У Амфітэатры і не толькі

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

Новыя месцы для адпачынку з’явяцца ў жыхароў і гасцей Віцебска да адкрыцця ХІХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Значная частка падзей адбудзецца на плошчы Перамогі, рэканструкцыя якой хутка завершыцца. Манумент і прылеглая да яго тэрыторыя ў абноўленым выглядзе адкрыюцца 8 мая. Планы добраўпарадкавання абласнога цэнтра і правядзення фестывалю абмеркаваны днямі на пасяджэнні выніковай калегіі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры краіны.

З сівой мінуўшчынай горада знітаваны скульптурныя кампазіцыі, прысвечаныя постацям княгіні Вольгі, Аляксандра Неўскага, князя Альгерда. Плануецца, што сёлета іх можна будзе пабачыць непадалёк ад Летняга амфітэатра. Завершыцца і рэканструкцыя часткі самой галоўнай фестывальнай пляцоўкі. Сквер ля Абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.Шмырова атрымае статус парку, якому будзе нададзена імя славутага партызана. Праект стварэння ваенна-патрыятычнага парку ў гэтым месцы прапанаваў галоўны спецыяліст аддзела культуры гарвыканкама І.Баярынцаў.  

Як паведамілі карэспандэнту “К” у  Віцебскім гарвыканкаме, яго старшыня В.Нікалайкін плануе, што два турыстычныя цеплаходы на паўсотні чалавек кожны будуць курсіраваць па Заходняй Дзвіне — ад плошчы Перамогі да парку “Мазурына”.Раку  Віцьбу расчысцяць і пашыраць для катання на лодках. Мост праз яе прывядзе да Свята-Успенскага храма.  

Запланаваныя змены ў горадзе стануць аздобай для мерапрыемстваў форуму. Пра іх папярэднюю праграму можна будзе даведацца ўжо праз месяц, аб чым паведаміў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь М.Казловіч. Вядома, першымі пра планы фестывальнага Віцебска даведаюцца чытачы “К”.