Палафіты палескай Атлантыды

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

Археалагічнай знаходкай сёння мала каго здзівіш. У нетрах нашай зямлі досыць часта знаходзілі і шыкоўныя залатыя ўпрыгожанні, і непрыглядныя, на першы погляд, ды значныя для вывучэння нашай мінуўшчыны артэфакты. Але гэта не заўсёды можна адзначыць у дачыненні да азёр і балот, падобныя даследаванні якіх адбываліся значна радзей. Тым не менш, у багне, на дне вадаёмаў знаходзілі танкі, самалёты ды зброю перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Як ні дзіўна, але ў першабытнасці для пэўных рэгіёнаў Еўропы былі характэрны надводныя пабудовы, так званыя палафіты, старажытныя пасяленні, пабудаваныя на драўляных палях, ля берагоў рэк і азёр, у забалочаных месцах. Упершыню рэшткі такога першабытнага паселішча былі знойдзены гісторыкам Фердзінандам Келерам на беразе возера каля Цюрыха ў 1854 г., пасля чаго цікавасць да такога кшталту археалогіі пачала пашырацца ў многіх краінах свету.

Не выключана, што палафіты існавалі і на тэрыторыі нашай краіны. Гэтую гіпотэзу падтрымліваюць і разнастайныя легенды ды паданні, дзе гаворка вядзецца пра будынкі,што з-за чалавечага фактару знікалі пад вадой і зямлёй, падобна  да славутай Атлантыды. Каб знайсці сляды надводных пабудоў на Беларусі, варта звярнуцца да кнігі гісторыка Г.Татура, выдадзенай у Мінску ў 1892 г., дзе зроблены спробы аналізу гэтай з’явы.  

 Акрэсліваючы ў выданні “Очерк археологических паметников на пространстве Минской губернии и их археологическое значение” тэрыторыю пашырэння паселішчаў такога тыпу, гісторык паведамляе, што выпадкова ў нас былі заўважаны сляды надводных пабудоў: “...В уездах: Речицком, Мозырском и Пинском, т. е. вообще на Полесье, а также у верховьев Березины; в прилегающих кним болотах и озерах Борисовского уезда”, якія сёння размешчаны ў межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка.  

Мяркуецца, што развіццё будаўніцтва палевых паселішчаў існавала пераважна з эпохі неаліту і  грунтавалася выключна ў мэтах бяспекі: такія пабудовы непадалёк вады, а тым больш — на балоце, лёгка было абараніць ад ворагаў. Да таго ж, размяшчэнне вёскі на неўрадлівай зямлі забяспечвала эканомнае і рацыянальнае выкарыстанне каштоўных сенажацяў і палёў, прыдатных для сельскай гаспадаркі. Тым больш, як сведчаць заходнееўрапейскія даследчыкі, насельнікі палафітаў — адны з першых аселых плямёнаў. Жыхары балотных паселішчаў былі ўжо земляробамі, разводзілі хатніх жывёл, займаліся паляваннем і рыбалкай. І дзякуючы таму, што ў азёрнай і балотнай вадзе арганічныя матэрыялы выдатна захоўваюцца і не падвяргаюцца акісляльным працэсам, у археолагаў ёсць магчымасць стварыць дэталёвую карціну жыцця гэтых плямёнаў у перыяд неаліту і больш позні час.

Г.Татур, падкрэсліваючы значнасць палескіх балот у кантэксце гісторыі ўсёй Еўропы, быў перакананы, што іх дэталёвае археалагічнае даследаванне можа прынесці шэраг цікавых адкрыццяў, у тым ліку новыя сведчанні пра існаванне так званага “Герадотавага мора”: “Полесские болота, по обширности своей, занимают, бесспорно, самое грандиозное место в Европе и, если бы их исследовать хотя частями, дали бы нам безмерное, может быть, больше всех других стран, количество не только предметов от надводных свайных строений, но и также особенных предметов, которых, как допускают, можно ожидать только от бывшего дна морского”.  

Дзякуючы ўласцівасцям вады, у вільготнай глебе не раскладаюцца нават харчовыя прадукты. Археолагі маюць шанц знайсці ў тых месцах, дзе некалькі тысячагоддзяў таму знаходзіліся палевыя вёскі, не толькі рэшткі дрэва ці тканін, але і прадукты, якімі харчаваліся нашы даўнія прашчуры. “Там встречаются: многие изделия из кости, камня и разных металлов, не исключая и железа, составляющие как предметы разного употребления, так оружие и украшения; глиняные сосуды и черепки от них; кости животных, птиц и рыб, употребленных когдато в пищу;  остатки овощей и съестных припасов; разные зерна, орехи”, — паведамляў напрыканцы ХІХ стагоддзя гісторык Г.Татур.   

Цягам больш чым  ста гадоў праблема даследавання палафітаў у нашай краіне застаецца малавывучанай. Кандыдат гістарычных навук Людміла Дучыц паведамляе, што на Беларусі выяўлена месцазнаходжанне звыш ста гідраархеалагічных помнікаў: капішчы, старажытныя масты, месцы былых бітваў, культавыя камяні, затопленыя паселішчы, чаўны ды шэраг іншага.  

Маецца пэўная інфармацыя і пра навуковыя даследаванні рэчаў такога кшталту. Па звестках Людмілы Дучыц, упершыню ў 1907 г. каля вёскі Жабер Драгічынскага раёна, на рацэ Ясельда, вёўся пошук гармат, затопленых у XVII ст., у 1920-я гады падводныя раскопкі праводзіліся на месцы пераправы войск Напалеона праз Бярэзіну каля вёскі Студзёнка Барысаўскага раёна. А першыя планавыя падводныя пошукі археалагічных помнікаў распачаліся ўвогуле толькі ў 1979 г., калі былі даследаваны аб’екты ля гарадзішча Маскавічы, у рэчышчы Заходняй Дзвіны, на месцы знаходжання Барысавых камянёў.

 

*   *   *

Літаральна месяц таму Швейцарыя разам з Францыяй, Германіяй, Італіяй, Аўстрыяй і Славеніяй прадставілі Камітэту Сусветнай спадчыны UNESCO  ў Парыжы дасье “Першабытныя азёрныя паселішчы ў Альпійскім рэгіёне”, якое аб’яднала 152 археалагічныя помнікі падобнага тыпу. Бясспрэчна, добрыя перспектывы ёсць і ў нас. У кантэксце сучасных тэндэнцый папулярызацыі Беларускага Палесся знойдзеныя і адноўленыя палафіты маглі б прыцягнуць дадатковую ўвагу гасцей гэтага самабытнага рэгіёна.  

К.А.