Улюбёныя ў Беларусь

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

21 лютага Брэст прывітае Дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, а з 2 сакавіка авацыі жыхароў Гродзеншчыны— Прэзідэнцкаму аркестру краіны. Як звязаны гэтыя выступленні? Яны пройдуць у межах Грамадска-культурнай акцыі “Беларусь — гэта мы”, якая 14 лютага стартавала ў Гомелі. І тое, што першы канцэрт праекта прыпаў на Дзень усіх закаханых, больш чым сімвалічна: усе мы ўлюбёныя ў сваю краіну.

 Канцэпцыю акцыі прадставілі журналістам на прэс-канферэнцыі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка,  яго першы намеснік Уладзімір Рылатка і знаныя прадстаўнікі творчай эліты краіны. Сімвалічна, што сустрэча са СМІ адбылася ў Вялікім тэатры оперы і балета, які апошнім часам стаўся яшчэ адным сведчаннем дзяржаўнага клопату пра культуру і яе дзеячаў.  

Распавядаючы пра акцыю і яе значнасць, П.Латушка падкрэсліў, што культура з’яўляецца важным фактарам пабудовы дзяржавы і развіцця грамадства. Ён узгадаў выказванне Ф.Дастаеўскага, што сусветная культура не існуе сама па сабе, а складаецца з усяго лепшага, што ёсць у нацыянальных культурах. Адпаведна, наша беларуская культура ўнесла і будзе ўносіць у еўрапейскую і, шырэй, сусветную культуру шмат яркіх здабыткаў. Папулярызацыі нашага мастацтва паспрыяюць Дні культуры Беларусі ў Казахстане, Кітаі, дамоўленасці з Літвой, Украінай, Польшчай аб правядзенні сумесных праектаў. У Расіі ж  2010 год аб’яўлены Годам культуры Беларусі.

Увогуле, прэм’ер і значных падзей чакаецца багата. Пра іх нагадалі дырэктар—  мастацкі кіраўнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, народны артыст краіны, прафесар Міхаіл Фінберг,галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Аляксандр Анісімаў, знакаміты оперны саліст, народны артыст краіны Уладзімір Пятроў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, эстрадная спявачка Ганна Шаркунова.

Паказу прэм’ер паспрыяюць таксама канцэрты чарговага з’езда Беларускага саюза кампазітараў, якія сёлета шырока разгорнуцца не толькі ў сталіцы, але і ва ўсіх абласных цэнтрах. У межах акцыі, што будзе доўжыцца цягам года, публіка пачуе 14-ю сімфонію Дзмітрыя Смольскага, крыху пазней, у наступным філарманічным сезоне,— сюіту з балета Вячаслава Кузняцова “Клеапатра” і многія іншыя навінкі. Увагу грамадскасці і замежных гасцей прыцягне, безумоўна, Першы Летні беларускі оперны фестываль у Нясвіжы, а таксама Міжнародны оперны фестываль, што адбудзецца ў нашым тэатры ў снежні і ўключыць не толькі нашы пастаноўкі, але і спектаклі Латвійскай Нацыянальнай оперы і “Новай оперы імя Я. Колабава”.

Н.Б.