Тры баі ў багне

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

Што мы ведаем пра падзеі Першай сусветнай вайны, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі? За выключэннем інфармацыі са знакамітых дакументальна-мастацкіх запісак Максіма Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне” ды шэрагу архіўных дакументаў, звестак не так ужо і шмат. У тым ліку пра Баранавічы, дзе ў 1915 г. знаходзілася стаўка імператара Мікалая ІІ.

/i/content/pi/cult/249/3637/14+.jpg
Баранавічы ў час Першай сусветнай вайны. Мікалай ІІ са світай накіроўваецца ў штаб стаўкі. 1915 г.
Звярнуцца да ваеннай гісторыі Баранавічаў прымусіла кніга Вальтэра Фогеля “Сусветная вайна ў асобных аперацыях: Баранавічы. 1916 год”, выдадзеная ў перакладзе на рускую мову ў Дзяржаўным выдавецтве Пецярбурга ў 1921 г. 

Кніга, складзеная з  успамінаў салдата, які служыў у “Сілезскім” корпусе, падрабязна знаёміць з ваеннымі падзеямі ў ваколіцах Баранавічаў,  у прыватнасці, з так званым Брусілаўскім прарывам. 

Цікавая і сама гісторыя гэтай кнігі. З мэтай набыцця вопыту ў тактычных і стратэгічных распрацоўках ваенных аперацый пры садзейнічанні Германскага дзяржаўнага архіва ў 1920я асобнымі брашурамі пачалі перавыдавацца  апісанні баёў Першай сусветнай. Гэта ў тэарэтычным плане шмат у чым дапамагала як ваенна-гістарычнай камісіі па выкарыстанні досведу вайны, так і каманднаму складу Чырвонай Арміі. 

Адметна, што баі каля Баранавічаў цікавілі савецкіх ваенных тэарэтыкаў не толькі з-за няўдалага для рускіх войскаў зыходу, але і таму, што вялікую ролю ў баях адыграў ландверны корпус Войрша, які, у адпаведнасці са статусам, быў сфарміраваны толькі з аб’яўленнем вайны і не меркаваўся для ўдзелу ў баях нароўні са сталымі карпусамі. Калі казаць сучаснай мовай, ён складаўся з рэзервістаў. Страта ж Баранавічаў у 1916 г. была надзвычай балючай для царскай арміі. Горад на той час быў у цэнтры шляхоў Масква — Мінск — Брэст і Вільня — Роўна. Дзякуючы запісам нямецкага салдата, можна прасачыць за дынамікай, паслядоўнасцю пранікнення варожых войскаў на нашу тэрыторыю, захоп стратэгічна важных аб’ектаў, такіх, як, напрыклад, чыгуначныя станцыі. 

Вальтэр Фогель у нататках апісвае збольшага агульную сітуацыю і ўсё ж пакідае месца для ўласных уражанняў, замалёвак. Напрыклад, нямецкі салдат так апісвае ваенную сітуацыю: “Багністы раён каля Агінскага канала — спрыяльная мясцовасць для малой вайны. Першабытныя лясы паміж двума азёрамі і выгібам ракі Шчары не дапускаюць перасоўвання злучаных частак. Торф пад нагамі дрыжыць і вагаецца… Далёка адкрытая прастора балот лёгка абстрэльваецца сапернікам з закрытых пазіцый. Густы хмызняк, шматлікія раўчукі, вокны глыбокіх балот з кожным крокам ускладняюць перамяшчэнне.” Не выпадкова фронт расцягнуўся на 163 кіламетры. Акрамя гэтага, нямецкі салдат падкрэслівае: “…Рускім воінам лепш, бо на іх баку  мясцовыя жыхары, якім вядомы мясцовасць і дарогі...” 

29 ліпеня завяршыўся трэці, апошні вялікі бой за Баранавічы. Барацьба за дарогу ў Брэст-Літоўск праз гэты горад каштавала нямецкім войскам 40 тысяч забітых, 60 тысяч раненых. І ўсё ж пазіцыі яны захавалі, а пасля прадоўжылі наступленне ў бок Ковеля. Пакідаючы беларускую тэрыторыю, Вальтэр Фогель адзначыў наступнае: “Выдмы — лясы — балоты. Бедная зямля, патрывожаная плугамі дзікіх бітваў, угноеная каштоўнай крывёй. Даўно ўжо наступіла цішыня на баранавіцкіх палях і сенажацях. Акопы запаўняюцца пяском. Драўляныя крыжы гніюць, магілы знікаюць. Спакойна цячэ вада сярод выдмаў і сенажацяў, ціха шэпчуцца хвалі з вячэрнім ветрыкам. І з цёплых водаў у лясным шуме гучыць таямнічы шэпт — гераічная песня, плач герояў…”

Праз некалькі гадоў пасля заканчэння Першай сусветнай вайны прадмову да напісанай звычайным салдатам кнігі зрабіў яго непасрэдны кіраўнік— генерал-фельдмаршал Войрш.

 

К.А