Мэта яго — фарміраванне ў насельніцтва духоўных каштоўнасцей на падставе хрысціянскіх традыцый. У зборы — больш за 7 тысяч выданняў: кніг, відэа і аўдыёдыскаў... Фонд бібліятэкі пастаянна папаўняўся, расла і колькасць яго карыстальнікаў. Таму ў 2003 годзе ў адным з мікрараёнаў горада была створана бібліятэка-філіял праваслаўнага чытання. Для папаўнення кніжнага фонду ЦРБ прыняла ўдзел у конкурсе праектаў на атрыманне гранта Мінскага аблвыканкама “Праз праваслаўную кнігу — да духоўнага адраджэння”. Барысаўчане сталі пераможцамі. Гэта дазволіла ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу бібліятэкі праваслаўнага чытання, якая ператварылася ў духоўна-асветніцкі цэнтр.
Цэнтр размясціўся ў галоўнай бібліятэцы (пад яго выдзелена вялікае памяшканне на чацвёртым паверсе). У ім — чатыры супрацоўнікі. Узначальвае яго бібліятэкар з больш як 20-гадовым стажам Галіна Прымак. Знайшлася справа бібліятэкару і будучаму тэолагу Святлане Ярцавай, якая вучыцца на трэцім курсе Маскоўскага праваслаўнага Свята-Ціханаўскага гуманітарнага універсітэта. А яшчэ тут працуюць два маладыя спецыялісты, выпускнікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў мінулага года, — Вольга Валасач і Павел Алейнік. Калі Вольга абслугоўвае непасрэдна чытачоў, дык Павел займаецца бібліяграфічна-інфармацыйнай работай. У Цэнтр прыходзяць людзі рознага ўзросту, і для кожнага з іх знаходзіцца цікавы занятак. Па вечарах чытачоў далучае да хрысціянскай веры айцец Аляксандр Вярбіла — Дабрачынны Барысаўскай акругі. На відэалекторыі запрашае айцец Сяргей Башкіраў — настаяцель храма Святога дабравернага князя Дзмітрыя Данскога. Пра ўзаемаадносіны сям’і і грамадства, важнасць веры ў стварэнні сям’і, маральным выхаванні дзяцей расказвае псіхолаг раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Вольга Бусел. Гутаркі па праваслаўі вядзе і айцец Андрэй Шабалоўскі — настаяцель Свята-Георгіеўскай царквы.
Духоўна-асветніцкі цэнтр адкрыў перасоўныя пункты выдачы літаратуры ў трох храмах, а таксама ў прафесійна-тэхнічным ліцэі, вайсковай частцы. Супрацоўнічае Цэнтр і з сельскімі бібліятэкамі. Асабліва паспяхова ў гэтым кірунку дзейнічаюць у Лошніцы, Вяляцічах, Жыцькаве.
Анатоль БАРЫС
Барысаў