Вам сумна? Прыходзьце да нас!

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

Што вы робіце дома доўгімі вечарамі? Тэлевізар надакучыў аднастайнасцю. Ад доўгага чытання баляць вочы. Сумна?.. І так — штодзень?

А вось у нас, у Рассветаўскім доме культуры, не сумна. Для кожнага знойдзем хвілінку, каб пагутарыць, выслухаць, параіць… Раз у месяц, па традыцыі, збіраецца “Клуб цікавых сустрэч”. Кіруе ім дырэктар ДК Наталля Папок. Тут ладзяцца
/i/content/pi/cult/251/3690/8kultura12-.gif
забаўляльныя праграмы, тэматычныя вечары, чайныя цырымоніі, размовы за “круглым сталом”… А якія байкі пры гэтым чытае кіраўнік гуртковай работы Ала Каладзінская! А якія песні спявае мастацкі кіраўнік ДК Іван Налівайчык! Словам, пад духмяны чай ды ў сяброўскім коле доўгія зімовыя вечары пралятаюць увобмірг!

Зрэдчас такія вечары вяду я. А каб нашы дзеткі не сумавалі, кірую Клубам дзіцячай творчасці “Маленькая краіна”: збіраемся ў “кніжным доме”, мае сябры-выхаванцы разгадваюць красворды, малююць, чытаюць, проста гуляюць ці “сакрэтнічаюць”. Але ўсе яны без выключэння сілкуюцца творчасцю, што пануе ў нашай установе.

Вам усё яшчэ сумна? Прыходзьце да нас!

Ірына ЦЫГАН,

бібліятэкар першай катэгорыі

Рассветаўскай сельскай  бібліятэкі

Клецкага раёна