна знакамітага музыканта і дырыжора Бары Дугласа многія прыхільнікі мастацтва чакаюць з асаблівым піетэтам. У мастацкага кіраўніка філармоніі, бліскучага піяніста і педагога Юрыя Гільдзюка захоўваецца буклет з VIII Міжнароднага конкурсу імя П.Чайкоўскага ў Маскве з заўвагамі “на палях” Ірыны Цвятаевай— адной з заснавальніц сучаснай беларускай фартэпіяннай школы. Насупраць прозвішча Бары Дугласа—  сціслая прарочая прыпіска: “Першая прэмія”. Невыпадкова пад кіраўніцтвам Б.Дугласа наш Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр выканае, сярод іншых твораў, Першы канцэрт Ф.Шапэна, саліраваць у якім будзе лаўрэат міжнародных конкурсаў, расійская піяністка Юліяна Аўдзеева.

Сярод іншых выбітных музычных “спатканняў” — джазавыя інтэрпрэтацыі твораў Шапэна ў выкананні польскіх музыкантаў, прэм’еры і ранейшыя творы беларускіх кампазітараў, прысвечаныя Шапэну,праекты ансамбля салістаў “Класік-Авангард”, наўпрост звязаныя з творчасцю сучаснікаў і паслядоўнікаў Шапэна. Шмат будзе гучаць і музыкі Шумана. Некаторыя творы нават будуць паўтарацца, што дасць магчымасць эстэтам параўнаць розныя выканальніцкія версіі.

Паказальна, што грыфам “Мінская вясна-2010” пазначаны далёка не ўсе сакавіцка-красавіцкія канцэрты філармоніі, а толькі, як кажуць, “самыясамыя”. І гэта, мабыць, правільна, бо дапаможа слухачам зарыентавацца ў размаітай філарманічнай афішы, дзе кожны знойдзе сабе штосьці па душы.

 Надзея БУНЦЭВІЧ