Па-парахонску і як у Неглюбцы

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

“Калі сонца паварочвае на лета, а зіма — на мароз, пачынаюцца Каляды”, — тлумачылі носьбіты фальклорнай традыцыі яе даследчыкам у мінулым стагоддзі. Сёлета галоўныя зімовыя святы скончаны, надвор’е аператыўна сцвердзіла праўдзівасць народных прыкмет, а этнамастацкая адукацыя, якая пакуль прадстаўлена ў Беларусі даволі сціпла, прапанавала аматарам народнай культуры яшчэ адну магчымасць прагледзець панараму мінулых свят і прысвяткаў.

 Тым больш, што яе ўдзельнікі — студэнты і педагогі спецыялізацый “Этнафоназнаўства” і “Абрадазнаўства”, выпускнікі спецыялізацыі “Духавыя народныя інструменты” Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў — новыя беларускія дудары — выкарыстоўваюць любую нагоду сабрацца разам для гульняў, танцаў, этнічных спеваў, смыковай і дударскай музыкі.

Такая сустрэча са спадчынай адбылася ў камернай зале БДУКіМ, на справаздачы кафедры этналогіі і фальклору.Мерапрыемства было праведзена па выніках вучэбнай і экспедыцыйнай работы будучых “спяваючых фалькларыстаў” і “абрадазнаўцаў” цягам каляндарнага года. Занатаваныя “ў полі” фальклорныя творы, рытуалы і абрады на гэтых інавацыйных спецыялізацыях “давяраюць” не толькі паперы, але і лічбаваму ды аналагаваму аўдыё і відэазапісу. Ім адначасова даюць “другое жыццё” ўласнымі намаганнямі— спецыялістаў-практыкаў, якія не толькі ведаюць, як трэба выконваць фальклор, але і ўмеюць гэта рабіць самі ды вучаць іншых. Пэўна, таму студэнты кафедры— абсалютныя рэкардсмены ва універсітэце па колькасці ўзнагарод і дыпломаў міжнародных фестываляў.

 Трэба ўлічыць, што на кафедры навучаецца ўсяго 32 студэнты, а набор быў распачаты толькі ў 2004 годзе. Навучанне фальклору ў БДУКіМ мае асаблівасці, закладзеныя ў мадэль работы кафедры з абітурыентамі і мадэль уласна вучэбнага працэсу. Большасць студэнтаў знаёмыя з каранёвай мастацкай традыцыяй беларусаў надзвычай цесна: у час справаздачы Юлія Сахарчук спявала жніўную песню, запісаную ад сваёй бабулі, Паліна Абрамовіч удзельнічала ў выкананні “Грачанікаў”, якія развучыла ў фальклорна-этнаграфічным гурце роднай вёскі Мётча, Віталь Залатароў прывёз свой карагод з фальклорнага фестывалю на радзіме— Рудабельшчыне, па-парахонску трымаў скрыпку Алесь Масібут з Заходняга Палесся, а Ірына Глушэц запявала стрэльную “Луку”— дакладна, як бабулі звёскі Неглюбка, наведанай у час фальклорнай практыкі. Сённяшні плён студэнцкага навучання педагогі пачалі планаваць яшчэ ў 2004-м, калі распачыналі падрыхтоўку па накірунку “Фальклор” і ведалі вострую патрэбу сфер культуры і адукацыі краіны менавіта ў фалькларыстах-практыках.

Выдатнае стылёвае відовішча і спіс творчых перамог фальклорных калектываў (якіх на кафедры —пяць: “Вяснянка”, “Раме”, “Любошчы”, “Кроса”, “Талака”), ужо міжнародна вядомых, сведчаць пра дзве рэчы. Першае — інавацыйны праект этнамастацкай адукацыі ў БДУКіМ за 5 гадоў цалкам сябе апраўдаў і вымагае паглыблення і пашырэння. Другое — наперадзе ў студэнтаў — этнафоназнаўцаў, абрадазнаўцаў — і іх педагогаў (артысткі размоўнага жанру Ларысы Рыжковай, этнахарэографа Міколы Козенкі, спявачкі і фалькларыста Наталлі Матыліцкай, артыста-вакаліста Таццяны Пладуновай, дудара Вячаслава Калацэя, этна-педагога Наталлі Петуховай) —новыя далягляды, якія не закрываюцца, нават “калі сонца паварочвае на лета, а зіма — на мароз”.

Эвеліна ШЧАДРЫНА, мастацтвазнаўца, выкладчык кафедры народнапесеннай творчасці БДУКіМ