Ад значка да гарматы

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

Што трэба зрабіць, каб з маленства прывіць любоў і вернасць да сваёй Радзімы будучым абаронцам Айчыны? Пытанне не з лёгкіх. За свае 50 гадоў установа культуры “Рэспубліканскі Дом” Рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Дабраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь” у гэтым плане мае шмат плённых распрацовак.

Старшыня цэнтральнага Савета ДТСААФ РБ генерал-маёр Анатоль Сцяпук адзначыў, што як адно з асноўных падраздзяленняў абароннага Таварыства Рэспублікі Беларусь установа культуры на працягу ўсёй сваёй гісторыі з’яўляецца адным з цэнтраў ідэалагічнай і культурна-метадычнай працы, сапраўднай школай мужнасці і патрыятызму. За гэты перыяд Рэспубліканскім Домам ДТСААФ зроблена велізарная і шматпланавая праца па папулярызацыі гісторыі і дзейнасці установы, вопыце яе арганізацыйных структур і арганізацый па выкананні значных задач у маштабе ўсёй краіны, аказанні метадычнай дапамогі ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў абаронна-патрыятычнай скіраванасці.

Больш за чвэрць стагоддзя пры РД працуе Музей гісторыі ДТСААФ, які, трэба адзначыць, з’яўляецца адзіным на постсавецкай прасторы. У яго чатырох залах — амаль дзве тысячы унікальных экспанатаў, што збіраліся, пачынаючы з 1927 года. На вітрынах музея можна ўбачыць узоры ваеннай тэхнікі і рыштунак, значкі 30-х гадоў, асабістыя рэчы і фотаздымкі, узнагароды і макеты — усё тое, што стварае своеасаблівы летапіс грамадства.  

Сёння гэтая ўстанова таксама актыўна развіваецца: штогод на базе Дома абароннага Таварыства праводзяцца патрыятычныя акцыі. Толькі ў межах Рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Раўненне на герояў Перамогі!”, прысвечанай 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, з удзелам супрацоўнікаў ДТСААФ сёлета прайшло мноства знакавых імпрэз у навучальных установах, дамах культуры, на адкрытых пляцоўках у шматлікіх кутках Беларусі. Другі этап акцыі праводзіцца пад дэвізам “Мы — спадчыннікі Вялікай Перамогі!”. У гэтых мерапрыемствах вялікую ролю адыгрывае Цэнтр грамадскіх аб’яднанняў па патрыятычным выхаванні моладзі пры Доме ДТСААФ, у склад якога ўваходзіць 31 калектыў. Сярод форм работы — правядзенне Урокаў мужнасці ветэранамі вайны і працы, тэматычныя сустрэчы з навучэнцамі, студэнтамі, курсантамі, літаратурна-музычныя вечары і шэраг іншых патрыятычных мерапрыемстваў.

Іван АРХІПАЎ,

 член Ваенна-навуковага  таварыства пры ЦДА