Першапраходзец: ад узору да гравюры

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

Гэтая выстаўка, што адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, прысвечана памяці Лявона Баразны (1929 — 1972 гг.) — вядомага мастака, які з’яўляецца адным з папулярызатараў нацыянальнай тэматыкі ў беларускім выяўленчым мастацтве 1960-х гадоў.

Ён першым сярод беларускіх творцаў пачаў запісваць узоры ткацтва з нацыянальнай арнаментыкай, складаючы і сістэматызуючы асаблівасці народнага строю Гродзеншчыны, Віцебшчыны. Міншчыны, Мазыршчыны, Брэстчыны. Работа метадыстам у абласным Доме  народнай творчасці ў Гродне спрыяла яго цеснаму супрацоўніцтву з народнымі ансамблямі песні і танца. Спадчыну яго творчай дзейнасці складаюць касцюмы  для Гродзенскага ансамбля песні  і танца “Нёман”, Смаргонскага ансамбля песні і танца імя М.К. Агінскага, Навагрудскага ансамбля песні і танца “Свіцязь”. Вынікам плённай працы мастака з’яўляецца стварэнне беларускага сцэнічнага касцюма з каларытнымі рэгіянальнымі асаблівасцямі арнаментаў з мудрагелістых перапляценняў геаметрычных і раслінных матываў.

/i/content/pi/cult/251/3685/7bar.gif
Узор рэканструкцыі народнага строю.
У 1958— 1960 гг. Л.Баразной былі падрыхтаваны альбомы “Беларуская народная вопратка”, “Беларускі народны арнамент Палесся”, “Тканіны Гродзеншчыны”. Сапраўднай падзеяй у гісторыі савецкага скарыназнаўства другой паловы ХХ стагоддзя з’яўляецца ягоны альбом “Гравюры Францыска Скарыны”, выдадзены ў 1972 г. і перавыдадзены ў 1990-м.

Нястрыманая душа творцы заклікала яго да новых падарожжаў, да  вырашэння розных, часам складаных, праблем. Па сваёй патрыятычнай, пазнаваўчай, творчай дзейнасці ён ува многім быў падобны да папярэдніка — Язэпа Драздовіча.

Выстаўка, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння Леаніда Баразны, сведчыць аб шырокім прызнанні мастака — першапраходца і даследчыка. Дарэчы, у пастаяннай экспазіцыі музея знаходзіцца яго эскіз вітража “Беларуская казка”, у фондах музея — серыі графічных замалёвак з натуры і пейзажы.

Людміла НАЛІВАЙКА,

 кандыдат мастацтвазнаўства