“Каплан з Рагачова”

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

Анатоль Львовіч Каплан — ураджэнец Рагачова. Усе знаёмыя так і называлі яго: “Каплан з Рагачова”. Ён рабіў літаграфіі паводле твораў Шалом Алейхема, ствараў карціны на іншыя тэмы і сюжэты. Некаторыя мастацтвазнаўцы параўноўвалі яго з Маркам Шагалам.

/i/content/pi/cult/251/3692/8kultura12----.gif
А.Каплан. Рагачоў. Быхаўская вуліца. 1928.
Так атрымалася, што слынны мастак Анатоль Каплан мала вядомы ў нас, на радзіме, але за мяжой яго работы выстаўляліся ў лепшых музеях. Нарадзіўся ён у 1902 г., жыў у Санкт-Пецярбургу, памёр у 1980-м. У 2007 г. сябры мастака перадалі ягоныя карціны з Дрэздэна ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Сярод гэтых работ ёсць серыя афортаў “Успаміны аб Рагачове”, у якой адлюстраваны побыт гараджан, адчуваюцца лірычны настрой, глыбокія перажыванні мастака. А альбом з аўтографам мастака захоўваецца ў Рагачоўскім музеі народнай славы.

Нядаўна дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея краіны У.Пракапцоў перадаў дырэктару нашага музея Андрэю Чарняўскаму адну з работ Анатоля Каплана і выказаў спадзяванне, што Рагачоў зойме належнае месца сярод беларускіх цэнтраў мастацкай культуры.

Міхась КАВАЛЁЎ

Рагачоў