“Залаты абанемент” і “Дом без адзіноты”, або Як жывеш, ветэран?

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

Адказ на гэтае пытанне быў дадзены летась на пашыраным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета ветэранаў культуры Віцебшчыны, на якім выступілі старшыні ветэранскіх саветаў Тамара Ігнацьева з Оршы, Валянціна Мінаева з Ліёзненскага і Валянціна Барысава з Аршанскага раёнаў.

Напачатку хочацца сказаць крыху пра Валянціну Васільеўну Барысаву. Заслужанаму работніку культуры краіны, Валянціне Васільеўне— 80 гадоў, а яе энергіі, эмацыйнасці хапіла б на некалькі чалавек. Актыўная жанчына — пастаянны ўдзельнік раённага культурнага жыцця. Не стаў выключэннем і мінулы год, асветлены 65-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Валянціна Васільеўна сустракалася з моладдзю, выступала на мітынгах ля помнікаў савецкім воінам у вёсках Панізоўе, Зубава, у пасёлку Копысь. Адзін з вечароў у пасёлку Высокае з удзелам Барысавай прысвячаўся жанчынам. З гэтай нагоды рыхтавалася выстаўка кніг  “Гэта наша з табой біяграфія”. Гасцей віншаваў народны хор “Высачаначка”, дзе кіраўніком і кампазітарам з’яўляецца Анатоль Бераснеў. Вершы пра жанчын чыталі школьнікі.

/i/content/pi/cult/249/3627/12.jpg
Валянціна Барысава і Галіна Клёсава
Якія ж меркаванні прагучалі на пасяджэнні?

Адказны сакратар абласнога Савета ветэранаў культуры Марыя Гулідава прааналізавала леташнія здзяйсненні, казала пра перспектывы работы Савета ў 2010-м. Прыемна было чуць, што народжаны ў Глыбоцкім раёне вопыт па выкарыстанні “Залатога абанемента” (заахвочвальная магчымасць бясплатнага наведвання культурна-масавых мерапрыемстваў свайго раёна для ветэранаў галіны) укараніўся ўжо ў Шаркаўшчынскім, Докшыцкім і Дубровенскім раёнах. Ва Ушацкім, Верхнядзвінскім і Міёрскім раёнах гэты досвед вывучаецца.

Ветэраны культуры Сенненскага раёна бралі актыўны ўдзел у акцыі “Тыдзень роднай зямлі”. Былі добраўпарадкаваны ўстановы культуры, прылеглыя да іх тэрыторыі, уласныя сядзібы.

“За будучыню Радзімы— у адказе”— тэатралізаваная дзея пад такой назвай праходзіла з нагоды 65-годдзя вызвалення Беларусі ў Шуміліне. Ветэраны сталі актыўнымі ўдзельнікамі прадстаўлення.

Вынікова дзейнічаюць ветэраны культуры і ў Віцебскім раёне. Яны каардынуюць  працу з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, грамадскай арганізацыяй Чырвонага Крыжа, ладзяць сумесныя мерапрыемствы, выкарыстоўваюць магчымасці аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння ветэранаў, вядуць летапіс сваіх штодзённых намаганняў. Узорным у гэтым плане падаецца вопыт работы з ветэранамі ў аграгарадку “Ноўка” Віцебскага раёна. А ў Полацкім раёне для вывучэння ветэранскіх патрэб будзе праводзіцца анкетаванне.  

У Дубровенскім раёне дзейнічае ветэранскі клуб “Дом без адзіноты”, актывісты якога пастаянна праяўляюць клопат аб паплечніках. “Залатым фармулярам” карыстаюцца ветэраны бібліятэчнай справы ў Гарадоцкім раёне. Гэтае заахвочванне дае магчымасць бясплатнага карыстання камерцыйным кніжным фондам. А ў Полацкай ЦБС існуе 20-працэнтная скідка на паслугу “выдача літаратуры павышанага попыту” для пенсіянераў. Аддзел абслугоўвання Полацкай цэнтральнай бібліятэкі працуе па праграме “Залаты ўзрост”.

Ветэраны нашай сферы застаюцца творцамі: да прыкладу, чацвёрты год у Гарадоцкім раёне дзейнічае ветэранскі хор “Кацюша”, створаны па  ініцыятыве колішняга загадчыка аддзела культуры Зоі Жолудзь...

Напрыканцы пасяджэння прагучала досыць канкрэтная выснова: вопыт ветэранаў культуры (а іх больш за тысячу) вельмі запатрабаваны ў вобласці.

Галіна КЛЁСАВА,

старшыня  прэзідыума абласнога

Савета  ветэранаў работнікаў культуры  Віцебскай вобласці,

заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь