Дзе чытача частуюць кавай?

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Сельскі бібліятэкар адказвае за многае: за інфармаванне і выхаванне вяскоўцаў, адраджэнне гісторыі краю і стварэнне летапісаў вёсак, за духоўнасць і маральнасць сельскага насельніцтва. Чарговы раз пераканалася ў гэтым, калі прыехала ў вёску Масцілавічы, што ў Клецкім раёне, і завітала ў мясцовую бібліятэку. Там і пазнаёмілася з бібліятэкарам Валянцінай Ерашэнка.

Больш за 30 гадоў Валянціна Міхайлаўна далучае вяскоўцаў да кнігі. Робіць гэта тактоўна, шчыра, прафесійна. У чым гэтая прафесійнасць? На мой погляд, — у дакладным веданні, што патрэбна кожнаму з вяскоўцаў на стэлажах установы. Але не толькі па кнігі ідуць да Валянціны Міхайлаўны — ідуць па дабрыню.

Справа ў тым, што пры бібліятэцы дзейнічае клуб “Міласэрнасць” —  своеасаблівы філіял тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Бібліятэкар клапоціцца аб людзях сталага веку, інвалідах, наведвае іх дома, прыносіць ім кнігі і цяпло ўласнай душы. Хіба ж дзіва, што напрыканцы мінулага года на базе бібліятэкі ў Масцілавічах быў праведзены раённы семінар культработнікаў па культурным абслугоўванні пажылога насельніцтва?

— Валянціна Ерашэнка ў Масцілавічах —  і прапагандыст, і агітатар, і галоўны грамадскі дзеяч, —  распавядае начальнік аддзела культуры Клецкага райвыканкама Святлана Чалык. —  Шчыльна супрацоўнічае і з Цэнтральнай бібліятэкай, і з бліжэйшым СДК, што месціцца ў вёсцы Туча…

А вось што распавяла мне сама Валянціна Міхайлаўна. Аказваецца, рэалізоўвае яна цягам года дзве творчыя праграмы: сацыяльную —  “Здаровы лад жыцця”  і краязнаўчую —  “Спадчына”. Усе 120 чытачоў —  яе памочнікі і аднадумцы. Адна з актыўных бібліятэчных наведвальнікаў Зінаіда Шкут прызналася, што ходзіць сюды, не раўнуючы, як на свята: маўляў, тут і цікавую кнігу прапануюць, і кавай ад душы пачастуюць.

Лізавета ХМЕЛЬ

Клецк