Гран-пры— “Споведзі”

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

Тры дыпломы і Гранпры — менавіта столькі ўзнагарод выхаванцы Лідскай дзіцячай школы мастацтваў прывезлі з VIII Міжнароднага Маскоўскага каляднага конкурсу-фестывалю дзіцячай выяўленчай творчасці “Віфлеемская зорка”. Юныя ўдзельнікі з Расіі, Беларусі, Украіны, Малдовы, Балгарыі, Сербіі прадставілі каля чатырох з паловай тысяч малюнкаў.

— Калі яшчэ год таму Беларусь на конкурсе была прадстаўлена чатырма-пяццю ДШМ,— распавядае выкладчыца Лідскай школы мастацтваў Тэрэса Кедык,— дык гэтым разам іх колькасць стала большай за дзесятак.

Гран-пры “Віфлеемскай зоркі” атрымала (у сваёй узроставай групе) за работу “Споведзь” навучэнка Лідскай ДШМ Настасся Ходырава. Апрача “Крыштальнага храма” ёй уручылі каталогі з малюнкамі і ноўтбук.

Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана за работу “Гефсіманскі” скіт. Напярэдадні Каляд лідская вучаніца Валянціна Федзюкевіч. Дарэчы, дзяўчына апошнім часам паспяхова ўдзельнічае ў міжнародных конкурсах выяўленчага мастацтва: увосень атрымала дыплом на конкурсе “Чэхаў і героі яго твораў”, што ладзіўся ў Таганрогу...

Таксама дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана Наталля Орышыч. Дыплом ІІІ ступені атрымаў адзін з наймалодшых вучняў Лідскай ДШМ — Рыгор Марозаў. Перамога ў “Віфлеемскай зорцы” для Наталлі і Рыгора стала першым творчым дасягненнем.

Справаздачная выстаўка была зладжана ў храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве. У выставачны каталог, натуральна, увайшлі і творы юных лідскіх мастакоў.

Аляксандр МАЦЫЛЕВІЧ

Ліда