Рыд ТАЛІПАЎ, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа: “Сцэна — не сметніца”

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Працяг дыскусіі

Сёння мы працягваем размову аб сучаснай беларускай драматургіі, распачатую летась (“К”№48 за 2009 г.). Гэтым разам сваім меркаваннем падзеліцца адзін са стратэгаў “фарпостаў” айчыннага тэатральнага мастацтва — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Рыд ТАЛІПАЎ.

Якім жа бачацца рэжысёру, што толькі летась узначаліў славуты калектыў, “месца” новай беларускай драматургіі на нацыянальнай сцэне, яе лёс і пастановачныя перспектывы? Бо не сакрэт,што ад таго, ці заўважаць новы твор беларускага аўтара на вядучых пляцоўках краіны, шмат у чым залежыць далейшы сцэнічны лёс п’есы, ды і імпэт, такі неабходны для творчага натхнення любому драматургу, а пачынаючаму — асабліва. І хаця, як спяваецца ў вядомай песні: “Пусть не решить нам всех проблем…”, падалося вельмі важным высветліць і дэталёва абмаляваць тыя ідэйна-мастацкія вектары ў дачыненні да нацыянальнага драматургічнага прадукту, які сёння і ў бліжэйшым будучым вызначыць рэпертуарную і творчую палітыку аднаго з вядучых тэатральных калектываў краіны.

 

— Пачну з пытання, без якога ў нашай размове не абысціся: якой вам бачыцца сучасная беларуская драматургія?

— Я нагадаю вам гісторыю аб тым,як Леў Талстой раіў Антону Чэхаву не пісаць п’ес, кажучы, што той не драматург. Ён жа, дарэчы, сцвярджаў, што і Шэкспір— вельмі слабы аўтар. Але ж і Чэхаў для Талстога, і Шэкспір для сваёй эпохіз’яўляліся менавіта сучаснымі аўтарамі.Быць сучасным драматургам надзвычай складана—  яшчэ цяжэй, чым быць сучасным рэжысёрам ці артыстам. Мы так ці іначай запатрабаваны тэатрам, а вось калі драматург піша толькі “ў стол”, у яго няма аніякай магчымасці развівацца.  

Так гістарычна склалася: драматург мусіць знайсці, сустрэць “свайго” рэжысёра. Ну што было б, каб той жа Чэхаў не пазнаёміўся з Неміровічам-Данчанкам?Мы ж ведаем пра лісты, у якіх Неміровіч літаральна ўгаворваў Станіслаўскага паставіць Чэхава, і той згадзіўся толькі пасля доўгай “асады” і настойлівых просьб свайго калегі.

Размаўляць наконт сучаснасці тых ці іншых твораў вельмі небяспечна. Але мы, прафесіяналы, калі ведаем, што хочам убачыць на сцэне, і ў п’есе шукаем адпаведную вібрацыю.

 

— Як, чытаючы п’есу,  разумееце, што гэта — якасны драматургічны матэрыял?

— П’еса не абавязкова мусіць быць дасканала напісанай з пункта гледжання кампазіцыі. Мне нашмат больш цікавая думка, якую спрабуе данесці аўтар. Няхай не крыўдзяцца драматургі, але для мяне словы ў гэты момант адыходзяць на другі план— у свой час чалавецтва прыдумала іх для таго, каб за імі хаваць свае сапраўдныя думкі і жаданні. І таму ключавым адказам на ваша пытанне будзе наступнае: калі драматург ведае, пра што і дзеля чаго ён піша,— гэта будзе цікава. 

 

— Каб  у вас з’явілася абсалютна цудоўная магчымасць сустрэцца са Станіслаўскім сам-насам, каго з беларускіх аўтараў вы яму  рэкамендавалі б, гэтак жа, як у свой час Неміровіч-Данчанка — Чэхава?

— Я, напэўна, сам задаў бы яму падобнае пытанне пасля таго, як той пазнаёміўся  з беларускай драматургіяй, і папрасіў бы ягоных рэкамендацый. Лічу, геній здольны прарвацца скрозь драматургічную “пену” дня сённяшняга і ўсё роўна памкнуцца да чалавека. І калі б убачыў твор, у якім расказваецца гісторыя цікавай, не банальнай асобы, думаю, ён сказаў бы, што гэта добра. Сёння ж не толькі драматургі, але і ўвесь наш тэатр ў большай ступені думае не пра гэта, а пра свайго галоўнага і самага страшнага“цэнзара”— касу. Маўляў, пойдзе  п’еса або не, ці збярэ яна добрую касу? Я так пытанне не стаўлю і магу ганарыцца тым, што заўсёды працаваў з добрай класічнай драматургіяй: творамі Чэхава,Тургенева, Астроўскага…

 

— Падтрымліваючы думку, што“добры драматург — мёртвы драматург”?

— Гэта вы ў мяне на сайце прачыталі?.. Часта, на жаль, так і аказваецца. Але ж, гледзячы ў якім накірунку гэтую думку развіваць. Я паставіў  нямала спектакляў па творах сучасных нашых драматургаў: “Кім” Аляксея Дударава, “Стомлены д’ябал” і “Саламея і яе амараты” Сяргея Кавалёва, “Восеньскі блюз” Георгія Марчука, “Такую доўгую навальніцу” Святланы Бартохавай.  Калі мяне ў свой час запрасілі на пастаноўку ў Польшчу і прапанавалі выбраць твор, я ўзяў п’есу Кавалёва.

 

— Коласаўскі тэатр, у якім вы  з’яўляецеся мастацкім кіраўніком, вядомы тым, што вельмі цесна працуе з беларускімі драматургамі, у тым ліку і змясцовымі —  віцебскімі. Вы ўжо наладзілі з імі пэўную творчую сувязь?

 — Пакуль што не, але запрашаю ўсіх віцебскіх драматургаў да сябе. Я маю патрэбу ў такіх стасунках, бо лічу, што тэатр мусіць быць больш адкрытым для кантактаў. Ну і, натуральна, як рэжысёр-пастаноўшчык заўсёды шукаю цікавыя, моцныя п’есы. Для творцы гэта вельмі важна—працаваць з якаснай драматургіяй.

 

— Цікавая размова ў нас атрымліваецца: я задаю вам пытанне пра беларускую драматургію, а вы мне адказваеце — пра “добрую”. Ці не бачыцца ў гэтым своеасаблівае раздзяленне, размежаванне згаданых паняццяў?

— Так, магчыма. Але ж і я не схільны залічваць да беларускай драматургіі ўсё без разбору, толькі таму, што гэта ідзе на сцэне на беларускай мове. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але ведаю нямала гэткіх п’ес, якія аніякім чынам не ўзнімаюць праблем і пытанняў народа, нашага менталітэту ў цяперашні час. Вось Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак, Мікола Матукоўскі— гэта сапраўдная беларуская драматургія, і нават “Зацюканы апостал” Макаёнка, ідучы па ўсім былым Савецкім Саюзе, быў менавіта беларускай п’есай.

 

— Вернемся да згаданай вамі “касы”. Як лічыце, у якой ступені сучасная беларуская п’еса можа адпавядаць гэтаму патрабаванню часу?

— Яна абсалютна здольная быць касавай. Іншая справа, што калі мы будзем дасягаць гэтай мэты, узнімаючы ў спектаклях адно толькі пытанні “ніжэй поясу”, гэта наўрад ці будзе правільна. І хаця гледачам у пэўны момант тое можа нават падабацца, мы мусім не патураць зале, а— весці яе за сабой.

 

 — Некаторы час таму ў Інтэрнеце прайшла інфармацыя, што па вашай ініцыятыве ў віцебскім тэатры распачалася праца па стварэнні п’есы як асновы для будучага спектакля, канцэпцыя якога — “прыватнае жыццё Якуба Коласа”.

— Калі быць дакладным, я хачу мець п’есу пра Якуба Коласа, і менавіта з гэтай прапановай звярнуўся да некалькіх нашых драматургаў. Падрабязна вывучаючы асобу Песняра, я зразумеў, што ў яго было вельмі цікавае чалавечае жыццё. А мы не павінны забываць: мастак “вырастае” са сваёй будзённасці, у той жа самы час, як і творчасць таксама перарабляе гэтае штодзённае жыццё. Таму я не стаў бы казаць пра “прыватнае жыццё”.

 

— І хто з драматургаў прыняў гэтую прапанову?

— Пагадзілася Дзіяна Балыка. Але я, вяртаючыся да сваёй думкі, не люблю, калі мы ў жыцці вялікіх людзей  пачынаем шукаць нейкія заганы… — Ды ўсё ж “фірмовым стылем” п’ес Дзіяны Балыка з’яўляецца тое, што яна “надзяляе” сваіх герояў пэўнымі захворваннямі,  такімі, як  цукровы дыябет, ВІЧ або сексуальныя расстройствы...— Пакуль што не магу сказаць, якім стане твор. Але Дзіяна цудоўна ведае мой густ і разумее, што праз некаторыя рэчы я ніколі не пераступлю, бо для  мяне ў прафесіі існуюць свае табу.

 

— Якога кшталту?

— Гэта мой сакрэт. Магу сказаць толькі ў агульных рысах: нельга “кідаць” на сцэну ўсё. Сцэна ўсё-такі— не сметніца.

 

— Якім чынам вы арганізуеце працу з драматургам? Наколькі важная для вас сумесная работа?

— Калі я бяруся за п’есу, то ніколі не стаўлю перад сабой задачы “перарабіць”драматурга. Дапускаю хіба толькі некаторыя нязначныя тэкставыя скарачэнні, і выключна з прычыны таго, што аўтары часта ў жаданні быць пачутымі і да канца зразуметымі, ужываюць для гэтага вельмі шмат слоў, без якіх можна абысціся. Бо, у рэшце-рэшт, прынцыповасць сітуацыі ў тым, што драматург стварае п’есу, а я— спектакль.

 

— Вы прытрымліваецеся прынцыпу падзелу працы?

— Зусім правільна!

 

— А як жа ідэя сумеснай творчасці і вера ў тое, што сапраўдны тэатральны шэдэўр нараджаецца толькі тады, калі рэжысёр і драматург працуюць плячо ў плячо?

— Я дазваляю сабе думаць па-іншаму. І гэта прынцыпова. Перакананы: драматург у тэатры— фігура трагічная. Ён жа, калі піша свой твор, уяўляе сабе ўсё гэта “ў фарбах”, для яго за тэкстам стаяць жывыя вобразы. А трапіўшы на рэпетыцыю, дзе ўсё яшчэ толькі пачынае“брадзіць”, ён жа можа спалохацца.

 

— Значыць, драматурга не трэба пускаць на рэпетыцыі?

— Чаму ж, пускаць можна. Іншая справа, што ад яго нельга патрабаваць таго, што на гэтым этапе работы павінен выконваць ужо сам рэжысёр. Ён расказаў нам гісторыю, у тэатра ж і ў рэжысёра, адпаведна,— зусім іншыя выразныя сродкі.

 

— Пытанне “на коду”: якія беларускія драматургі і іх п’есы ў вашым рэжысёрскім партфелі?

— Ёсць такія, якія чакаюць свайго часу, але зараз я іх не назаву.— Чаму?— Каб іншыя не перахапілі! Гэта мой сакрэт. Я хачу адкрыць іх. Ёсць абсалютна невядомыя імёны— яны ў мяне захоўваюцца…

— Колькі гадоў захоўваюцца, калі не сакрэт?

— Некалькі месяцаў, не гадоў,— да“салення” і “марынавання” яны яшчэ не дайшлі… Добра, ёсць у мяне вельмі цікавая п’еса Святланы Бартохавай: вельмі хацеў бы папрацаваць з яе драматургіяй яшчэ раз. Таксама жадаў бы паставіць Алену Папову: прыйдзе час, і менавіта праз яе п’есы мы шмат даведаемся пра тое, чым, якімі праблемамі мы жылі. Ёсць у мяне і такія імёны, якія яшчэ зусім не вядомыя... Я— чытаючы рэжысёр.

 Гутарыла Таццяна КОМАНАВА 

 

Рэзюме візаві

Адной з прычын таго, што на сцэнах нашых тэатраў так мала сучасных беларускіх п’ес, з’яўляецца не што іншае, як рэжысёрская абачлівасць — бадай, гэткую выснову дае падставы зрабіць наша сённяшняя гутарка. Рэжысёры проста не спяшаюцца кідацца ў вір новай, неправеранай, а часам вельмі складанай для класічнага разумення і ўспрыняцця сучаснай п’есы. З аднаго боку, абачлівасць гэтую, канешне ж, можна зразумець: любы рэжысёр, а мастацкі кіраўнік тэатра — асабліва,мусіць дбаць не толькі пра рэалізацыю ўласных творчых амбіцый, алеі пра сваіх акцёраў, задавальненне глядацкіх густаў, а таксама пра такую “жахлівую”, паводле іх слоў, “касу”. Але ж, калі паглядзець на гэтую “аксіёму” з іншага боку, становіцца відавочна: менавіта падобная асцярожнасць, а часам нават і насцярожанасць, вельмі часта і не дазваляе рызыкнуць. Каб урэшце — “выпіць шампанскага” не толькі за ўласны пастановачны поспех, але і за новыя імёны ў драматургіі, якія, магчыма, дадуць шанц па-новаму раскрыцца акцёрскім індывідуальнасцям, а таксама, цалкам верагодна, прывабяць у тэатр і тыя катэгорыі гледачоў, якім даспадобы не толькі спакойныя і размераныя сцэнічныя“палотны”, але і вострыя, колкія, крыху “непрычасаныя”, але жывыя і пульсуючыя тэатральныя выбухі-споведзі.

У адрозненне ад драматургіі, якая ў большай ступені адносіцца да літаратуры, тэатр  — мастацтва, заснаванае на непахісным прынцыпе“тут і зараз”. І ніводзін спектакль не здольны па прыродзе сваёй пражыць болей, чым доўжыцца яго рэальны сцэнічны час. Менавіта таму, у адрозненне ад драматургаў, якія могуць дазволіць сабе пісаць“у стол” і марыць “прарвацца скрозь час”, стаўшы новымі шэкспірамі і чэхавымі ХХІ стагоддзя, тэатр такой раскошы проста не можа сабе дазволіць. Ён павінен жыць днём сённяшнім і дыхаць тым жа паветрам, што і людзі, для якіх ён існуе. І не забывацца штораз ставіць перад сабой пытанне аб тым, якому тыпу рэжысёраў аддае перавагу сучасны глядач: філосафам, што разважаюць у сваіх спектаклях з пазіцый вечнасці, альбо рэалістам, якія спяшаюцца “ўхапіць за хвост”дзень сённяшні?

Т.К.