Дэкларацыя і выніковасць

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Антыкарупцыйнае заканадаўства: пытанні і тэндэнцыі

Праблеме барацьбы з карупцыяй у Рэспубліцы Беларусь надаецца значная ўвага Кіраўніка дзяржавы, Урада, парламента,  праваахоўных органаў. Ёй быў прысвечаны і Рэспубліканскі семінар “Пытанні антыкарупцыйнага заканадаўства. Сучасныя патрабаванні да дзяржслужачых і кіраўнікоў арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь”, які адбыўся 28 студзеня  на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў і быў ініцыяваны Міністэрствам культуры краіны. У семінары прынялі ўдзел старшы ўпаўнаважаны па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Зіберт, старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Аксана Шэлемет, начальнік кантрольна-рэвізійнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кізім, работнікі апарата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі і спецыялісты арганізацый, падпарадкаваных гэтаму Міністэрству.

 

Станоўчая тэндэнцыя

У сваім дакладзе “Пытанні антыкарупцыйнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь” І.Зіберт падкрэсліў важнасць і актуальнасць праблемы барацьбы з карупцыяй як у нашай краіне, так і на міжнароднай арэне, адзначыў як станоўчую тэндэнцыю адсутнасць у сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь гучных спраў, коратка спыніўся на асноўных нарматыўных прававых актах заканадаўства, што рэгулююць пытанні барацьбы з карупцыяй.  

Закон Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2006 г. № 1653 “Аб барацьбе з карупцыяй” устанавіў прынцыпова новыя прававыя асновы дзяржаўнай палітыкі ў сферы барацьбы з карупцыяй, вызначыў асноўныя метады яе папярэджання, выяўлення, спынення і раскрыцця, ліквідацыі яе негатыўных наступстваў, увёў у юрыдычны ўжытак паняцці карупцыі, дзяржаўных службовых асоб і асоб, прыраўнаваных да дзяржаўных службовых асоб. Заканадаўства па барацьбе з карупцыяй грунтуецца на Канстытуцыі  Рэспублікі Беларусь і ўключае ў сябе Закон “Аб барацьбе з карупцыяй” і іншыя акты заканадаўства дзяржавы, а таксама міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь. Адказнасць за правапарушэнні, якія ствараюць умовы для карупцыі, і карупцыйныя правапарушэнні ўстанаўліваецца Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях, Крымінальным кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

 У рэспубліцы вядзецца пастаянная праца над удасканаленнем заканадаўства па барацьбе з карупцыяй. Артыкул 23 раздзела 4 Закону  “Аб барацьбе з карупцыяй” прадугледжвае, што добраахвотнае прызнанне аб дачы хабару дзяржаўнай службовай асобе вызваляе заяўніка ад крымінальнай адказнасці. На жаль, дзеючае заканадаўства не робіць размежаванняў па форме і суме хабару. Любое паднашэнне, сувенір, падарунак можа кваліфікавацца як хабар службовай асобе. Аднак пытанні хабару можна тлумачыць па-рознаму. Цяпер Закон дазваляе вар’іраваць пакаранне ў залежнасці ад формы і памеру дадзенага правапарушэння. У дадзены час абмяркоўваецца пытанне аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон у дачыненні да змянення ў некаторых выпадках пакарання за дадзенае правапарушэнне да адміністрацыйнай адказнасці.

Усе дзяржаўныя служачыя, а таксама асобы, якія паступаюць на дзяржаўную службу, і члены іх сем’яў абавязаны штогадова прадстаўляць дэкларацыі аб даходах і маёмасці. Непрадстаўленне дэкларацыі або наўмыснае ўнясенне ў яе няпоўных, недакладных звестак аб даходах і маёмасці з’яўляецца асновай для адмовы ў прыёме на дзяржаўную службу або іншую дзяржаўную пасаду, альбо для прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці, у тым ліку вызвалення ад займаемай дзяржаўнай пасады ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. На сёння за кадравымі службамі арганізацый замацаваны абавязак атрымання дэкларацый аб даходах і маёмасці, але адсутнічае права на іх праверку. Аднак калі ў кадравай службы ўзніклі сумненні ў дакладнасці інфармацыі, то кадравы работнік мае права заявіць аб гэтым у належны кантралюючы орган з мэтай правядзення праверкі атрыманых звестак.

 

Мінімальны тэрмін  і выніковасць

 У сваім выступленні “Пытанні процідзеяння карупцыі метадамі ведамаснага кантролю” А.Кізім адзначыў, што на сёння ў сістэму ведамаснага кантролю галіны ўваходзяць рэвізійныя аддзелы ўсіх абласных і Мінскага гарадскога (сектар) упраўленняў культуры. Згодна з мараторыем на правядзенне кантрольных мерапрыемстваў, устаноўленым Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 2008 г. № 689 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленні кантрольнай і нагляднай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, уся рэвізійная работа ў мінулым годзе праводзілася выключна па зваротах праваахоўных органаў і заявах арганізацый. Праверкі праводзіліся ў мінімальны тэрмін, і іх выніковасць была даволі высокая.  

У прыватнасці, у выніку праведзеных рэвізій і праверак выяўлена шкоды на агульную суму 391 280 тыс. рублёў. Незаконныя расходы грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцей выяўлены ў 76 арганізацыях на суму 307 838 тыс. рублёў.  

Да ліку характэрных адносяцца парушэнні патрабаванняў пункта 11 “Інструкцыі аб парадку планавання, уліку і выкарыстання сродкаў, якія атрымліваюцца арганізацыямі, фінансуемымі з бюджэту, ад дзейнасці, што прыносіць даходы”, зацверджанай пастановай Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2002 г. № 152, у частцы не поўнага кампенсавання выдаткаў на камунальныя паслугі за кошт пазабюджэтных сродкаў, і пастановы Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 21 студзеня 2000 г. № 6 “Аб мерах па ўдасканаленні ўмоў аплаты працы работнікаў арганізацый, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі”.У ходзе кантрольных праверак выяўлены недастачы матэрыяльных каштоўнасцей у 11 арганізацыях на суму 16365 тыс. рублёў, з якой 15 224 тыс. рублёў прыходзіцца на ўстанову культуры “Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік” (недастача ўваходных экскурсійных білетаў на суму 11 611 тыс. рублёў і сувенірнай прадукцыі на суму 3613 тыс. рублёў). Іншыя сумы шкоды выяўлены ў 21 арганізацыі на суму 67 086 тыс. рублёў. У ліку іншых парушэнняў можна вылучыць недаспагнанне арэнднай платы і пені, кошту камунальных паслуг, парушэнні, звязаныя з невыкананнем Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 верасня 2002 г. №495 “Аб удасканаленні парадку вызначэння памераў арэнднай платы і перадачы ў бязвыплатнае карыстанне грамадскіх, адміністратыўных і пераабсталяваных вытворчых будынкаў, збудаванняў і памяшканняў”.  

Па выніках праведзеных рэвізій за мінулы год да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнена 146 службовых асоб. Прынятымі мерамі пакрыта шкода ў памеры 311 458 тыс. рублёў, з вінаватых асоб спагнана 61 157 тыс. рублёў. Працягвалася праца па зваротах праваахоўных органаў. Перададзена матэрыялаў на суму 40 751 тыс. рублёў.  

 

Улічваючы практыку прымянення

У сваім дакладзе “Арганізацыя працы па выяўленні і перапыненні карупцыйных правапарушэнняў” А.Шэлемет адзначыла, што нацыянальнае антыкарупцыйнае заканадаўства пастаянна ўдасканальваецца, улічваючы практыку яго прымянення, тэндэнцый развіцця карупцыі, вопыту барацьбы з карупцыяй замежных дзяржаў. Важнае месца ў сістэме антыкарупцыйнага заканадаўства займаюць Крымінальны кодэкс, Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях, Законы Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці”, “Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў, маёмасці і крыніц грашовых сродкаў” і інш.

Акрамя Законаў, у рэспубліцы існуе значная колькасць іншых нарматыўных прававых актаў, накіраваных на барацьбу з карупцыяй: Указы і Дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Урада, міністэрстваў і ведамстваў. Нормы, накіраваныя на процідзеянне карупцыі, адлюстраваны і ў Дырэктыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. №2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата”. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2007 г. №220 зацверджана Дзяржаўная праграма па барацьбе з карупцыяй на 2002 — 2010 гг.

Згодна з артыкулам 4 Закону Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2006 г. №1653 “Аб барацьбе з карупцыяй” праца ўсіх кантралюючых органаў акумулюецца ўГенеральнай пракуратуры, якая ажыццяўляе нагляд за дзейнасцю дзяржорганаў.

Паводле даных Генеральнай пракуратуры, колькасць выяўляемых у Рэспубліцы Беларусь злачынстваў, звязаных з карупцыяй, з 2003 г. зніжалася. Толькі ў 2009 г. адбыліся змены ў бок павелічэння. У ліку карупцыйнай злачыннасці за 2009 г. — 1136 фактаў хабарніцтва, 911 — крадзяжу маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, 887 — службовага падлогу, 281 — злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, 48 — атрымання незаконнага ўзнагароджання, 50 — перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, 17 — бяздзейнасці службовых асоб, 7 — легалізацыі (“адмывання”) матэрыяльных каштоўнасцей, набытых злачынным шляхам. Аналіз дынамікі карупцыйных злачынстваў па сферах дзейнасці паказаў іх зніжэнне ў параўнанні з 2008 г. у такіх сферах дзейнасці, як арганізацыя адпачынку і забаў, культуры і спорту (на 19,3%), ахова здароўя (на 7,2%), сельская гаспадарка (на 7,1%), фінансавае пасрэдніцтва, страхаванне (на 3,5%).

Асаблівасцю злачынстваў карупцыйнай накіраванасці з’яўляецца іх высокая ступень латэнтнасці, г. зн. значная частка такіх злачынстваў застаецца паза ўвагай праваахоўных органаў, таму істотная роля ў прафілактыцы карупцыі адводзіцца кадравай працы на месцах, у тым ліку павышэнню патрабаванняў да кандыдатаў на кіруючыя і матэрыяльна адказныя пасады.

Дзеючае заканадаўства патрабуе ад кіраўнікоў планаваць працу па процідзеянні карупцыі. На практыцы планаванне ажыццяўляецца шляхам распрацоўкі планаў мерапрыемстваў па процідзеянні карупцыі, што ўключаюць у сябе палажэнні, агульныя для ўсіх арганізацый,незалежна ад сферы дзейнасці, і спецыяльныя — у адносінах да канкрэтнай арганізацыі. У мэтах каардынацыі антыкарупцыйнай дзейнасці на прадпрыемствах мэтазгодна ствараць спецыяльныя камісіі. Як правіла, камісіі разглядаюць заявы грамадзян аб парушэнні службовымі асобамі прадпрыемства антыкарупцыйнага заканадаўства, уносяць прапановы па правядзенні праверак рэвізій і інвентарызацый, распрацоўваюць мерапрыемствы па ліквідацыі выяўленых парушэнняў антыкарупцыйнага заканадаўства, рыхтуюць прапановы па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у лакальныя нарматыўныя акты прадпрыемства з мэтай узмацнення прафілактыкі карупцыі. Рашэнні антыкарупцыйных камісій носяць рэкамендацыйны характар, аднак улічваюцца кіраўніком арганізацыі для прыняцця рашэнняў (у выглядзе загадаў і распараджэнняў), абавязковых да выканання.

 

Таксама праца на месцах

Важная мера прафілактыкі карупцыі — азнаямленне дзяржаўных службовых і прыраўнаваных да іх асоб з патрабаваннямі антыкарупцыйнага заканадаўства і яго прапаганда не толькі сярод дадзенай катэгорыі асоб, але і сярод звычайных рабочых і служачых.  Асабліва трэба адзначыць абавязковасць азнаямлення дзяржаўных службовых асоб і падпісанне імі пісьмовых абавязацельстваў па прытрымліванні абмежаванняў, устаноўленых артыкулам 17 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб  барацьбе з карупцыяй”.

 Істотную ролю ў выяўленні і папярэджанні карупцыі адыгрывае належным чынам арганізаваная кантрольна-рэвізійная праца на месцах. Пры гэтым асобае значэнне мае планаванне і правядзенне праверак і рэвізій. Неабходна патрабаваць ад рэвізораў пільнага вывучэння даручаных пытанняў, выключыць павярхоўныя праверкі і неканкрэтныя высновы, устанаўліваць дакладны памер нанесенай шкоды, а таксама асоб, вінаватых у гэтым. Па выяўленых парушэннях павінны прымацца вычарпальныя меры рэагавання, у тым ліку прыцягнення работнікаў да дысцыплінарнай адказнасці, спагнання з іх нанесенай прадпрыемству шкоды. Матэрыялы праверак, рэвізій, інвентарызацый, у ходзе якіх выяўлены факты, што сведчаць аб крадзяжы і злоўжываннях, неабходна накіроўваць у праваахоўныя органы для дачы прававой ацэнкі. Неабходна наладзіць жорсткі ведамасны кантроль за захаваннем устаноўленага заканадаўствам і лакальнымі нарматыўнымі актамі парадку заключэння гаспадарчых дагавораў, правядзення конкурсаў і аўкцыёнаў.Прымаць вычарпальныя меры па недапушчэнні ўзнікнення і спагнанні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, прыцягваць да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці асоб, вінаватых у непрыняцці такіх мер.

Напрыканцы свайго выступлення А.Шэлемет адказала на пытанні ўдзельнікаў семінара. Старшы пракурор дала вычарпальную інфармацыю па пытаннях запаўнення дэкларацыі аб даходах і маёмасці, растлумачыла наступныя дэталі: у дэкларацыю, якая падаецца, уносіцца ўсё, што знаходзіцца ва ўласнасці прад’яўніка. А.Шэлемет таксама падкрэсліла: згодна з дзеючым заканадаўствам, адлюстраваны ў дэкларацыі даход — гэта не прыбытак, а ўсё тое, што было атрымана прад’яўнікам за мінулы год, таму падарункі павінны вызначацца ў дэкларацыі як атрыманы даход. Любая недакладная звестка ў  дэкларацыі з’яўляецца адміністратыўным правапарушэннем. На жаль, існуе ганебная практыка, калі кіраўнік арганізацыі сам вызначае пералік асоб, абавязаных прадастаўляць дэкларацыю. Гэта з’яўляецца парушэннем правоў і свабод грамадзян, паколькі ў заканадаўстве дакладна вызначана катэгорыя асоб, якія абавязаны падаваць дэкларацыю:  кіраўнікі дзяржаўных арганізацый і асобы, што ўваходзяць у кадравы рэестр. Да катэгорыі дзяржслужачых адносяцца асобы, якія займаюцца ў дзяржаўных арганізацыях арганізацыйна-распарадчай або адміністратыўнай працай, а таксама асобы, прыраўнаваныя да іх. Асобы, што займаюцца абслугоўваннем, таксама прыраўноўваюцца да дзяржслужачых.

 

*   *   *

Вынікі семінара падвёў начальнік кантрольна-рэвізійнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь А.Кізім. Ён заўважыў, што Міністэрства культуры адным з першых у краіне пачало запрашаць на падобныя семінары прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Загадам ад 4 снежня 2009 г. пры Міністэрстве створана антыкарупцыйная камісія ў складзе 7 чалавек, узначальвае якую намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш. Было распрацавана і зацверджана Палажэнне аб антыкарупцыйнай камісіі. Як станоўчую тэндэнцыю адзначыў адсутнасць у сферы культуры гучных спраў.

Напрыканцы свайго выступлення А.Кізім заклікаў удзельнікаў семінара правесці ў сваіх арганізацыях належную работу па ўзмацненні кантролю за працай матэрыяльна-адказных асоб, павысіць якасць і захаванне тэрмінаў інвентарызацыі на месцах, адзначыў, што, каб унікнуць сур’ёзных правапарушэнняў, інвентарызацыя ў арганізацыях павінна праводзіцца не пазней, чым праз тры месяцы.