25 лютага ў Чашніках выступала артгрупа “Беларусы”. 26га ў Докшыцах— лаўрэат міжнародных конкурсаў Іскуі Абалян. Сёння ў Полацку— Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы, якую ўзначальвае народная артыстка краіны Людміла Яфімава. Чарговы канцэрт— 2 сакавіка ў Лідзе, дзе сваё майстэрства прадэманструе Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь.
— Наш калектыў,— сказаў мастацкі кіраўнік Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Віктар Бабарыкін,— неаднойчы гастраляваў на Гродзеншчыне, бывалі мы і ў Лідзе. Але цяперашняя паездка— асаблівая. І хаця кожны выхад нашага аркестра— гэта, можна сказаць, адказнасць “удвая”, выступленне ў межах дадзенага праекта надае нашым музыкантам дадатковага імпэту. Тое ж самае, лічу, адбываецца са слухачамі, завітаўшымі на той ці іншы канцэрт акцыі, бо дзякуючы ёй, кожны пачынае лепей усведамляць сваю непарыўную сувязь з краінай, якая і выяўлена ў лозунгу “Беларусь— гэта мы!”.
Такія ж пачуцці — і ў тых удзельнікаў акцыі, што ўжо паспелі правесці ў яе межах свае канцэрты. Сярод іх — Беларускі дзяржаўны Заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, які днямі вярнуўся з Брэстчыны.
— Для “Харошак” кожны праект, звязаны з Беларуссю, — дадала мастацкі кіраўнік калектыву, народная артыстка краіны Валянціна Гаявая, — гэта наша акцыя. Бо не толькі праграма “Беларусы”, але і кожны нумар, падрыхтаваны ансамблем за больш як 30гадовае існаванне, звязаны з гісторыяй, фальклорам, самой ментальнасцю беларускага народа.
Н.Б.