Прыярытэты Рэстаўрацыі

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

20 — 23 лютага Мінск наведалі прадстаўнікі сумеснай місіі UNESCO/ІКАМОС. Іх візіт супаў з тэмай пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, якое адбылося на мінулым тыдні.

Падрабязна абмеркаваўшы прадстаўленыя навуковым кіраўніком— архітэктарам Сяргеем Друшчыцам праектныя рашэнні па рэстаўрацыі і прыстасаванні колішняй рэзідэнцыі Радзівілаў, удзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы аб іх адпаведнасці прынятым рэстаўрацыйным методыкам і ўмовам выяўлення і экспанавання аўтэнтычных элементаў помніка архітэктуры. Было адзначана, што з часу  пасяджэння рады ў палацава-замкавым комплексе, якое праходзіла ў кастрычніку мінулага года, адбыліся істотныя зрухі.  На гэта, несумненна, паўплывала блізкае да завяршэння выкананне агульнабудаўнічых работ і нарастанне аб’ёму рэстаўрацыйных мерапрыемстваў.

Падрабязна былі разгледжаны прапанаваныя праектныя рашэнні па аднаўленні пашкоджаных пажарам элементаў палацава-замкавага комплексу, інкрустацый каміннай, рэканструкцыі тэатральнай залаў. Удзельнікі пасяджэння ўхвалілі методыку рэстаўрацыі насценных роспісаў, якую прадставіў мастакрэстаўратар вышэйшай катэгорыі ААТ “Белрэстаўрацыя” Уладзімір Нікіцін.  

Меркаванні членаў Навуковаметадычнай рады былі пацверджаны прадстаўнікамі сумеснай місіі UNESCO/ІКАМОС Любавай Морэвай і Міхаэлем Петцэтам,што працавалі ў Рэспубліцы Беларусь 20 — 23 лютага. У шчыльным графіку работы экспертаў міжнароднай арганізацыі асаблівае месца заняла сустрэча з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам.

Пры абмеркаванні пытанняў аховы спадчыны М.Петцэт даў высокую ацэнку ўзроўню кваліфікацыі спецыялістаў, якія праводзяць рэстаўрацыйныя работы на замкавым комплексе ў Нясвіжы. Экспертам была выказана задаволенасць з нагоды адказнай пазіцыі Міністэрства культуры ў арганізацыі дзейнасці па ахове спадчыны. Аднак, як мяркуе М.Петцэт,дасягнутыя поспехі павінны стымуляваць далейшыя намаганні па ўдасканальванні і ўмацаванні структур рэспубліканскага і мясцовага ўзроўняў, якія ажыццяўляюць кантроль за выкананнем заканадаўства па ахове спадчыны. Праводзячы работы непасрэдна на аб’екце сусветнай спадчыны, у склад якога ўваходзіць Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль, неабходна заўсёды памятаць пра належнае ўтрыманне і выкарыстанне прылеглых да яго тэрыторый. Далучыўшыся да Канвенцыі UNESCO аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, краіна ўзяла на сябе адказнасць за захаванне высокіх стандартаў арганізацыі працы на помніках усіх катэгорый, незалежна ад іх сусветнага або міжнароднага, нацыянальнага або рэгіянальнага статуса.

Л.Морэва падтрымала меркаванне свайго калегі адносна высокага ўзроўню арганізацыі работ у сферы аховы спадчыны Беларусі. З яе пункта гледжання, істотным з’яўляецца прымяненне інтэграцыйнага падыходу і выкарыстання адукацыйных праграм, наладжванне партнёрскіх зносін міністэрстваў культуры і адукацыі. Экспертам таксама быў зроблены акцэнт на важнасці работы па захаванні нематэрыяльнай спадчыны ўкантэксце палажэнняў Канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай спадчыны і адзначаны станоўчыя зрухі ў гэтым накірунку, якія назіраюцца ў Беларусі ў апошні час.

 Л.Морэва і М.Петцэт выказалі гатоўнасць садзейнічаць больш цеснаму супрацоўніцтву Беларусі і UNESCO, прапанавалі свае паслугі ў далучэнні экспертаў ІКАМОС да вырашэння найбольш актуальных пытанняў аховы спадчыны краіны, напрыклад, вызначэнні падыходаў пры выкананні работ у нясвіжскім Касцёле Божага Цела.

П.Латушка выказаў шчырую ўдзячнасць экспертам за добрую ацэнку работы беларускіх спецыялістаў у сферы аховы спадчыны. Пры гэтым быў пацверджаны безумоўны прыярытэт міжнародных норм і нацыянальнага заканадаўства пры правядзенні мерапрыемстваў на помніках даўніны. Сваёй дзейнасцю Рэспубліка Беларусь пацвярджае прыхільнасць высокім стандартам, пра што сведчыць пастаянная ўвага з боку Прэзідэнта краіны і беларускага Урада да пытанняў аховы спадчыны, грунтоўна распрацаваная нарматыўна-прававая база сферы гэтай дзейнасці, а таксама істотныя зрухі, якія дасягнуты за апошнія гады ў падрыхтоўцы спецыялістаў-рэстаўратараў. Міністрам культуры была падтрымана думка экспертаў аб неабходнасці ўмацавання структур, што непасрэдна кантралююць выкананне заканадаўства аб ахове спадчыны, павелічэння не толькі іх колькаснага, але і якаснага складу.

Ігар ЧАРНЯЎСКІ, 

начальнік упраўлення па ахове

гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь