Князь ля старой крэпасці

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

У культурным жыцці Гродна адбылася падзея: у адным з утульных дворыкаў у цэнтры горада адкрылася мастацкая галерэя “Крыга”. Першая выстаўка ў гэтай зале — экспазіцыя твораў заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны, старшыні Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Савіча.

 Майстар кніжнай і станковай графікі прадставіў у Гродне творы і на палатне, выкананыя ў змяшанай тэхніцы. Гэтая серыя работ дыялектычна працягвае яго пошукі асабістай мастацкай мовы, калі аўтар пазбягае апавядальнасці, а сваё асэнсаванне навакольнага свету перадае праз складаныя колеравыя спалучэнні, толькі час ад часу ўводзячы выяўленчыя элементы, якія ў жывапіснай канве твора н
/i/content/pi/cult/251/3682/7-s.gif
 У.Савіч. Сэрца крэпасці.
абываюць сімвалічнае гучанне. Палатно “Сцены старой крэпасці” выклікае ў свядомасці гледача дзесьці ўбачаныя эпізоды мінулага, абрыўкі ўспамінаў пра нешта далёкае, трывожнае і, разам з тым, вельмі дарагое сэрцу, дзе над усім лунае старажытны абраз. Пабудаваныя на глыбокіх, у першую чаргу, каларыстычных асацыяцыях, звязаных з духоўным вопытам мастака, творы часта апелююць да нашай гістарычнай памяці, узнаўляючы гармонію фарбаў са старых сармацкіх партрэтаў, старадаўніх беларускіх ікон.

Выява “Апостала” нагадвае твары евангелістаў на ілюмінаваных сярэднявечных рукапісах Беларусі, мрояй-марай бачыцца “Князь”, вобраз якога ва ўмоўнай прасторы ўбірае подых стагоддзяў, а “Святы” ўспрымаюцца як няісная філасофская субстанцыя, што неўпрыкмет кранае душу гледача. Мастак не імкнецца засяродзіць увагу на канкрэтыцы пэўных сюжэтаў ці матываў — ён пашырае абсягі бачання свету праз унутраную экспрэсію, духоўную энергію, скіраваную да вытанчанай прыгажосці. Аўтарскай жывапіснай інтэрпрэтацыяй каменнай сцяны пад нябесным свяцілам паўстаюць “Койданаўскія муры”, а “Восеньскі матыў” перадае эмацыянальныя ўражанні ад гэтай шматаблічнай пары года, дзе тонкая элегія спалучаецца са святочнасцю настрою.

Колеры на палотнах Уладзіміра Савіча  гучаць так чыста і меладычна дзякуючы таксама і спакойна-элегантнаму інтэр’еру новай гродзенскай галерэі. А для гараджан яна стане яшчэ адным месцам у старажытным горадзе, дзе можна сустрэцца з Яе Вялікасцю Прыгажосцю.

Марына ЗАГІДУЛІНА

Гродна