Біенале2011: “Свой куток” у Венецыі, або Злучыць “contemporary” і “art”

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

17 снежня 2009 года міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка падпісаў загад № 205. Магчыма, гэты лаканічны дакумент увойдзе ў гісторыю айчыннага мастацтва. Ён стаў першай цаглінай у падмурак беларускага павільёна на Венецыянскай біенале. Да завяршэння будаўніцтва засталося паўтара года.

  Без сумневу, ініцыятыва міністра культуры — чарговая праява мэтанакіраванай  палітыкі дзяржавы, скіраванай на папулярызацыю беларускай культуры ў свеце. Па словах начальніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры краіны Міхаіла Казловіча, удзел у біенале — сярод прыярытэтных мерапрыемстваў на бліжэйшы час. — Гэтая культурная падзея мае вялікі міжнародны прэстыж, і мы прыкладзём усе намаганні для таго, каб годна прадставіць на ёй беларускае мастацтва, — адзначыў ён карэспандэнту “К”. — Дарэчы, заяўка на ўдзел нашай краіны ў Венецыянскай біенале ўжо  пададзена ў яе дырэкцыю.У Мінску адразу павеяла вільготным саланаватым паветрам сусветнай арт-Мекі. Куратарскую групу ўзначаліў прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна. Дапамогу яму акажуць асістэнты — дырэктар Палаца мастацтва Аляксандр Зінкевіч, галоўны спецыяліст Міністэрства культуры Аляксандр Зіменка і вядомы скульптар, кандыдат мастацтвазнаўства Павел Вайніцкі.  Камісар экспазіцыі,дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч ужо займаецца пошукамі месца для беларускага мастацтва на венецыянскіх вулачках.

 

Візуалізаваная форма ідэй

“Прасунуты” сегмент айчыннага культурнага асяроддзя не хавае радасці. Мастакі, якіх, па старой завядзёнцы, усё яшчэ клічуць “авангардыстамі”, трызняць Венецыянскай біенале ўжо не першае дзесяцігоддзе— толкам не ведаючы, што гэта такое.  “Кансерватары” і проста скептыкі затаілі сваё “фэ”— у дачыненні да contemporary art наогул і яго беларускіх прадстаўнікоў  у прыватнасці.

 — Дык навошта нашай краіне патрэбны ўдзел у Венецыянскай біенале? — запытаў “у лоб”  куратара павільёна Міхаіла Баразну. 

— Па шчырасці, не разумею пытання, — трохі сумеўся ён. — Можа, вы б яшчэ запыталі, навошта нам ездзіць на добрых аўто і карыстацца WiFi. Адказ той самы: беларусы — сучасная еўрапейская нацыя, якая жыве ў 2010 годзе, а не ў якімсьці 1952-м. Біенале — адзін са спосабаў чарговы раз гэта засведчыць. 

На пярэстай карце міжнародных мастацкіх падзей Венецыянскую біенале вылучае не толькі маштаб і салідная гісторыя (сёлета выстаўка адзначыць сваю 115-ю гадавіну), але і адмысловы фармат. Праекты біенале фарміруюць не міжнародныя куратары, а краіны-ўдзельніцы. Адсюль і акцэнт на нацыянальнай адметнасці. 

— Венецыянскую біенале называюць Алімпійскімі гульнямі ў галіне сучаснага мастацтва, — кажа Міхаіл Баразна. — Але,  шчыра кажучы, такія аналогіі мне не даспадобы. Так, фактар спаборніцтва ў канцэпцыю гэтай падзеі, без сумневу, закладзены. Аднак спартыўныя дасягненні не спараджаюць інтэлектуальных дыскусій, у адрозненне ад твораў мастацтва. У выпадку з Венецыянскай біенале гэтыя дыскусіі так ці інакш тычацца пытання нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

І куратар, і камісар беларускага павільёна адразу закцэнтавалі ўвагу на эстэтычным фармаце біенале. Зразумела, што ўносіць у яго істотныя карэктывы для “навічка” было б папросту нясціпла. Нацыянальны павільён у Венецыі — гэта не “выстаўка дасягненняў” за мінулыя дзесяцігоддзі, а цэласны праект, які мае выразны пасыл і канцэпцыю і створаны  з дапамогай сучаснай мастацкай мовы.

   Мастацтва, якое, з аднаго боку, мае свае нацыянальныя адметнасці, але з іншага — арганічна і натуральна ўпісваецца ў сусветны эстэтычны працэс, — так акрэсліла гэты фармат Наталля Шаранговіч. 

— Венецыянская біенале прадстаўляе менавіта тое мастацтва, якое называюць сучасным, актуальным або неяк яшчэ, тэрміналагічныя дыскусіі ў дадзеным выпадку мне не цікавыя, — дадаў Міхаіл Баразна. — Зразумела адно: гэта той накірунак, які быў справакаваны ўзнікненнем канцэптуалізму — мастацтва ідэй.

 

 На “цёмным коніку”?

Дасягненні беларускай акадэмічнай школы выяўленчага мастацтва наўрад ці выклікаюць сумневы. Вартасці, права на існаванне або нават увогуле сам факт існавання айчыннага contemporary art, наадварот, пастаянна аспрэчваюцца. Для многіх гэта па-ранейшаму той самы “цёмны конік”, ставіць на які, здавалася б, рызыкоўна. 

Зрэшты, як да месца нагадаў Міхаіл Баразна, пачынаць з “чыстага аркуша” не даводзіцца. Перыяд публічнай рэпрэзентацыі гэтай мастацкай плыні пачаўся яшчэ ў 1987 годзе, і мінулыя дзесяцігоддзі прайшлі не без плёну. Ды і яе супрацьпастаўленне акадэмічнай школе неаспрэчным не назавеш: прыкладам, у БДАМ розныя “ізмы”вывучаюцца яшчэ з пачатку 90х, інфільтруючыся па меры патрэбы ў мастацкія практыкі многіх студэнтаў. 

Найчасцей “сучасныя” мастакі чуюць папрокі ва ўласнай правінцыйнасці. У куратара беларускага павільёна яны выклікаюць абурэнне.

 — Я досыць часта бываю ў замежных музеях і галерэях, і таму маю ўсе падставы, каб зрабіць выснову: на фоне еўрапейскага мастацтва беларускае зусім не здаецца мне правінцыйным — хутчэй, наадварот! Наша мастацтва мае шмат унікальных рыс, якія вылучаюць нас нават сярод суседзяў (не кажучы ўжо пра ўвесь свет), яно выпраменьвае свежыя і цікавыя ідэі.

 І таму ўдзел у Венецыянскай біенале дазволіць забіць адразу двух зайцоў: пазнаёміць з сучасным беларускім мастацтвам не толькі еўрапейскую публіку, але і шырокае кола суайчыннікаў. Адкрыццю павільёна будзе папярэднічаць “разведка боем” — ладны шэраг разнастайных выставак і дыскусій, прызначаных апрабаваць тыя ці іншыя ідэйныя хады. Пройдуць яны ў Мінску. А па сканчэнні біенале ўсе ахвотныя здолеюць убачыць і ўвесь праект — цалкам і ў канчатковым выглядзе. 

— Ведаеце, заніжаная сама ацэнка — гэта кшталту ментальнай хваробы некаторых беларусаў, — пасміхаецца Міхаіл Баразна. — Маўляў, і бульба ў нас драбнейшая, чым у суседзяў, і яблыкі нейкія зялёныя… Што ўжо пра мастакоў казаць! Думаю, ад такой хваробы пара лячыцца. Удзел у прэстыжных міжнародных імпрэзах гэтаму толькі паспрыяе. 

 

Рэжысёр, а не цэрбер

Прамовіўшы слова “ўпершыню”, належыць зрабіць агаворку. Многія памятаюць, што беларускія мастакі ўжо мелі выстаўку на Венецыянскай біенале 2005 года. 

— Так, гэта была прэзентацыя сучаснага мастацтва Беларусі, але зусім не паўнавартасны нацыянальны павільён, — кажа адзін з сакуратараў экспазіцыі Наталля Шаранговіч. — Ідэя яе стварэння ўзнікла спантанна, ініцыятыва належала італьянскаму арт-дырэктару Адрыяна Бярэнга, яе падтрымалі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь  і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Італіі. Да пачатку біенале заставалася вельмі мала часу — добра яшчэ, што яе дырэкцыя пайшла нам насустрач. Прадставіць паўнавартасны праект тады нават мэты не было — мы імкнуліся зрабіць свайго кшталту заяўку: проста, засведчыць, што беларускае сучаснае мастацтва існуе.

Цяпер задача зусім не такая сціплая — стварыць цэласны павільён, які  адпавядаў бы агульнаму дэвізу біенале (ён, дарэчы, дырэкцыяй пакуль яшчэ не агучаны). Міхаіл Баразна таксама не спяшаецца раскрываць усе карты і падрабязна дзяліцца сваімі задумамі. 

— Можа, Беларусі як навічку на біенале трэба абраць тактыку агрэсіўнага самапазіцыянавання: скандалы, эпатаж і г. д.? У сучасным мастацтве яна нярэдка спрацоўвала… — задаю яўна правакацыйнае пытанне. —

Маеце рацыю: гэта лёгкі шлях, — пагадзіўся куратар. — Але гэта шлях, які вядзе ў тупік. Тады любы вынік нашага ўдзелу ў біенале быў бы паражэннем. Бо функцыі сучаснага мастацтва куды больш пачэсныя, чым банальны эпатаж публікі: яно павінна адкрываць новыя далягляды ў свядомасці гледача. Сучасныя мастацкія практыкі — свайго кшталту візуалізаваная форма філасофскага дыскурсу. Прычым апошнім часам нярэдка чуваць меркаванне, што візуальная культура істотна апярэдзіла інтэлектуальныя рэфлексіі. Яна глыбока і ёміста выказваецца на такія тэмы, як чалавек, грамадства, навакольнае асяроддзе… Тыя мастакі, якія робяць стаўку на скандал, цікавыя мне хіба як даследчыку, але зусім не як куратару.  

“Кутні камень” павільёна — гэта канцэптуальная пабудова прасторы. Яна фарміруецца не на асобных творах, а на цэласнай ідэі. У якасці прыкладу, Наталля Шаранговіч згадала ідэю, аднойчы скарыстаную расійскімі куратарамі: галоўнай “дзейнай асобай” іх праекта быў… вецер, які ўвасабляў грамадскія змены.  

Адна з найбольш спрэчных праяў такога фармату — першынство куратара над мастаком. Няўжо ў сучасным арт-працэсе аўтару наканавана адно функцыя акцёра, які выконвае чыюсьці ролю?

— Куратар — гэта рэжысёр, — кажа Міхаіл Баразна. —  Ад яго патрабуецца пэўная далікатнасць: нельга вучыць мастакоў, як займацца мастацтвам. Задача іншая — дапамагчы ім выявіць творчую энергію. Для стварэння цэласнага праекта патрэбны партнёрскія адносіны. 

Апрача творчых, узнікае таксама і нямала арганізацыйных пытанняў. Найважнейшае з іх тычыцца памяшкання для беларускага павільёна. “Свайго кутка” ў Венецыі беларусы не маюць — у адрозненне, скажам, ад Расіі, якая збудавала ўласны павільён яшчэ ў 1914 годзе.

— Наша задача — размясціць экспазіцыю ў цэнтры Венецыі, — кажа Наталля Шаранговіч. —  Бо  гэта адна з умоў таго, каб беларускі павільён сапраўды “прагучаў”, каб яго наведала як мага больш людзей. 

Ужо сёння арганізацыйная група спрабуе прадухіліць магчымыя праблемы. Яны могуць узнікнуць у звязку з тым, што для экспанавання твораў сучаснага мастацтва не вельмі пасуюць помнікі архітэктуры. А Венецыя, як вядома,— гэта суцэльны помнік архітэктуры. 

Мяркуецца, што плошча беларускага павільёна не перавысіць 300 квадратных метраў. Але яе ўдасца пашырыць— за кошт віртуальнай прэзентацыі  гісторыі айчыннага contemporary art.

 — Трэба засведчыць для заходніх спецыялістаў, што беларуская мастацкая практыка апошніх дзесяцігоддзяў арганічна ўпісваецца ў сусветны эстэтычны дыскурс, што меркаванне адносна ізаляванасці нашага культурнага асяроддзя значна перабольшана,— кажа Міхаіл Баразна.— Увогуле, візуальная культура заўсёды была лакмусавай паперкай, індыкатарам стану грамадства. І таму наша місія— вельмі адказная.

— Без нацыянальных адметнасцей мы нікому не будзем цікавыя, — дадае Наталля Шаранговіч. —  Але іх трэба адлюстраваць сучаснай мастацкай мовай. Наша галоўная задача — пазіцыянаваць Беларусь як яркую і цікавую еўрапейскую краіну.

 

Ілля СВІРЫН

P.S. “Культура” была запрошана рабочай групай па падрыхтоўцы беларускага павільёна  на 54-й Венецыянскай біенале стаць інфармацыйным спонсарам праекта.  Усе самыя свежыя навіны  аб працэсе падрыхтоўкі чытайце   на нашых старонках.