Іван Хруцкі — наш вялікі зямляк

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

Калі мы згадваем імя Івана Хруцкага, на памяць адразу ж прыходзяць яго бліскучыя нацюрморты, а ўжо потым — партрэты, інтэр’еры, пейзажы. Хаця і ў гэтых жанрах ён быў самым дасканалым майстрам. Выдатны беларускі жывапісец, ён унёс вялікі ўклад і ў выяўленчую культуру Расіі. І гэты, канешне, бясспрэчны факт амаль што на цэлае стагоддзе, дзякуючы расійскім гісторыкам мастацтва, “ператварыў” нашага Хруцкага ў чыста “рускага мастака”. Сёння, дзякаваць Богу, усё стала на месца, і гэта прызнана ва ўсім культурным свеце: Іван Фаміч Хруцкі — беларускі мастак, імя якога ўнесена ў Спіс памятных дат UNESCO 2010 года. І ў сувязі з 200-годдзем з дня яго нараджэння 8 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі пройдуць святочныя ўрачыстасці.

А 12-й гадзіне на Галоў-паштамце г. Мінска адбудзецца  спецыяльнае  гашэнне   канверта з маркай з удзелам намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Ніны Гаўрылавай, дырэктара НММ Уладзіміра Пракапцова, прадстаўнікоў Беларускага саюза філатэлістаў. А ў 16 гадзін у музеі адбудзецца прэс-канферэнцыя для СМІ, дзе плануецца ўдзел кіраўнікоў Міністэрства культуры краіны, Міністэрства сувязі і  інфарматызацыі, Праўлення Нацыянальнага банка, Нацыянальнай камісіі Рэспу
/i/content/pi/cult/249/3638/15.jpg
Іван Хруцкі. Аўтапартрэт.
блікі Беларусь па справах UNESCO, прадстаўнікоў Віцебскага аблвыканкама, Полацкага гарвыканкама, вядомых мастакоў, музейных супрацоўнікаў і іншых дзеячаў культуры.

У дзень нараджэння мастака гледачы трапяць на вернісаж твораў Івана Хруцкага (з калекцыі музея), а таксама выстаўку пейзажных эцюдаў  прапраўнучкі жывапісца — Ядвігі Аляксандраўны Маціеўскай (1916 — 1996 гг.), выхаванкі Кіеўскага мастацкага інстытута. Будуць прадстаўлены два медалі беларускага скульптара Алеся Шапілы, прысвечаныя Хруцкаму.

 У сувязі з юбілеем мастака сёлета 22 верасня ў памяшканні штаб-кватэры UNESCO ў Парыжы будзе экспанавацца 12 твораў І.Хруцкага з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, створаныя жывапісцам да 1848 года. Гэтыя ж палотны з 3-га кастрычніка складуць экспазіцыю ў Дзяржаўным музеі Францыі — Луўры.

А зараз я хацеў бы нагадаць чытачам асноўныя  вехі жыцця і творчасці І.Хруцкага. Нарадзіўся ён у мястэчку Ула Лепельскага павета Віцебскай губерніі ў сям’і грэка-уніяцкага святара Фамы Іванавіча Хруцкага. Дарэчы, доўгі час яго называлі Іванам Трафімавічам і пазначалі нават  розныя гады жыцця. Але выяўленыя ў 1980-я архіўныя дакументы дазволілі выправіць недакладнасці ў біяграфіі мастака.

Першапачатковую мастацкую адукацыю юнак атрымаў у Полацкім ліцэуме, які скончыў  у 1827 годзе. Адразу ж паехаў у Пецярбург, дзе браў прыватныя ўрокі ў знакамітага  партрэтыста Георга Доў і адначасова ў якасці вольнага слухача наведваў Акадэмію мастацтваў, дзе вучыўся ў А.Р. Варнека. У 1836 годзе Савет Акадэміі адзначыў нацюрморт мастака “Кветкі і плады” Вялікім сярэбраным медалём. І.Хруцкі атрымаў званне свабоднага мастака. А праз год імператар Мікалай І падарыў яму гадзіннік з залатым ланцужком “в поощрение к дальнейшим трудам” за карціны, “изображающие детей, торгующих фруктами”. У 1838 годзе два палотны Хруцкага былі адзначаны Акадэміяй Малым залатым медалём. Імя мастака становіцца вядомым у культурнай грамадскасці сталіцы. 

У 30-я гады вызначаецца галоўны напрамак творчасці Хруцкага— праца над нацюрмортам, названым “жывапіс кветак і садавіны”. Але гэта не проста пастановачныя “рэчы”, а своеасаблівыя карціны са складанай кампазіцыяй, у якой аб’ядноўваюцца  мноства пладоў, кветкі, агародніна, свечы, празрыстыя шклянкі, падсвечнікі, керамічныя вазы, графіны з вадой і г. д.

У 1839 годзе мастак быў удастоены  звання акадэміка жывапісу. Ён хутка з’язджае з Пецярбурга і вяртаецца ў Беларусь, у бацькоўскі маёнтак Захарнічы Полацкай губерні. У яго творах цяпер пераважае іншая тэматычная і жанравая  арыентацыя. Шмат увагі ён аддае выкананню царкоўных заказаў, піша іканастасы для уніяцкіх храмаў Вільні, Коўна і  іншых гарадоў. Паралельна займаецца пейзажам, партрэтам, інтэр’ерам, робіць копіі з карцін еўрапейскіх майстроў. Да лепшых партрэтаў у творчасці  Хруцкага  можна смела аднесці выявы кнігавыдаўца І.Глазунова,стацкага саветніка П.Рубцова, паэта А.Міцкевіча, рэдактара “Віленскага весніка” М.Маліноўскага, сям’і Сямашкаў, сям’і М. і С. Ромераў, парныя партрэты  бацькоў жонкі — Аляксандры і Ксаверыя Бямбноўскіх.

Цудоўны “Аўтапартрэт” быў напісаны за 9 месяцаў да смерці. Дакладная дата яго стварэння пазначана рукою аўтара: “Апрель 1884 года на 75 году жизни”. Памёр Іван Фаміч 13 студзеня 1885 года.

Па ступені ўкладу, які мастак унёс у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва, ягонае імя можна залічыць  да імёнаў найбольш выдатных дзеячаў нашай культуры. А як піянер класічнага рускага нацюрморта-карціны ён, на мой погляд, не мае сабе роўных сярод мастакоў ХІХ стагоддзя. Ды і ў партрэтным і інтэр’ерным жанрах Іван Фаміч дасягнуў бліскучых вынікаў, распавёўшы нам, як жылі, аб чым думалі, марылі яго сучаснікі — нашы продкі…

Барыс КРЭПАК