Прэзентацыя ў Шанхаі

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

Беларускія выканаўцы і калектывы выступяць перад шматмільённай аўдыторыяй на Сусветнай выстаўцы ў Шанхаі, да якой засталося крыху больш за два месяцы. Культурная праграма Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь ужо сфарміравана. Пра гэта паведамілі карэспандэнту “К” у Міністэрстве культуры краіны.

Дэвіз выстаўкі— “Лепшы горад— лепшае жыццё”, і перад дэлегацыямі дзвюх соцень краін, што, як запланавана, прымуць у ёй удзел, стаіць задача прадэманстраваць дасягненні, карысныя для гараджан. Але арганізатараў заўсёды цікавіць культурная разнастайнасць, своеасаблівасць народаў, якія традыцыйна прадстаўляюць сваіх лепшых выканаўцаў і творы мастацтва.  

Адкрые шэраг айчынных культурных мерапрыемстваў на выстаўцы ў пачатку мая Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Радасць” з Брэста. Сваю праграму напрыканцы мая— у пачатку чэрвеня падрыхтуе ансамбль песні, музыкі і танца “Талака” Віцебскай абласной філармоніі. 

Заслужаны аматарскі калектыў “Гомій” і ансамбль “Лірыца” з Гомельшчыны пакажуць сваё майстэрства напрыканцы чэрвеня— у пачатку ліпеня. Пасля цягам месяца будзе здзіўляць аўдыторыю Гродзенскі ансамбль песні, музыкі і танца “Белыя росы”. Ад Міншчыны пакажуць сябе ў жніўні Заслужаныя аматарскія калектывы ансамбль “Крупіцкія музыкі” і ансамбль старадаўняй музыкі “Пастараль” Дзяржынскай ДШМ. Заслужаны аматарскі ансамбль “Медуніца” з Магілёўшчыны выступіць у верасні, у кастрычніку ж у Шанхаі — вакальная група “Чысты голас”.  

У Нацыянальны дзень Рэспублікі Беларусь у межах Сусветнай выстаўкі чакаюцца выступленні салістаў і калектываў Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна, а таксама Дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ