Генадзь АЎСЯННІКАЎ, народны артыст СССР , народны артыст Беларусі: “Карацей кажучы, — па-сапраўднаму”

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

19 лютага свой 75-ы дзень нараджэння адзначыў народны артыст СССР Г енадзь АЎСЯННІКАЎ. А ў нядзелю, на сцэне роднага Купалаўскага тэатра, якому ён аддаў паўстагоддзя творчай дзейнасці і ў якім сыграў каля сотні роляў, ён не толькі прымае віншаванні ад калег і ўсіх прыхільнікаў яго творчасці, але і выходзіць на сцэну ў спектаклі “Вечар” па п’есе Аляксея Дударава. Ды размову нашу з юбілярам мы пачалі ўсё ж “ад досвіткаў” яго творчай дзейнасці.

 

Ключы да амплуа

— Генадзь Сцяпанавіч, які быў дыпломны рэпертуар у вас на курсе і як сталася так, што вы, выпускнік тэатральнага інстытута, адразу атрымалі запрашэнне на працу ў Купалаўскі тэатр? Чым “бралі” экзаменацыйную камісію?

— У якасці дыпломных спектакляў ігралі “Апошніх” Максіма Горкага, “Слугу двух гаспадароў” Карла Гальдоні, два акты “Лесу” Мікалая Астроўскага, “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы… І паўсюльу мяне былі заўважныя ролі: у “Апошніх” — Якараў, у Гальдоні — Труфальдзіна, у “Лесе” я быў Шчасліўцавым (а Віктар Тарасаў — Нешчасліўцавым), у “Раскіданым гняздзе” — Стары. З “Раскіданым гняздом”, дарэчы, была цікавая гісторыя, калі потым, у тэатры, зноў давялося выконваць гэтую ролю. Мяне, маладога, назначылі “ў прыдачу” да Леаніда Рахленкі. Усе забыліся, а можа, і не ведалі пра мой дыпломны спектакль, але калі я прыйшоў на першую рэпетыцыю і адразу выдаў увесь тэкст, Барыс Луцэнка быў вельмі здзіўлены: вось, маўляў, глядзіце, як чалавек адразу ж пачынае працаваць над роляй!.. Але ж я не адзін з курса прыйшоў у Купалаўскі: усяго нас было шасцёра, у тым ліку Віктар Тарасаў, Галіна Талкачова, Марыя Захарэвіч…

 — А потым — доўгі перыяд роляў другога плана… Ажно пакуль праз пэўны час не з’явіўся “Трыбунал” Андрэя Макаёнка. Як жа сталася так, што вам прапанавалі ў гэтым спектаклі галоўную ролю?

— Гэта не зусім правільнае вызначэнне і падзел роляў на першы, другі, трэці план. Ну, як, да прыкладу, вызначыць, хто ў спектаклі “больш галоўны” персанаж:Кароль Лір ці Блазан? Фармальна, канешне,— Лір, але ж і Блазан не менш важны персанаж, без якога проста не будзе гісторыі і самога спектакля.  Калі Ірына Фларыянаўна Ждановіч аднаўляла, а, дакладней, ставіла наноў, па прынцыпе сённяшняй “Паўлінкі”, “Позняе каханне” Астроўскага, я іграў у гэтым спектаклі Дармідонта. Дык вось, па складзе свайго характару Дармідонт у многім блізкі да таго, чым я потым займаўся ўсё сваё акцёрскае жыццё. Ён атрымаўся… камедыйна-драматычны. Я свядома не кажу пра трагікамедыю, бо мне важна выявіць менавіта драматычную інтанацыю гучання ролі. Такога ж плана была і “Першая старонка” Ніны Івантэр,дзе я ўвасабляў Кольку Сярогіна. У аснове гісторыі таксама ляжыць лірыка-драматычн-акамедыйная сітуацыя, але ў нас быў большы ўхіл у драматычны бок. Вось з таго часу я амаль у кожнай сваёй ролі спрабую вышукаць, выцягнуць з матэрыялу штосьці такое, каб дадаць сваім героям крышачку драмы.

— І ніколі не ўзнікала жадання вырвацца за межы вызначанага амплуа?

— А я не лічу сябе заціснутым у нейкія вузкія рамкі. Ну што ж тут аднолькавага, калі ўзяць такіх маіх персанажаў, як Ванюшын у “Дзецях Ванюшына” і Дзядок-веселунок у “Прыгодах Заранкі і Янкі”?  

— Значыць, адчуванне ўласнай скаванасці ў амплуа залежыць, у першую чаргу, ад унутранага стаўлення акцёра да сваёй работы?

— Не, у большай ступені гэта залежыць ад рэжысуры. Магчыма, нейкаму рэжысёру проста не хочацца працаваць з акцёрам, займацца тым, каб раскрыць яго, і ён бярэ таго, хто, загадзя вядома, выканае патрэбную яму задачу ў патрэбным ключы.

 

Зачэпка для рэжысёра 

— А калі ў вас узнікае ўнутраная нязгода з рэжысёрам, з тым, якую трактоўку ролі ён прапаноўвае, што робіце?

— У такіх выпадках трэба адразу ж разбірацца. Бо пакуль не разбяромся, будзем таптацца на месцы. Шукаем?.. Не, не люблю гэтае слова… Як сказаў Мікалай Рэрых: “Спачатку знайдзіце, а шукаць будзеце потым”.  

— Гэта цалкам стасуецца да тэатра?

— Безумоўна! Кажа рэжысёр: “Мы пашукаем...” А што пашукаем і дзе?  Не, перш за ўсё трэба разабрацца, што хацеў сказаць аўтар, “пакапаць” сябе з пазіцый “я ў прапанаваных абставінах”, адшукаць хаця б маленечкі кручок па Станіслаўскаму: “Калі я быў бы на месцы гэтага персанажа, як  паступіў бы ў дадзены момант?”. І вось калі знойдзеш, за што зачапіцца, толькі тады можна “танцаваць” далей.

— Ці даводзілася вам быць ахвярай рэжысёрскага дэспатызму або ўдавалася выкручвацца і знаходзіць магчымасць іграць персанажа па-свойму?

— Не, асаблівага дэспатызму я на сабе не адчуваў. Было, праўда, што хоць ты трэсні, а роля ніяк не атрымлівалася…

— Значыцца, вы не давалі рэжысёру зламаць сябе ў ролі?

— Наадварот, я заўсёды пакідаў рэжысёру прастору для работы і сам прапаноўваў спрабаваць і так, і гэтак. У час работы над роляй я адключаюся ад уласных амбіцый і магу спрабаваць працаваць цалкам па-новаму. Іншая справа, што ў акцёра заўсёды павінен прысутнічаць элемент пэўнага недаверу, сумнення: “Чорт яго ведае, ці тое і ці так я раблю?” Зрэшты, тут пошук мусіць быць узаемны з рэжысёрам: ён павінен “зачапіцца” за мяне і зразумець, чаго я хачу, тады і я зразумею, што ён мне прапануе і наколькі гэта будзе арганічна для ролі.

— А ці ўзнікала ў вас на “хвалі сумненняў” і з пазіцый жыццёвага вопыту думка, што тую ці іншую сваю ролю на сённяшні дзень вы сыгралі  б іначай?

— Напэўна, не. Гадоў дзесяць таму мы спрабавалі ўзнавіць “Трыбунал”. Маёй партнёркай была Тамара Міронава. Тады яшчэ Аляксей Дудараў зрабіў нешта накшталт кампазіцыі, выкінуў чамусьці з п’есы ролю Галі, магчыма, таму, што ўбачыў у ёй шмат камсамольскага запалу… Асноўныя рэпетыцыі з трупай, пакуль акцёры вучылі тэкст, праводзіў я, потым, калі асноўная работа была праведзена, прыйшоў Валерый Раеўскі і ўжо ён выпускаў спектакль. І, канешне ж, элемент “натасквання” на тое, што было ў нашым ранейшым спектаклі, прысутнічаў. Карацей, на прэм’еры было ўсё “па-нашаму”. Не ведаю, можа, пасля таго, як сыграў Цярэшку Калабка 650 разоў, па-іншаму я яго ўжо проста не ўспрымаю?..

 

На адной прамой

— Якія са сцэнічных партнёраў вам самыя дарагія?

— Усе. Але самая дарагая, канешне, Галіна Кліменцьеўна Макарава. Цяпер узнікае нешта падобнае з Тамарай Міронавай — я яе часам у прыватнай гутарцы і называю Макаравай. Мы ж з ёю, як і з Кліменцьеўнай,  чацвёрты раз муж і жонка на сцэне. А Макарава была бліскучая актрыса; нездарма ж нехта назваў яе Жанам Габэнам у спадніцы. Варта было ёй трапіць у ролю і дакладна зразумець, пра што іграе, — ніхто не мог яе “збіць”.  Асобная размова— партнёрства ў “Паўлінцы”: там усё трымаецца ў старых рамках, і выйграе той, хто больш удала абрастае сваімі асабістымі прыдумкамі і дэталямі, часта выключна знешнімі “штучкамі”.  

— Дарэчы, у любой ролі, абрастаючы з часам дэталямі, ці складана потым вяртацца назад да стрыжня? Ці здаралася, што спектаклі на сотым, ды прыкладу, вы разумелі, што іграеце зусім па-іншаму, чым на прэм’еры?

— А гэта вельмі адчувальна, прымаюць гледачы тыя або іншыя твае “прыдумкі” ці не. Не рэагуе зала — і перастаеш гэта рабіць: навошта? А вось “Трыбунал”, дарэчы, трэба было трымаць пад пільным кантролем: гэтага патрабавала вострая форма… І можна было б вельмі проста пусціць спектакль на самацёк, асабліва пад час гастролей на сяле, калі за 10 дзён даводзілася іграць па 12 спектакляў. Але Кліменцьеўна не вельмі давала “разняволіцца” на сцэне — за гэта я ёй і ўдзячны, што  “не распусціўся”. І ўсе нашы парныя сцэны ішлі… Хацеў сказаць: “як у тэатры”… Карацей кажучы, — па-сапраўднаму.

— Калі б вам прапанавалі даць званне народнага артыста самому сабе, якія з тэатральных работ вы адзначылі б?

— Я ўвогуле не ведаю, за што даюць “народнага артыста”, ды і няёмка неяк… Калі толькі жартам і не я, а — “я з залы”, то, пэўна, адзначыў бы дзве ролі: Цярэшку Калабка ў “Трыбунале” Андрэя Макаёнка і Аўдзея ў “Страсцяхпа Аўдзею” Уладзіміра Бутрамеева.

— Яны, гэтыя ролі, для вас —  “на адной прамой”?

— Калі “Трыбунал” сышоў і застаўся толькі ва ўспамінах,  “Страсці па Аўдзею” сталі для мяне нават важнейшыя. Вось дзе сапраўдны драматызм: жыве сабе мужык і не верыць, што будзе раскулачванне і высяленне… І простая, на першы погляд, побытавая гісторыя ўзнімаецца да сапраўднай трагедыі, прычым не толькі канкрэтнага чалавека і ягонай сям’і, але і ўсёй нацыі.

— А што з несыгранага не дае вам спакою?

— Пэўна, ужо не сыграю, але вельмі хацеў, — Швейка. Надта ж вабіць мяне гэтая роля, ды ўжо не тыя гады: калі выконваць на сцэне Швейка па-сапраўднаму, давядзецца і паскакаць крыху… Яшчэ хацеў бы наноў вярнуцца да Чабутыкіна… Ды і ўвогуле добра было б пайграць Чэхава, не важна нават, што канкрэтна.

— Няўжо вам не хапіла “Вяселля”?

— Найграцца — не хапіла. Хаця  цяпер у Маскве, пад час Дзён Чэхава, нас так цёпла прымалі, расхвальвалі  і так шмат пісалі, што няёмка нават у Інтэрнет зазіраць. А што зачапіла: якраз гэты пералом ад фантасмагорыі пастаноўкі і ўласнага артыстычнага сюррэалізму — да простай чалавечай трагедыі.

 

“Эмацыянальны”?   Гэта — прэсна

— Вы ўвогуле па жыцці эмацыянальны чалавек? Адкрыта выказваеце свае пачуцці?

— Так.

    Лічыце, што гэта дрэнна?

— Не дрэнна, але думаю, часам варта быць крыху больш стрыманым. З гадамі я, праўда, стаў больш спакойным і менш выбуховым, хаця і цяпер магу “выдаць”.  “Эмацыянальны” — вельмі ўжо літаратурна гучыць, а  вось “псіх” — прыгожае слова.  Вось скажуць: “Што з яго возьмеш — эмацыянальны”, — і прэсна неяк. А пачуеш: “Што з яго возьмеш — псіх!” — і ўсе адразу разумеюць, пра што гаворка.

А як вы ад тэатра адпачываеце?

— Не прыходжу. Хаця, бывае, і сярод ночы прачнешся, станеш пракручваць у галаве тыя ці іншыя моманты ролі. Разумею, што трэба ўмець адключацца ад работы,— я тады бяру томік Чэхава ці Пушкіна, чытаю. Альбо што-небудзь смешнае, Міхаіла Жванецкага, да прыкладу… Але ж сярод ночы ўсё роўна прачынаюся…  

Як наконт “народнага характару”, які вам прыпісваюць з даўніх часін?

— А я яго заўсёды “пераадрасоўваю” майму калегу Генадзю Гарбуку, з якім сядзім у адной грымёрцы… Ну, а чаму, да прыкладу, Чабутыкін не адносіцца да гэтай плеяды?.. Так, пэўны нацыянальны каларыт таго ці іншага персанажа дасягаецца за кошт мовы, асаблівасцей гаворкі. Але ж у глыбіні сваёй, па сутнасці,  усе мужыкі — аднолькавыя, ці то ў Васіля Бялова, ці  то ў Барыса Мажаева. Я ў свой час столькі дзядоў пабачыў — будзь здароў! Вось ён скажа сваю фразу: “Ну, добра, пачакаем-пачакаем…” — і ў ёй перадасць такую надзвычайную глыбіню і народную філасофію, што болей і не трэба нічога казаць.  

Дарэчы, і вы пачалі іграць дзядоў з самых маладых гадоў.

— У тэатры — проста з ходу. А потым яшчэ і на радыё, дзе я шмат працаваў. А апрача дзядоў, перайграў там ці не ўсіх чарцей, лесуноў…  У раёнах дык мяне па голасе і пазнавалі: “Гэта не вы казку чыталі?..”

Чаго не скажаш пра кіно, бо здымаліся вы не вельмі шмат. Хацелася больш, ці вы не асабліва імкнуліся туды?

— Безумоўна, жаданне было, але ніколі не абіваў парогі і не прасіў сабе роляў. Не ведаю, трэба крыўдзіцца ці не? Ды і навошта, калі ўсё сталася так,як Бог наканаваў? Але, канешне, кінароляў магло быць і болей — я  не адмовіўся б.

Што б вы пажадалі самі сабе ў гэты дзень нараджэння?

— Праходзіць міма аптэкі. І — усё.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА

Фота Юрыя ІВАНОВА