“Ваталінка”круталінка

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Днямі заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Дудчанка вярнуўся з Расіі, дзе працаваў над дзвюма пастаноўкамі ў Краснаярскім дзяржаўным акадэмічным ансамблі танца Сібіры імя Міхаіла Гадэнкі. Сёлета гэты калектыў святкуе 50-гадовы юбілей, да якога і было вырашана зрабіць новую праграму, пастаўленую харэографамі з розных рэгіёнаў СНД.

— Цікава, што ідэя,—  распавёў Мікалай Рыгоравіч,—  таксама належала беларусу: колішні выпускнік нашага харэаграфічнага каледжа Аляксей Садоўскі цяпер з’яўляецца галоўным інспектарам Саюза тэатральных дзеячаў Расіі і курыруе, у тым ліку, Краснаярскі ансамбль, якім цяпер кіруе, між іншым, унук Ігара Маісеева—  легендарнага харэографа. Я прапанаваў калектыву два танцы: рускі і беларускі, абодва — у стылі характарнага мадэрна. У Сібіры жыве шмат выхадцаў з Беларусі, якія і сёння беражліва захоўваюць традыцыі, застаюцца адданымі носьбітамі беларускай культуры. І мая пастаноўка сталася знакам пашаны да нашых суайчыннікаў. Яны развучылі маю “Крутуху”—  адзіны беларускі нумар, які ў 1980 годзе “пабываў” на Алімпіядзе. Дарэчы, галоўным балетмайстрам адкрыцця і закрыцця Алімпіяды быў тады Міхаіл Гадэнка— кіраўнік Краснаярскага ансамбля танца, які цяпер носіць яго імя. 

Ну, а рускім нумарам сталася трохчасткавая сюіта “Ваталінка”— гэтае старадаўняе жаночае імя вельмі распаўсюджана ў Сібіры. Да таго ж, на працягу тых двух тыдняў, што я правёў у Краснаярску, мяне запрасілі правесці з калектывам майстар-класы. Узнікла і прапанова паставіць для іх яшчэ два нумары, ужо ўлетку, каб тыя адкрывалі новую праграму. Я, у сваю чаргу, рэкамендаваў ім звярнуцца і да нашых мастакоў і вытворцаў сцэнічных строяў. 

Надзея БУНЦЭВІЧ