Хто зачаруе “Мінск-Арэну”?

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

У тры этапы пройдзе Рэспубліканскі дзіцячы конкурс “Песня для Еўрабачання”, аб старце якога аб’явіла Белтэлерадыёкампанія.

У сакавіку прафесійнае журы вылучыць лепшых па выніках адборачнага тура, пад час паўфіналу ў чэрвені будуць вызначаны 10 фіналістаў,  а ў верасні  стане вядома імя пераможцы Рэспубліканскага конкурсу, які і прадставіць Беларусь  на дзіцячым “Еўрабачанні-2010” у Мінску. Цягам галасавання гледачоў і журы ён будзе названы пад час фінальнага гала-канцэрта.

Як паведаміла карэспандэнту “К” кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская,  сёлета асабліва чакаем ад канкурсантаў прыгожай і неардынарнай песні.  “Прыклад  Юры Дземідовіча навучыў нас таму, што беларусы здольныя дыктаваць моду на еўрапейскай музычнай сцэне”,— адзначыла яна. С.Смалонская-Краскоўская  падкрэсліла, што выбар песні для “Еўрабачання” сёлета будзе асабліва адказным, бо Беларусь у 2010 годзе з’яўляецца не толькі ўдзельніцай прэстыжнага музычнага форуму, але і адной з яго арганізатараў, прымаючы конкурс на сваёй тэрыторыі. Нагадаем, што ён адбудзецца ў Мінску ў лістападзе.

“Напрыканцы студзеня будучую пляцоўку   музычнага спаборніцтва — комплекс “Мінск-Арэна” — наведаў выканаўчы дырэктар конкурсаў песні “Еўрабачання”  Свантэ Стокселіус,  — паведамляе кіраўнік прэс-службы, —  і яго ацэнка была станоўчай. Ён пацвердзіў, што комплекса дпавядае ўсім патрабаванням  арганізацыі шоу”.  

Згодна з Палажэннем, распрацаваным арганізатарамі, і Правіламі Конкурсу, заснаванымі Еўрапейскім вяшчальным саюзам, канкурсанты павінны быць  ва ўзросце не менш за 10 і не больш за 15 гадоў, з’яўляцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь або замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі нашай краіны не менш за два з паловай гады.

Песня, што будзе прадстаўлена на рэспубліканскі конкурс, можа быць як на беларускай, так і на рускай мове, працягласцю не больш чым дзве хвіліны сорак пяць секунд. Яна мусіць быць напісана самімі канкурсантамі, пры гэтым дапускаецца дапамога дарослых. Твор  не  павінен мець ранейшай публікацыі. Заяўкі дасылаюцца на адрас Белтэлерадыёкампаніі да 30 сакавіка.  

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ