У казачны джаз — з мелафонам

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

ХХІ Міжнародны музычны праект “Мінскі джаз2010”, што завяршыўся пазаўчора, быў арганізаваны Мінгарвыканкамам і Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам. Тры вечары ў Клубе імя Дзяржынскага змясцілі падрыхтаваную Бігбэндам аркестра прэм’ерную праграму ў дзвюх частках “Джаз ХХІ стагоддзя” і фінальны “Джаз без межаў”, дзе выступілі зоркі сусветнага джаза — госці з Расіі і ЗША.

Праславутаму “джазаваму квадрату” (так называюць музычную аснову, па “канве” якой ажыццяўляецца імправізацыя) было падпарадкавана нават убранне сцэны. У рамцы неіснуючай карціны горда значылася: “Мінскі джаз”. Іншыя “відарысы” ўяўлялі з сябе нечаканыя фотавыявы прызнана-джазавых музычных інструментаў і іх асобных частак. Удала было абыграна спалучэнне “двойкі” і “адзінкі” ў парадкавым нумары фестывалю, годзе і стагоддзі яго правядзення. А розныя варыянты напісання — “jazz” і “джаз”    літаральна “гучалі” перазовамі лацінкі і кірыліцы, сусвету і беларускасці, сучаснасці і вечна юнай даўніны.

/i/content/pi/cult/249/3634/13-.jpg
Замежныя ўдзельнікі праекта гралі музыку Дзюка Элінгтона, уласныя кампазіцыі. Адметнасцю ж беларускіх праграм сталася тое, што яны не прапаноўвалі гістарычны экскурс, хай і ў не далёкія ад нас дзесяцігоддзі, а прадставілі джаз менавіта ХХІ стагоддзя. Такі прынцыповы зварот мастацкага кіраўніка праекта і галоўнага дырыжора калектыву да найноўшых джазавых кампазіцый адкрыў нашай публіцы новы джазавы свет. 

— Выкананне твораў каліфарнійскага кампазітара, джазавага музыканта, аранжыроўшчыка і кіраўніка Бігбэнда Гордана Гудвіна многаму вучыць наш аркестр, надае нам упэўненасці, —  сказаў са сцэны М.Фінберг. —  Гэтая музыка даволі дэмакратычная, але выконваць яе вельмі няпроста. Так што, будзем імкнуцца да новых вяршынь! 

Маэстра сам вёў канцэрты, знайшоўшы цудоўны баланс паміж залішняй сцісласцю выказванняў і шматслоўем. І, як заўсёды, “дырыжыраваў” яшчэ і глядзельнай залай, дапамагаючы ёй зарыентавацца, дзе лепей падтрымаць музыкантаў апладысментамі.

“Падарожжа ў краіну Гудвіна” і сапраўды сталася “казачным”. Ужо хаця б таму, што фінбергаўцы ўзялі ў яго… мелафон —     новы джазавы інструмент, сканструяваны напрыканцы ХХ ст. у тагачаснай Чэхаславакіі на аснове “сімбіёзу” валторны і трубы. Наш аркестр набыў чатыры мелафоны, і трубачы Бігбэнда хутка засвоілі ігру на іх, прэзентаваўшы сваё майстэрства ўжо на першым канцэрце фестывалю. 

Высветлілася, што джазу ХХІ стагоддзя падуладна ўсё: запальныя рытмы і нават ламбада, элементы музычнага мінімалізму, яшчэ больш багатае выкарыстанне разнастайных ударных, частыя працяглыя сола асобных інструментаў ці груп у нечаканых “ракурсах” (у тым ліку на пачатку кампазіцый), шырокае перанясенне ў аркестр сольных і ансамблевых прыёмаў, на якія здольныя толькі лепшыя музыканты, прынцыпова новыя “мелодыі”, дзе ўласна меладычная лінія —  не галоўнае. І новыя тэмбры! А мікрафоннае падгучванне, якое шырока  выкарыстоўваецца ў сучасным джазе, дапамагае больш ярка “высвеціць” у аркестравым суквецці асобныя галасы або, наадварот, максімальна збалансаваць агульную палітру.

Назва адной з кампазіцый —  “Некалькі добрых людзей” —  падалася асабліва сімвалічнай. Бо, дзякуючы М.Фінбергу, на абодвух канцэртах аркестра не былі забытыя імёны тых, хто ў розныя гады спрыяў развіццю беларускага джаза: Юрый Бяльзацкі, Эдзі Рознер (100-годдзе з дня яго нараджэння калектыў адзначыць на сакавіцкім фестывалі “Шлягер на ўсе часы”), Барыс Райскі, Яўген Глебаў, Яўген Грышман… Да таго ж, ледзь не ўпершыню канцэрт аркестра набыў “індывідуалізацыю” асоб. Слухачы змаглі запомніць не толькі новага вакаліста калектыву — Юрыя Селязнёва, бо імёны салістаў-інструменталістаў, а разпораз — і ўсіх музыкантаў Бігбэнда, гучалі нястомна пасля кожнай кампазіцыі ці да яе пачатку.

Усё гэта быццам “рыхтавала” публіку да цырымоніі ўручэння прэміі “Лепшы джазмен года”, вымушала яе самастойна шукаць “самага-самага” і тым падагравала інтрыгу. Імя пераможцы мы даведаліся толькі ў сярэдзіне другога фестывальнага канцэрта. Ім аказаўся Дзмітрый Хаменка (клавішныя) —  колішні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які працуе ў калектыве ўжо 10 гадоў і добра вядомы сваімі шыкоўнымі імправізацыямі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Бо джаз, як засведчыў і фінальны фестывальны канцэрт, — мастацтва папраўдзе без геаграфічных і  творча-эксперыментальных межаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ