“Беларусь — гэта мы!”

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Неўзабаве распачынаецца буйная грамадска-культурная акцыя “Беларусь — гэта мы”, якая працягнецца роўна год. Ініцыятыва творчай інтэлігенцыі па яе правядзенні была падтрымана Міністэрствам культуры нашай краіны, упраўленнямі культуры абласных выканаўчых камітэтаў і Мінскага гарвыканкама.

Як паведамілі карэспандэнту “К” у Міністэрстве культуры краіны, мяркуецца, што акцыя ўключыць каля сотні канцэртаў, выставак, спектакляў да іншых мерапрыемстваў, якія пройдуць па ўсёй Беларусі. Заключны ж галаканцэрт, як плануецца, павінен адбыцца ў спартыўным комплексе “МінскАрэна”. Многія канцэрты акцыі (не толькі сталічныя,але і ў абласных цэнтрах, а таксама некаторых раённых) будуць здымацца тэлебачаннем і потым трансліравацца. А паглядзець ды паслухаць можна будзе шмат цікавага! 

Паводле традыцыі, што склалася яшчэ ў час правядзення грамадска-культурнай акцыі “Мы —  беларусы!” ў 2008 годзе, у канцэртах возьмуць удзел усе вядучыя творчыя калектывы і салісты краіны, лепшыя прадстаўнікі аматарскага мастацтва. Ужо сёння сярод удзельнікаў —  ансамблі “Песняры”, Сябры”, “Верасы”, “Харошкі”, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча, салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Нацыянальны канцэртны аркестр, народныя артысты Беларусі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, заслужаныя артысты краіны Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, многія іншыя салісты  і цэлая “армія” творчай моладзі.

— Выдатна, што праводзяцца такія акцыі, —  адгукнуўся дырыжор Вялікага тэатра Беларусі Вячаслаў Воліч. —  Яны папулярызуюць нашу нацыянальную культуру, у тым ліку за межамі краіны, мацуюць нацыянальную самасвядомасць.

— Заўважу, —  выказаў сваю думку народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, —  што ў акцыі на роўных удзельнічаюць як дзяржаўныя калектывы, так і тыя, што працуюць самастойна. Падобныя праекты яднаюць артыстаў і нацыю, дэманструюць рознакаляровае суквецце айчынных талентаў.

Сапраўды, дэвіз “Беларусь—  гэта мы”, узяты за назву, падкрэслівае “асабовы”, індывідуалізаваны імідж нашай краіны як згуртаванай супольнасці яркіх асоб. Назва акцыі чарговы раз сведчыць: краіна—  гэта, найперш, людзі, якія жылі і жывуць тут. Менавіта яны ўслаўляюць яе сваімі творчымі і вытворчымі здабыткамі. Да таго ж, назва акцыі стане лозунгам конкурснага руху ў рэспубліцы і яе асобных рэгіёнах, а сама яна паспрыяе замацаванню прызнаных імёнаў і, адначасова, выяўленню новых талентаў у розных відах, напрамках і жанрах мастацтва. 

Асноўная ідэя акцыі —  звярнуць увагу грамадскасці на найбольш яркія з’явы нацыянальнай культуры Рэспублікі Беларусь, аказаць падтрымку развіццю творчасці калектываў і выканаўцаў. Таму праект станецца чарговым, яшчэ  больш маштабным паказам творчых дасягненняў нашых прафесіяналаў і аматараў.

Н.Б