Крокі насустрач

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

Найлепшым спосабам паглыблення стасункаў паміж краінамі СНД з’яўляюцца кантакты ў галіне культуры. Гэтыя словы неаднаразова гучалі падчас ХХІІ пасяджэння Савета па культурным супрацоўніцтве краін СНД, якое прайшло 21 мая ў Авальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 /i/content/pi/cult/117/363/Kroki-nasustrach.jpg
Удзел у мерапрыемстве ўзялі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь старшыня Савета, міністр культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі Абульфас КАРАЕЎ, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір МАТВЕЙЧУК, міністр культуры і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі Аляксандр САКАЛОЎ, міністр культуры Украіны Юрый БАГУЦКІ, міністр культуры і па справах моладзі Рэспублікі Арменія Асмік ПАГАСЯН, віцэ-міністр культуры і інфармацыі Рэспублікі Казахстан Аскар БУРЫБАЕЎ, намеснік міністра па справах культуры і спорту Рэспублікі Узбекістан Азамат ХАЙДАРАЎ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Іван ФІЛІМОН, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь Ілля ВЕЛЬДЖАНАЎ, Саветнік Пасольства Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Бубуйра АБДЫЖАПАРАВА, прадстаўнікі Выканаўчага камітэта СНД.
  


Радуемся вашым
поспехам
 

Заліты ранішнім сонцам чысцюткі пляц перад уваходам у Нацыянальную бібліятэку Беларусі самім сваім выглядам увасабляў выраз “цёплая дзелавая атмасфера”. Сцены “дыямента” ўпершыню прымалі міністраў культуры краін Садружнасці Незалежных дзяржаў. Таму дырэктар “нацыяналкі” Раман Матульскі, чакаючы прыезду членаў Савета, хвалявання свайго не прыхоўваў:
— Спадзяюся, нават упэўнены, што на пасяджэнні Савета будзе дадзены новы імпульс у міжнародным развіцці і культуры, і сацыяльна-эканамічных адносін. Калектыў бібліятэкі сёння пазнаёміць гасцей з беларускімі інавацыямі ў бібліятэчнай справе. Наша ўстанова і па архітэктурным выглядзе, і паводле інфармацыйных магчымасцей, соцыякультурных паслуг не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. І гэты досвед запатрабаваны ў СНД.
Экскурсія, якая адбылася напярэдадні пасяджэння Савета, засведчыла слушнасць слоў дырэктара беларускай “нацыяналкі”. Назіраючы за рэакцыяй кіраўнікоў міністэрстваў культуры краін СНД, можна было прыйсці да высновы, што знаёмства з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі выклікала ў гэтых дасведчаных людзей такое самае прыемнае здзіўленне, як і ў 60 тысяч экскурсантаў, што ўжо паспелі пабываць у “дыяменце ведаў” за 11 месяцаў. Ніхто з прысутных не хаваў свайго захаплення ад працы тэлеліфта — механізма, папраўдзе унікальнага для постсавецкай прасторы. Як, зрэшты, і ліфта звычайнага, які ўмомант узняў пашанотных гасцей на дах бібліятэкі, каб тыя маглі з вышыні ўбачыць зялёныя краявіды беларускай сталіцы.
Зацікаўленыя пытанні экскурсаводам найчасцей задаваў міністр культуры і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі Аляксандр Сакалоў. Азнаёміўшыся з працай бібліятэкі, ён падзяліўся з карэспандэнтам “К” сваімі ўражаннямі ад убачанага:
— Я шмат чуў пра гэтую бібліятэку і сёння рады, што мне ўдалося агледзець яе на ўласныя вочы. Вядома, гэта сапраўдная падзея для вашай культуры — іншага слова я й не падбяру. Дзякуючы ёй, усе слаі інтэлігенцыі здолелі атрымаць паўнавартасны доступ да невычэрпнага аб’ёму ведаў. Я маю на ўвазе не толькі тыя рэсурсы, што захоўваюцца непасрэдна ў нетрах стылабата, але і крыніцы, доступ да якіх бібліятэка адкрывае дзякуючы найсучасным электронным тэхналогіям. Спадзяюся, ваша “нацыяналка” стане мадэллю для бібліятэк будучыні, мадэллю, якая з цягам часу будзе ўвасоблена ў кожнай з краін СНД. І ад душы віншую беларускі народ з тым, што ён апярэдзіў усіх.
Такую самую рэакцыю захаплення беларускай “нацыяналкай” выказвалі абсалютна ўсе ўдзельнікі пасяджэння. А падчас яго адкрыцця старшыня Савета, міністр культуры і турызму Азербайджана Абульфас Караеў назваў паўстанне новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі важнай культурнай падзеяй у маштабах усяго СНД.  


У напрамку да агульнай мэты  

 /i/content/pi/cult/117/363/Belarus.jpg
Адкрываючы пасяджэнне, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук адзначыў, што каштоўнасцю гэтай сустрэчы з’яўляецца магчымасць выпрацоўкі агульнай пазіцыі па самых актуальных пытаннях культурнага будаўніцтва. У сваю чаргу, адкрытасці нашай краіны для шматвектарнага міжнароднага супрацоўніцтва спрыяе ўвага беларускай дзяржавы да культур усіх нацый, што яе насяляюць.
— Менавіта гэты фактар дазваляе нам сёння весці плённы дыялог з прадстаўнікамі іншых культур, вызначаючы напрамкі супрацоўніцтва, шляхі да культурнага ўзаемаўзбагачэння і ўзаемаабмену,— падкрэсліў міністр культуры РБ. — Спадзяюся, што правядзенне цяперашняга шырокамаштабнага мерапрыемства будзе спрыяць яднанню народаў і ўмацаванню міру на зямлі. Упэўнены, міністэрствы культуры нашых краін могуць сыграць вялікую ролю ў працэсе збліжэння дзяржаў.
Праграма пасяджэння была насычана праблематыкай, датычнай самых розных сфер культурнага жыцця, уключна з яго заканадаўчай і прававой базай. Адно з разгледжаных удзельнікамі Савета пытанняў тычылася уніфікацыі ў сферы музычнай адукацыі. Як адзначыў падчас выніковай прэс-канферэнцыі Уладзімір Матвейчук, яе сістэма ў розных краінах СНД мае сваю спецыфіку. Дзеля выкрышталізоўвання найаптымальнай яе мадэлі ўдзельнікі пасяджэння ўхвалілі прапанову рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандра Рашчупкіна адносна стварэння Асацыяцыі вышэйшых музычных навучальных устаноў дзяржаў-удзельніц СНД.
 /i/content/pi/cult/117/363/Kroki-nasustrach2.jpg
Іншыя пункты праграмы пасяджэння тычыліся ўдасканалення заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, абмену досведам у
плане падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне культурнага турызму (апошняму мае паспрыяць інфармацыйны раздзел, які будзе створаны на сайце расійскага Федэральнага агенцтва па культуры і кінематаграфіі), супрацоўніцтва ў галіне кінавытворчасці, захавання эпічнай спадчыны.
Адной з актуальных сфер супрацоўніцтва, якія абмяркоўваліся падчас пасяджэння, стала праблема перакладу твораў пісьменнікаў краін СНД. У былыя часы літаратурныя кантакты паміж народамі гэтай геапалітычнай прасторы былі куды больш шчыльныя, і вярнуць ім былую інтэнсіўнасць пакліканы форум краін СНД і Балтыі “Пераклад як гравітацыйнае поле ўзаемапранікнення культур”, які прапанавала правесці Міністэрства культуры і па справах моладзі Арменіі.
Адказваючы на пытанне карэспандэнта “К” адносна захадаў, якія неабходна зрабіць дзеля інтэнсіфікацыі літаратурных кантактаў у рамках СНД, кіраўнік армянскага Міністэрства культуры і па справах моладзі Асмік Пагасян адзначыла:
— Для таго, каб дасягнуць плёну ў гэтай важнай сферы культурнага супрацоўніцтва, належыць вырашыць нямала праблем. Старая генерацыя перакладчыкаў паступова адыходзіць, а выгадаваць новую ў сённяшніх варунках вельмі няпроста. Бо маладыя перакладчыкі павінны атрымаць адукацыю ў той краіне, на літаратуры якой яны спецыялізуюцца. Страчаны таксама кантакты і на ўзроўні выдавецтваў. Спадзяюся, правядзенне нашага форуму дазволіць наноў адладзіць усю схему літаратурных кантактаў, вярнуць іх у нармальнае рэчышча.
Пра адзін канкрэтны крок у гэтым напрамку ўдзельнікі пасяджэння дамовіліся непасрэдна ў Авальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі. Міністэрства культуры і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі ўзяло на сябе ролю каардынатара па падрыхтоўцы зборніка твораў маладых аўтараў краін СНД у перакладзе на рускую мову.
— Думаю, справа не толькі ў нястачы майстроў перакладу высокага класа, — падзяліўся сваім бачаннем праблемы Аляксандр Сакалоў. — Закранутая вамі тэма характарызуе крызіс чытання як такога, адчувальны ва ўсіх нашых дзяржавах. Робячы не так даўно даклад на гэты конт, я прывёў такую сумную статыстыку: калі на пачатку 90-ых гадоў 80% расійскіх бацькоў чыталі ўслых сваім дзеткам, то цяпер іх колькасць зменшылася ажно да 7%. Часткова прычыны гэтага крызісу аб’ектыўныя і праяўляюцца яны ва ўсім свеце. Але не варта забываць пра традыцыі нашых дзяржаў, дзе кніга здавён мела вызначальную цывілізацыйную ролю. Для таго, каб выправіць гэтае становішча, у Расіі была прынята Праграма Года чытання, і назапашанымі намі канцэптуальнымі напрацоўкамі мы ахвотна гатовы падзяліцца з іншымі краінамі СНД.
Сапраўды, сучасны глабалізаваны свет ставіць перад культурай краін Садружнасці нямала задач. І апошняе пасяджэнне Савета па культурным супрацоўніцтве яшчэ раз засведчыла, што карэннае іх вырашэнне магчымае толькі дзякуючы ўзаемападтрымцы на ўзроўні рэалізацыі канкрэтных праектаў.  


Жаданне ісці насустрач  

Падсумоўваючы падчас прэс-канферэнцыі вынікі пасяджэння, яго ўдзельнікі адзінадушна адзначылі плённасць сустрэчы. Членам Савета ўдалося лёгка дасягнуць паразумення па ўсіх уключаных у праграму пасяджэння 12 пытаннях.Для таго, каб больш дэталёва акрэсліць грані гэтай падзеі, карэспандэнты “К” папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі адносна пасяджэння высокіх гасцей з іншых краін.
Вось што яны пачулі падчас бліц-інтэрв’ю ў кулуарах Нацыянальнай бібліятэкі. 

/i/content/pi/cult/117/363/Azerbaijan.jpg 
Старшыня Савета па культурным супрацоўніцтве краін СНД, міністр культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі Абульфас КАРАЕЎ:
 

“Абмен досведам заўсёды ўзбагачае” 

— Самы галоўны вынік сённяшняга пасяджэння я акрэсліў бы такім чынам. Яно засведчыла адзінства поглядаў у культурнай прасторы СНД, уменне знаходзіць кансэнсус падчас вырашэння важных пытанняў, жаданне ісці насустрач адзін аднаму. Такая пазіцыя, характэрная для ўсіх удзельнікаў пасяджэння, можа стаць апірышчам для рэалізацыі канкрэтных праектаў.
— А ці абмяркоўваліся яны сёння ў Авальнай зале?
— Вядома ж! Мы запланавалі актыўнае супрацоўніцтва ў галіне бібліятэчнай справы, было прынята рашэнне адносна каардынацыі кантактаў паміж музеямі выяўленчага мастацтва. Ваш Нацыянальны мастацкі музей мяне прыемна ўразіў — перадусім, сваёй актыўнасцю ў плане прапаганды нацыянальнага мастацтва. Гэты досвед стаў для мяне павучальным, і ён, без сумневу, адаб’ецца на маёй далейшай дзейнасці.Дарэчы, адносна канкрэтных праектаў. Я прыехаў да вас на Беларусь не адзін — літаральна заўтра (22 мая — Рэд.) у Мінску пачнуцца Дні культуры Азербайджана, удзел у якіх возьмуць нашы лепшыя творчыя сілы. І паверце, што ўсе яны паставіліся да гэтага мерапрыемства з вялікай адказнасцю.
— Няцяжка заўважыць, што пасяджэнне Савета актуалізавала і праблемы, характэрныя для сферы культуры ўсіх краін СНД. Ці ёсць надзея, што, аб’яднаўшы высілкі, мы здолеем вырашаць іх больш эфектыўна?
— Сапраўды, многія праблемы ў галіне культурнага будаўніцтва на постсавецкай прасторы па-ранейшаму застаюцца агульнымі — з тымі ці іншымі варыяцыямі. Думаецца, выпрацоўка агульных падыходаў да іх — якая, уласна, і адбывалася сёння ў Авальнай зале вашай чароўнай бібліятэкі — дазволіць усім нам разгледзець гэтыя праблемы больш дэталёва і, адпаведна, знайсці аптымальныя шляхі для іх вырашэння. Бо абмен досведам заўсёды ўзаемаўзбагачае. 



 /i/content/pi/cult/117/363/Uzbekistan.jpg
Намеснік міністра па справах
культуры і спорту Рэспублікі Узбекістан Азамат ХАЙДАРАЎ:
 

“Я пакідаю Беларусь з пачуццём задавальнення” 

— Само жыццё сведчыць за тое, што кантакты паміж нашымі краінамі павінны пашырацца і паглыбляцца, асабліва кантакты ў галіне культуры. Абсалютна перакананы: нашы сустрэчы з калегамі даюць вялікі штуршок развіццю культуры ва ўсіх краінах СНД. Таму я пакідаю вашу дзяржаву з пачуццём задавальнення і буду чакаць плёну ад тых ініцыятыў, якія мы сёння абмеркавалі, — як у рамках пасяджэння, так і ў кулуарах. Сярод іх — і абмен гастролямі, і ўдзел у фестывалях. Кожны такі праект умацоўвае сяброўства паміж народамі і, без перабольшвання, робіць чынны ўнёсак ва ўсталяванне міру ва ўсім свеце. Бо без духоўнай базы свет ніколі не здолее існаваць. Культура — самы галоўны мост які збліжае паміж сабой народы. І сённяшняе мерапрыемства стала важным крокам насустрач адзін аднаму. Мяне вельмі цешыць, што год ад года кантакты былых рэспублік СССР становяцца ўсё больш шчыльнымі і прадуктыўнымі.Асобны дзякуй хацелася б сказаць арганізатарам гэтага пасяджэння. У мяне склалася ўражанне, што ў вашым Міністэрстве культуры працуе зладжаная прафесійная каманда на чале з Уладзімірам Матвейчуком.
— Мінск і Душанбе падзяляюць многія тысячы кіламетраў. Наколькі выяўляецца гэтая адлегласць? Ці можна правесці пэўныя паралелі паміж культурамі нашых народаў?
— У Мінску я ўпершыню. І — уяўляеце! — пачуваю сябе тут быццам дома! У вас папраўдзе цудоўныя людзі, чые вочы поўняцца дабрынёй. І пакідаючы ваш гасцінны край, я думаю толькі пра адно: дай Бог, каб сяброўства паміж нашымі народамі ўмацоўвалася з кожным днём.
Што да падабенстваў… Маё знаёмства з вашым мастацтвам сведчыць за тое, што яны ёсць. Так, геаграфічная адлегласць паміж нашымі краінамі вельмі вялікая, але ж для культурных адносін гэты фактар зусім не перашкода. Думаю, скіроўваючыся да вас на гастролі, нашы артысты не заўважаць даўжыні дарогі.
— Якое ўражанне ад гэтага візіту стала для вас найярчэйшым?
— Перш-наперш, гэта, вядома, наведванне вашай Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта нават не бібліятэка, а цэлы горад кнігі! Мне даводзілася бываць у многіх краінах свету, але нідзе я не бачыў такіх дзівосаў. Пра іх яшчэ доўга буду распавядаць у сябе на радзіме. Вялікі дзякуй беларускаму Прэзідэнту за ягоны ўдзел у будаўніцтве гэтага горада кнігі! Думаецца, яго паўстанне стала вялікім падарункам усяму беларускаму народу, і асабліва — моладзі. 


 /i/content/pi/cult/117/363/Kazahstan.jpg
Віцэ-міністр культуры і інфармацыі Рэспублікі Казахстан Аскар БУРЫБАЕЎ:
 

“ Мы ўсе — з аднаго казана” 

— Мерапрыемства прайшло ў рабочым рэжыме, было шмат канкрэтыкі. Мы вырашылі ўсе запланаваныя на сёння пытанні. Думаю, такога стопрацэнтнага выніку нам удалося дасягнуць дзякуючы канструктыўнай пазіцыі ўсіх удзельнікаў пасяджэння адносна ўзнятых на ім праблем, а таксама, не ў апошнюю чаргу, якаснай арганізацыі. У вашым Міністэрстве культуры сфармавана вельмі прафесійная каманда.Таму мае ўражанні выключна станоўчыя.
Развіваючы супрацоўніцтва тымі тэмпамі, якія былі прадэманстраваны сёння, мы хутка дасягнем вялікага плёну. Наша задача — аднавіць сувязі, якія некалі, на жаль, былі страчаны. І кожная з такіх сустрэч, што адбываюцца два разы на год, робіць у гэты высакародны працэс істотны ўнёсак.
— Адным з непасрэдных спосабаў узбагачэння культурных кантактаў з’яўляецца міжнародны фестывальны рух…
— Сёння я прапанаваў калегам узяць удзел у нашым фестывалі “Апералія”. Але ж у нас праходзяць і іншыя буйныя міжнародныя форумы — возьмем хаця б кінафестываль “Еўразія”. Па нашай краіне праходзіць мяжа паміж Еўропай і Азіяй, і гэта дазваляе нам запрасіць на фэст кінематаграфістаў з усяго мацерыка.Сёння прагучала цікавая прапанова — зрабіць Дзень Казахстана на “Славянскім базары ў Віцебску”. І падобныя кантакты мне лёгка ўдалося наладзіць з многімі краінамі. Бо, як у нас кажуць, мы ўсе — з аднаго казана.
— Ці ёсць цікавасць да культуры Беларусі ў вашай краіне?
— Так, яна вельмі вялікая. Бо ваша культура развіваецца ва ўсіх яе праявах — і народная, і акадэмічная, і сучасная. Мы плануем запрасіць да сябе многія вашы калектывы. У нас вялікая беларуская дыяспара, у Астане працуе Беларускі культурны цэнтр. Таму нашы краіны шмат што звязвае.Перыяд застою ў адносінах паміж намі даўно скончыўся, і ў апошнія гады можна адзначыць прыкметную дынаміку развіцця супрацоўніцтва. 


 /i/content/pi/cult/117/363/Armenia.jpg
Міністр культуры і
па справах моладзі Рэспублікі Арменія Асмік ПАГАСЯН:
 

“Праблематыка, актуальная для ўсіх” 

— Вядома, найперш уражвае сама Нацыянальная бібліятэка. Уражвае тое, што кнізе, слову ў нашы часы надаецца такое значэнне. Гэта паказвае стаўленне беларускай дзяржавы да сваіх традыцый, сваёй спадчыны. Для нас вельмі важна, што пасяджэнне Савета праводзіцца менавіта ў такім асяродку культуры. Што датычыць самога пасяджэння — мы абмяркоўвалі вельмі важныя для ўсіх нас праблемы. Калі тая ці іншая краіна ўзнімала канкрэтнае пытанне, да абмеркавання далучаліся ці не ўсе, бо выяўляецца, што гэтае пытанне датычыць практычна кожнага з удзельнікаў.Адзінае, што я магу ўсім нам пажадаць, — каб мы змаглі рэалізаваць пастаўленыя перад намі задачы. І ад’язджаю з надзеяй, што за тэрмін, які праміне да наступнага пасяджэння, — 7-8 месяцаў — мы выканаем усё, што сёння было запланавана.
— Цікава было б даведацца, якая дзяржаўная падтрымка аказваецца ў Арменіі культуры і, у прыватнасці, маладзёжнай культуры, маладым талентам?
— Падкрэслю, што назва інстытуцыі, якую я ўзначальваю, — Міністэрства культуры і па справах моладзі. Такім чынам, мы зыходзім з таго, што культура неаддзельна злучана з маладзёжнай праблематыкай. Таму ажыццяўляюцца грантавыя праграмы, накіраваныя на падтрымку розных маладзёжных праектаў. Гэта і творчыя ініцыятывы, і даследчыя, і ўдзел у міжнародных фестывалях, і сацыяльныя праекты. Таму, лічу, у гэтым рэчышчы ў нас няма асаблівых праблем. Іншая справа, што мы вызначаем прыярытэты і кіруемся імі ў сваёй дзейнасці, бо надаць аднолькавую ўвагу ўсім сферам культуры адначасова немагчыма. У нас дзейнічаюць шмат грамадскіх фондаў, якія дапамагаюць адораным дзецям. Гэтым фондам аказвае падтрымку дзяржава, таксама створаны заканадаўчыя механізмы для спонсарскіх унёскаў.
— А якія накірункі працы сёння прыярытэтныя для армянскай культуры?
— Гэта, безумоўна, стварэнне для насельніцтва раўнапраўнага доступу да ўсіх сфер культуры. Кааб не было такіх сітуацый, што з-за сацыяльных праблем, геаграфічнай аддаленасці ад вялікіх гарадоў людзі не могуць далучацца да лепшых узораў хараства. Другі прыярытэт — мастацкая адукацыя. Асобная праграма распрацавана для падтрымкі ігры на народных інструментах. Сёлета мы цалкам забяспечылі дзяржаўным фінансаваннем навучанне дзяцей, якія абралі народныя інструменты. У 2008 годзе будзе выдзелена дзяржаўная датацыя для навучання ігры на духавых. У нас шмат калектываў, якія выконваюць класічную музыку, і мы павінны загадзя клапаціцца аб кадрах, якія будуць іх папаўняць.
— Якім вам бачыцца культурнае супрацоўніцтва Арменіі з Беларуссю ў будучым?
— З-за раптоўнага і заўчаснага адыходу нашага прэм’ер-міністра правядзенне Дзён культуры Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь давялося адкласці. Але толькі што я размаўляла на гэтую тэму з міністрам культуры Беларусі Уладзімірам Матвейчуком, і мы намецілі правядзенне Дзён культуры Арменіі на 21 — 28 кастрычніка гэтага года. Гаварылі таксама аб тым, што трэба вельмі рознапланава, рознымі жанрамі прадставіць армянскае мастацтва. У Беларусь прыедуць творчыя калектывы, вядомыя прадстаўнікі армянскай інтэлігенцыі правядуць сустрэчы ў ВНУ, адбудуцца выстаўкі выяўленчага мастацтва, выступяць 2-3 тэатральныя калектывы. А ўвогуле я мяркую, што нашым краінам трэба не толькі ў Дні культуры, але пастаянна падтрымліваць творчыя стасункі, і не толькі па планавых праграмах, а прыйсці да таго, каб для нас такі ўзаемаабмен стаў жыццёвай неабходнасцю. Я вельмі хацела б, кааб вы звярнулі ўвагу на літаратурныя сувязі, творчыя кантакты, урэшце, на простыя сяброўскія зносіны людзей. Калі мы зможам іх забяспечыць, я ўпэўнена, што ў гэтым рэчышчы будуць нараджацца і творчыя працэсы. 


 /i/content/pi/cult/117/363/Russia.jpg
Міністр культуры
і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі Аляксандр САКАЛОЎ:
 

“Новыя пункты судакранання” 

— Праз прызму Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД сталі больш бачнымі новыя актуальныя пункты судакранання паміж нашымі краінамі. Дзякуючы яго канструктыўнай працы, мы не толькі інтэнсіфікуем нашы кантакты ва ўжо распрацаваных рэчышчах, але і знаходзім новыя.
— Якія сумесныя культурныя праекты Расіі і Беларусі будуць рэалізоўвацца ў бліжэйшы час?
— Найбліжэйшай культурнай падзеяй стане “Славянскі базар у Віцебску”. Наша краіна, як заўсёды, рыхтуецца да ўдзелу ў гэтым фестывалі самым актыўным чынам. Ужо фармуецца праграма Дня Расіі, якая, думаецца, нікога з гледачоў не расчаруе. Таксама расійскія артысты стануць удзельнікамі іншых фестывальных імпрэз. Разам з тым, у нас ёсць перспектывы, звязаныя з праектамі агульнадзяржаўнага значэння. Нацыянальная бібліятэка Беларусі, дзе мы цяпер знаходзімся, — лепшае пацвярджэнне таму, што беларуская дзяржава ў велізарных маштабах ужо рэалізавала тое, да чаго Расія цяпер падыходзіць, — але як бы з іншага боку. Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі аб’явіў канцэпцыю стварэння Прэзідэнцкай бібліятэкі. Яна будзе не проста унікальным месцам для захавання кніг, хаця і для гэтага ёсць усе перадумовы. Рэалізацыя гэтай канцэпцыі патрабуе карэннага пераасэнсавання ўсёй сістэмы бібліятэчнай справы. І тут мы, канешне, гатовы не толькі супрацоўнічаць з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, але і скарыстаць досвед і адпаведныя распрацоўкі яе калектыву.Гэтыя праекты гарманічна ўключаюцца ў канцэпцыю адзінай культурна-інфармацыйнай прасторы Расіі і Беларусі. Праграма Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і планы агенцтваў па культуры і кінематаграфіі якраз прадугледжваюць двухбаковыя праекты такога кшталту. У нас ёсць праграмы, звязаныя з архіўнай справай, з музейнай галіной, з выставачнай дзейнасцю. Інфармацыю аб іх можна знайсці на сайце нашага Міністэрства.Таксама варта дадаць, што сёння Расіяй і Беларуссю было падпісана двухбаковае пагадненне ў галіне СМІ аб уваходжанні ў агульную інфармацыйную прастору. Яно павінна быць рэалізавана на працягу двух гадоў. 


 /i/content/pi/cult/117/363/Ukraine.jpg
Міністр культуры Украіны
Юрый БАГУЦКІ:
 

“Беларускі досвед — неацэнны” 

— Адбылася вельмі дзелавая, агульнакарысная гутарка. Напрыклад, мы грунтоўна абмеркавалі пытанне — між іншым, вельмі балючае для Украіны — адносна вяртання культурна-мастацкіх каштоўнасцей, якія ў час Другой сусветнай вайны былі незаконна звезены за мяжу. І прыйшлі да агульнай высновы: неабходна зрабіць агульную заяву ў ЮНЕСКО наконт некаторых непрымальных перашкод для Украіны, Расіі, Беларусі, іншых краін па вяртанні гэтых каштоўнасцей…Абмеркавалі і праект стварэння Асацыяцыі вышэйшых музычных навучальных устаноў. За савецкім часам музычная адукацыя была больш зладжанай: С.Пракоф’еў стварыў грунтоўную сістэму дзіцячай музычнай адукацыі і выхавання, якая прыносіла неймаверны плён. І трэба абавязкова рэканструяваць гэты каштоўны досвед.
— Якія напрацоўкі нашага Міністэрства культуры вы б перанялі для сябе?
— Найбольш каштоўнай падаецца ўвага да паглыблення зместу культасветработы, развіцця ўстаноў культуры не толькі ў гарадах, але і ў вёсках. У перыяд трансфармацыі Украіна згубіла многія ўстановы культуры, асабліва ў невялікіх сёлах. Ранней было 26 тысяч клубных устаноў, цяпер іх толькі 20 тысяч. Працэс гэты мы спынілі, нават пачалі пашыраць сетку клубаў. А Беларусь пазіцый тут ніколі не губляла. І горад, і самая аддаленая вёска заўжды былі пад самай пільнай дзяржаўнай увагай. І плён гэтых шчыраванняў досыць прыкметны. Узяць хаця б вашу Нацыянальную бібліятэку — апошняе слова ўсіх тэхналогій, сапраўдны цуд! Дзяржава змагла сканцэнтравана выкарыстаць рэсурсы для таго, каб стварыць такі адукацыйны, культасветніцкі і інфармацыйны цэнтр. Так што беларускі досвед у развіцці сферы культуры і духоўнасці проста неацэнны і варты паўсюднага пераймання.
— Якія кірункі дзейнасці з’яўляюцца для Міністэрства культуры Украіны найважнымі?
— Цяпер ідзе, так бы мовіць, мадэрнізацыя нашай культуры. 10 мая ў Камітэце па культуры Савета Еўропы прагучаў наш нацыянальны даклад аб развіцці культурнай палітыкі Украіны. Другі этап нашай дзейнасці — удасканаленне заканадаўства. Мы распрацавалі праект новага Закона аб культуры, вынеслі яго на разгляд у Вярхоўны Савет. Займаемся ўдасканаленнем кінавытворчасці, якая павінна адпавядаць новым рынкавым механізмам. Ад сістэмы дзяржзаказу пераходзім да сістэмы падтрымкі (дзяржзаказ застаецца толькі на дзіцячае, навукова-папулярнае, хранікальна-дакументальнае кіно), прадзюсерства ў мастацкім, ігравым кінематографе… І адным з важных кірункаў нашай дзейнасці застаецца, натуральна, ахова культурнай спадчыны.
— У 2003 — 2004 гадах Украіна і Беларусь абмяняліся Днямі нацыянальнай культуры. Калі чакаць наступнага культурніцкага ўзаемаабмену?
— Гатовы правесці Дні культуры Беларусі ва Украіне, а Дні Украіны — на Беларусі ў наступным годзе. У нас няма перашкод, непаразуменняў у духоўных стасунках. Вельмі важна не перарываць такі ўзаемакарысны дыялог. Гэта інерцыйная сістэма, звязаная з творчасцю, пераемнасцю пакаленняў. 

Матэрыял падрыхтавалі
Святлана ІШЧАНКА,
Яўген РАГІН, Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА