Больш за 30 гадоў Валянціна Міхайлаўна далучае вяскоўцаў да кнігі. Робіць гэта тактоўна, шчыра, прафесійна. У чым гэтая прафесійнасць? На мой погляд, — у дакладным веданні, што патрэбна кожнаму з вяскоўцаў на стэлажах установы. Але не толькі па кнігі ідуць да Валянціны Міхайлаўны — ідуць па дабрыню.
Справа ў тым, што пры бібліятэцы дзейнічае клуб “Міласэрнасць” — своеасаблівы філіял тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Бібліятэкар клапоціцца аб людзях сталага веку, інвалідах, наведвае іх дома, прыносіць ім кнігі і цяпло ўласнай душы. Хіба ж дзіва, што напрыканцы мінулага года на базе бібліятэкі ў Масцілавічах быў праведзены раённы семінар культработнікаў па культурным абслугоўванні пажылога насельніцтва?
— Валянціна Ерашэнка ў Масцілавічах — і прапагандыст, і агітатар, і галоўны грамадскі дзеяч, — распавядае начальнік аддзела культуры Клецкага райвыканкама Святлана Чалык. — Шчыльна супрацоўнічае і з Цэнтральнай бібліятэкай, і з бліжэйшым СДК, што месціцца ў вёсцы Туча…
А вось што распавяла мне сама Валянціна Міхайлаўна. Аказваецца, рэалізоўвае яна цягам года дзве творчыя праграмы: сацыяльную — “Здаровы лад жыцця” і краязнаўчую — “Спадчына”. Усе 120 чытачоў — яе памочнікі і аднадумцы. Адна з актыўных бібліятэчных наведвальнікаў Зінаіда Шкут прызналася, што ходзіць сюды, не раўнуючы, як на свята: маўляў, тут і цікавую кнігу прапануюць, і кавай ад душы пачастуюць.
Лізавета ХМЕЛЬ
Клецк