“Альпійская балада” для Сардзініі

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

“Сустрэчы з беларускім кіно, літаратурай і тэатрам” — так называецца праграма культурных мерапрыемстваў, што адбудуцца на Сардзініі па ініцыятыве Ганаровага консульства Рэспублікі Беларусь на гэтым востраве і Пасольства нашай краіны ў Італіі.

 З 18 па 28 лютага ў тэатры СантЭулалія горада Кальяры, сталіцы Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія, яго жыхары будуць знаёміцца з сучасным беларускім тэатрам, літаратурай. А дэманстрацыя фільма “Альпійская балада” адкрые шэраг паказаў айчынных кінастужак, прымеркаваных да святкавання 65годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Анатацыю да стужкі прадставіць Прафесар гісторыі і кінематаграфіі Дзяржаўнага універсітэта г. Кальяры Сіманетта Сільвестроні.

 “Сустрэчы…” адкрыюцца 18 лютага творчым вечарам сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргея Трахімёнка ў Культурным цэнтры і бібліятэцы “Роднае слова” пры Беларускім консульстве ў Кальяры. Свой монаспектакль “Развітанне з дваранамі” ён прадставіць 21 лютага. Добра наладжаныя культурныя і сацыяльныя сувязі Сардзініі і Беларусі, якія ўжо не раз дазвалялі арганізоўваць цікавыя для абедзвюх краін праекты, актывізуюцца гэтай вясной. У Мінску ж напрыканцы красавіка адбудзецца прэзентацыя сардзінскіх народных казак у перакладзе на беларускую мову. На мерапраемстве будуць прысутнічаць італьянскія дзеці, што прыехалі адпачываць на канікулы ў сем’і беларусаў.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ