“Мне трэба, каб я ўбачыў… святло”

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Палі жыцця Сяргея Каткова

“Пейзаж, які ўсміхаецца” — пад такой назвай у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстаўка  жывапісу Сяргея Пятровіча Каткова. У кастрычніку 2011-га культурная грамадскасць краіны адзначыць 100-гадовы юбілей з дня нараджэння  гэтага знакамітага мастака і выдатнага педагога. Таму гэтая экспазіцыя — своеасаблівая прэлюдыя да будучай падзеі.

/i/content/pi/cult/250/3651/7kat8.gif
C.Каткоў. Асенні вечар.
Біяграфію Сяргея Пятровіча, чалавека, з якім я часта сустракаўся на працягу апошніх гадоў яго жыцця, можна было б пачаць з таго, як ён,  хлопец з вёскі Скрыніцына тагачаснай Саратаўскай губерні, спасцігаў пачатковую прафесійную грамату ў свайго любімага школьнага настаўніка малявання— І.Пятаніна. Або—  з вучобы ў Пензенскім мастацка-педагагічным тэхнікуме, дзе яму пашчасціла быць знаёмым з вядомым мастаком, вучнем І.Рэпіна, І.Горушкіным-Саракапудавым…

А колькі дарог, трагічных і мужных, давялося прайсці С.Каткову па палях баёў Вялікай Айчыннай, змагаючыся з гітлераўцамі і японскімі мілітарыстамі!.. І побач з аўтаматам—  заўсёды быў аловак. У мастака захавалася шмат акварэльных і карандашных партрэтаў, накідаў, замалёвак: цяжкія дарогі вайны, зямлянкі, паходныя калоны, вызваленыя гарады і вёскі… Дарэчы, упершыню яны экспанаваліся яшчэ ў 1944 годзе—  на выстаўцы ў Каўнасе, арганізаванай мастакамі 3-га Беларускага фронту. Але, бадай, галоўным у яго творчасці да канца жыцця быў пейзаж:  лірычны, эпічны, гарадскі, індустрыяльны. Пейзаж, не крануты рукой чалавека, і пейзаж, пераўтвораны стваральнай воляй людзей. Адзін з іх—  “Лагойшчына”, падарунак Сяргея Пятровіча,— сёння ўпрыгожвае маю хатнюю жывапісную калекцыю.

Уся Беларусь, яе рэкі і азёры, рытмы партоў, палі і лясы, цвіценне чаромхі, вясновыя разлівы, дары зямныя, высокае неба, Прыпяць, Сож, Днепр, Лепельшчына, Міншчына, Гомельшчына —  вось толькі маленькая частка дыяпазону работ С.Каткова, для якога прырода была крыніцай натхнення, пастаянным спадарожнікам, вернасць якому ён захаваў на ўсё жыццё.

Творчы шлях мастака быў шляхам зайздроснага пастаянства. Не, ён не паўтараў сябе ад пейзажа да пейзажа, ад нацюрморта да нацюрморта — у яго быў рознабаковы, упэўнены ў сабе, лёгкі, радасны талент, які суіснаваў у гармоніі з жыццём. І ў першую чаргу — з жыццём блізкай і дарагой для яго Беларусі, хоць з задавальненнем пісаў ён  на Поўдні, у Прыбалтыцы, Сібіры. 

Квяцісты май,  талая вада,  яліны на ўскрайку лесу,  бяскрайняе лагойскае неба,  чаўны ля ракі і васількі,  снапы вусатага ячменю і помнікі старажытнай архітэктуры,  мінскія вуліцы і Бярэзінскі запаведнік,  валуны на палях ператвараліся ў С.Каткова ў мастацкія навелы. Сціплыя, бясхітрасныя, нібыта для сябе напісаныя, яны радуюць нас сваёй праўдай, эмацыянальнасцю, душэўнай чысцінёй.

Кампазіцыя, лінія, колер, прастора —  вось асноўныя элементы яго вялікіх і малых палотнаў.

Ён ніколі не капіраваў, не прытрымліваўся дакладна натуры, аднак яго лугі і рэкі, масткі і вясковыя хаты, усходы і заходы, лета і восень, новабудоўлі і забытыя цэрквы такія праўдзівыя, быццам ты убачыў іх сам. А між іншым, калі на другім пейзажы мастака нам сустрэнецца той жа матыў, але ўжо ў нечым няўлоўна зменены, —  мы зноў прымем і палюбім яго такім, якім гэтым разам паказаў яго майстар. Прымем таму, што сваімі свабоднымі мазкамі Сяргей Пятровіч перадаваў настрой, стан —  менавіта тое, у чым прыгажосць і сутнасць любога пейзажа.

Ён мне казаў: “Мне трэба, каб я ўбачыў стан, святло. Я імкнуся выказаць тое, што ўбачыў. У кожнага дня —  сваё аблічча, штохвілінна штосьці змяняецца. Трэба паспець ухапіць, запомніць…” Так ён “ухапіў” і назаўсёды занатаваў для нас і цудоўныя восеньскія сланечнікі, і лета на Бярэзіне, і лагойскую зіму, і вясновую адлігу, і лепельскі поўдзень у Ждановічах, і лодачныя станцыі пад Мінскам, і панараму старажытнага Полацка. 

А колькі душэўных сіл і здароўя аддаў Сяргей Пятровіч педагагічнай дзейнасці! 35 гадоў кіраваў ён мастацкай студыяй Палаца піянераў у Мінску, а яшчэ выкладаў у мастацкім вучылішчы і Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. Сярод яго вучняў—  А.Анікейчык, У.Стальмашонак, В.Сумараў, Л.Левін, З.Літвінава, М.Данцыг, С.Гарбунова, У.Тоўсцік, У.Гоманаў, Н.Шчасная, У.Савіч і шмат іншых, хто сёння з’яўляецца гордасцю нашай нацыянальнай культуры.

Сяргея Пятровіча няма з намі ўжо  34 гады (ён пайшоў з жыцця 17 лютага 1976 года).  Але застаюцца жыць яго творы. Застаецца светлая памяць аб ім усіх, хто ведаў яго, сябраваў з ім…

Б.К.