Каб было, “як у Мінску”

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

Праблемныя аспекты рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў

/i/content/pi/cult/249/3626/11-.jpg Праграма “Моладзь”: сацыякультурны зрэз

Галоўная мэта Рэспубліканскай праграмы “Моладзь Беларусі” на 2006 — 2010 гады — паслядоўная рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Адказным выканаўцам гэтай праграмы з’яўляецца, натуральна, і Міністэрства культуры.

 Задачы для культработнікаў Беларусі, паводле дакумента, пастаўлены канкрэтныя і разнастайныя: прадугледжана cтварэнне культурна-этнаграфічных цэнтраў, сядзібна-этнаграфічных комплексаў, якія спрыялі б адраджэнню цікавасці ў моладзі да традыцыйных рамёстваў і промыслаў, у тым л
/i/content/pi/cult/249/3626/11.jpg
Новы будынак асіповіцкага краязнаўчага музея.
іку на базе тых дамоў (цэнтраў) фальклору, народнай творчасці, што ўжо існуюць (пункт 23 Рэспубліканскай праграмы); стварэнне, арганізацыя работы музейных экспазіцый, прысвечаных маладзёжнаму руху ў Беларусі (пункт 27), развіццё клубнай і гуртковай працы з моладдзю (пункт 29); правядзенне інфармацыйна-асветніцкіх і выхаваўчых мерапрыемстваў па павышэнні прэстыжу сям’і, фарміраванні асэнсаванага бацькоўства, этыцы і псіхалогіі сямейных адносін (пункт 49); пашырэнне практыкі правядзення на базе спартыўных і культурных цэнтраў сямейных і фізкультурна-аздараўленчых і культурна-масавых мерапрыемстваў (пункт 50).

Сярод раёнаў, якія досыць паспяхова выконваюць названую праграму, — Асіповіцкі. Начальнік мясцовага аддзела культуры Ірына Раманчук мае  досвед у наладжванні маладзёжнай палітыкі ў горадзе і раёне. Усё натуральна: да прыходу на пасаду начальніка культуры Ірына Раманчук некалькі гадоў працавала ў аддзеле па справах моладзі Асіповіцкага райвыканкама.  Таму ўсе праблемы, якія датычаць працы і адпачынку мясцовай моладзі, ведае не з чужых слоў.

 

Не проста танцы

Наша размова з начальнікам аддзела культуры Асіповіцкага райвыканкама Ірынай Раманчук пачалася, натуральна, з пытанняў маладзёжнай палітыкі ў горадзе. 2010 год, як вядома, — год завяршэння Рэспубліканскай праграмы “Моладзь Беларусі”. Ці можна ўжо гаварыць аб нейкіх дасягненнях, аб тых праблемных момантах, якія выявіліся цягам апошніх чатырох гадоў рэалізацыі праграмы?

— За гэтыя гады, — кажа Ірына Раманчук, — у горадзе і раёне зроблена нямала. Асаблівую ўвагу, да прыкладу, скіроўвалі на ўдасканаленне матэрыяльнай базы. Вось толькі некалькі лічбаў і фактаў. Пазалетась для капітальнага рамонту будынка і памяшканняў РЦК выкарысталі прыкладна два мільярды рублёў. І ў мінулым годзе капітальна адрамантавалі шэраг устаноў горада і раёна — прыкладна на мільярд рублёў… Што ж, згодны з Ірынай Аляксандраўнай: добрая матэрыяльная база — гэта трывалы падмурак для развіцця культурных паслуг як у горадзе, так і на раёне. Але  новыя або адрамантаваныя РЦК, СДК, СК — яшчэ не гарантыя таго, што юнакі і дзяўчаты тут — наведвальнікі з ліку пастаянных.

— Я мяркую, — кажа начальнік аддзела культуры Асіповіцкага райвыканкама, — што адзін з урокаў праграмы “Моладзь Беларусі” — гэта разуменне таго, што традыцыйная дыскатэка “аджывае”. Змяняецца свет, змяняюцца інтарэсы моладзі, і таму культработнікам варта шукаць новыя падыходы ў правядзенні дыскатэчных мерапрыемстваў. Гэта тэматычныя праграмы, а таксама такія формы арганізацыі маладзёжнага адпачынку, якія скіраваны на зносіны паміж падлеткамі…

 Трэба, па словах начальніка аддзела культуры, стварыць арыгінальныя новыя сцэнарыі правядзення дыскатэк, разнастаіць тэматыку і рэпертуар. І пэўныя захады ў гэтым накірунку ўжо робяцца.

— Напрыклад, адбыліся змены ў рэпертуарнай “палітыцы” галоўнай установы культуры горада — раённым Цэнтры культуры, — кажа Ірына Раманчук. — Летась у адрамантаваным РЦК былі праведзены анкетаванні наведвальнікаў маладзёжнай дыскатэкі: “РЦК, моладзь, дыскатэка” і “Дыскатэка і рэпертуар”. У выніку змянілі “танцавальны” змест работы, увялі шэраг новых праграм. І моладзі на дыскатэцы паболела.

Пераканана начальнік аддзела культуры і ў тым, што цяпер моладзь хоча не проста танцаваць, а жадае “патусавацца”: каб было дзе пасядзець, пагаварыць… Тое ж самае казалі і маладыя асіпаўчане пад час майго невялікага апытання наконт раённага Цэнтра культуры…

— Калі даводзілі да ладу РЦК, — распавяла Ірына Раманчук, — дык планавалі зрабіць на другім паверсе асобнае памяшканне — так званую барную стойку на ўваходзе ў танцавальную залу. І яна там абавязкова з’явіцца ў самы бліжэйшы час. Трэба арганізоўваць і ў іншых клубных установах у вялікіх вёсках і аграгарадках раёна такія куткі, дзе будзе невялічкае кафэ. Натуральна, ніякіх спіртных напояў там не павінна быць.

 А вось яшчэ адна праблема, якая хвалюе начальніка аддзела культуры.

— Маладых асіпаўчан не часта можна сустрэць на канцэртах беларускіх эстрадных зорак, — кажа Ірына Раманчук. — Менавіта на гэта звярнуў увагу народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка на выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Пераканана, што нам неабходна больш увагі надаваць рэкламе канцэртаў, планава наведваць школы,  прадпрыемствы горада і запрашаць моладзь на мерапрыемствы.

І яшчэ адна “дзялянка”, дзе Ірына Аляксандраўна бачыць шмат не выкарыстаных магчы масцей, — кінавідэасетка. З пракату фільмаў можна і патрэбна атрымліваць неблагія дывідэнды. 

— Будучыня — за 3D-тэхналогіямі, — упэўнена Ірына Раманчук, — менавіта на такое кіно моладзь ходзіць найбольш. На жаль, пакуль што не маем фінансавага “капіталу”, каб завесці такую тэхніку ў нашым кінатэатры. Пытанне — адно з перспектыўных.

 

А школы дзіджэяў няма…

 Моладзь у сельскай мясцовасці таксама не абдзелена ўвагай аддзела культуры Асіповіцкага райвыканкама. Напрыклад, спецыялісты Цэнтралізаванай клубнай сістэмы старанна шчыруюць над стварэннем тэматычных дыскатэк.

— Вельмі запатрабаваны тэматычныя дыскапраграмы “Мы— за здаровы лад жыцця”,— кажа Ірына Раманчук.— У 23 з 29 клубаў раёна створаны дыскаклубы, дзе працуюць дзіджэі, вядучыя дыскатэкі і ладзяцца конкурсныя, гульнявыя праграмы, пастаянна ўдасканальваецца іх рэпертуар. 

Хто ж такія — дзіджэі “па-асіповіцку”? Па словах Ірыны Аляксандраўны, гэта, зазвычай, падлеткі, якія працуюць на добраахвотных пачатках. Школы дзіджэяў у Асіповічах няма. І гэта, натуральна, — таксама праблема. Такія школы ўжо існуюць на Віцебшчыне і на Міншчыне (пра што наша газета пісала ў дні Рэспубліканскага агляду-конкурсу дыскатэчных праграм, а таксама ў час правядзення Рэспубліканскага семінара-практыкума па гэтай тэматыцы). І стварэнне іх — не нейкая прыхамаць, а патрэба часу.

Да таго ж, тэхнічнае абсталяванне для танцавальных вечароў у шэрагу ўстаноў культуры раёна даволі слабое. Гэта пацвердзіла і дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ірына Маслава.

— Часам, каб правесці на належным узроўні дыскатэку,— распавяла яна,— тыя ж дзіджэі або наведвальнікі прыносяць свае камп’ютэры, дыскі, апаратуру… Бо ні для кога не сакрэт: моладзь хоча сучаснага абсталявання, каб было, “як у Мінску”. А ў нас у 14 аграгарадках толькі ў 3 клубных установах ёсць камп’ютэры, якія выкарыстоўваем у час правядзення дыскатэк… 

— Тут, канешне, негатыўную ролю адыграў эканамічны крызіс,— каменціруе сітуацыю Ірына Раманчук.— На закупку дыскатэчнага абсталявання планавалася патраціць летась 70 мільёнаў рублёў. Гэтай сумы мы не атрымалі… 

 

Хто падхопіць фальклорную эстафету?

Зразумела, дыскатэкі— гэта толькі адзін “бок” той маладзёжнай палітыкі, што праводзіцца аддзелам культуры на сяле. У сельскіх дамах культуры, у сельскіх бібліятэках створаны шматлікія творчыя калектывы, аматарскія аб’яднанні, якія з ахвотай наведвае моладзь. Але…

Нягледзячы на тое, што на Асіповіччыне існуе 20 творчых калектываў са званнем “народны”, толькі адзін з іх можа пахваліцца тым, што ў яго складзе моладзі больш за палову, — гэта народны ансамбль беларускай музыкі і песні “Сузор’е” Пратасевіцкага СДК. Дэфіцыт моладзі назіраецца і ў іншых народных калектывах. І без гэтага “маладзёжнага” складніка вельмі цяжка казаць пра пераемнасць традыцый і захаванне народнай культуры Асіповіцкага раёна. Ды і не толькі на Асіповіччыне, а і ў іншых рэгіёнах Магілёўскай вобласці.

Гэтая “рэгіянальная” праблема, як падаецца, вартая абмеркавання на старонках рэспубліканскага друку. Спашлюся пры гэтым на словы намесніка начальніка ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама Святланы Казловай, якія прагучалі пасля “круглага стала”, што ладзіўся нашай рэдакцыяй напрыканцы мінулага года (гл. “К” №52). Тады Святлана Анатольеўна гаварыла пра актуальны і патрэбны Рэспубліканскі конкурс “Зорка ўзышла над Беларуссю” і заўважыла, што гэтае мерапрыемства выявіла сур’ёзную праблему: маладых народных калектываў, якія годна прадстаўлялі б свой рэгіён у намінацыі “Народныя спевы”, вельмі мала, ды і якасць іх выступленняў магла б быць значна лепшай. З думкай Святланы Казловай згодны і іншыя спецыялісты розных абласных упраўленняў культуры, з якімі мне давялося гутарыць пад час збору інфармацыі па ходзе правядзення першага этапа Рэспубліканскага конкурсу.

 

 “Анты-поп” на сяле не прыжываецца

У Асіповічах існуе, так бы мовіць, “эпіцэнтр” работы з моладдзю — шматпрофільная маладзёжна-падлеткавая ўстанова “Равеснік”, якая з сакавіка мінулага года з’яўляецца структурным падраздзяленнем аддзела культуры Асіповіцкага райвыканкама (раней  знаходзілася на балансе райвыканкамаўскага аддзела па справах моладзі). 

— Наша ўстанова адкрылася яшчэ ў 1996 годзе, — кажа дырэктар “Равесніка” Таісія Амяльяньчык, — і да пераводу пад аператыўнае кіраўніцтва аддзела культуры мы ніколі не гублялі сувязі з шэрагам аддзелаў райвыканкама: культуры, адукацыі, спорту і турызму, па справах моладзі, з грамадскімі арганізацыямі. Мы заўсёды працавалі і працуем у звязцы.  Чым жа прываблівае “Равеснік”?

 Тут паспяхова дзейнічае шэраг клубных фарміраванняў, самыя запатрабаваныя з іх — спартыўныя: ва ўстанове ёсць шэраг трэнажораў, гурток настольнага тэнісу. 

Яшчэ адзін сапраўдны эксклюзіў “Равесніка”: трэці год запар тут праходзіць Фестываль альтэрнатыўнай музыкі “Анты-поп”. А ўвогуле на базе Цэнтра існуе чатыры гурты, што працуюць у гэтым музычным накірунку! У якім яшчэ раённым горадзе “альтэрнатыўныя” музыкі могуць пахваліцца тым, што іх так падтрымліваюць? 

Адсюль, натуральным чынам, узнікла і чарговая “фішка” ўстановы: з 2004 года тут праводзіцца рэгіянальны фестываль па брэйкдансу, electric boogie пад дэвізам “Моладзь — за здаровы лад жыцця”. У Асіповічы на час фестывалю прыязджаюць хлопцы з Сельскагаспадарчай акадэміі з Горак, з Чавусаў, Мінска, Старых Дарог — геаграфія вялікая. Летась, у чэрвені, прыязджала група з абласнога цэнтра — Магілёва. 

На жаль, вопыт “Равесніка” не пераймаюць на сяле. Як расказала мне галоўны спецыяліст Асіповіцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Таццяна Логвін, з якой пагутарыў на гэтую тэму, брэйкданс можна пабачыць толькі ў двух клубах, ды і то на ўзроўні самадзейнасці.

 Як лічыць Таццяна Логвін, у гэтай праблеме ёсць і яшчэ адзін нюанс: як від мастацтва гэты танцавальны накірунак многія людзі яшчэ не ўспрымаюць.

— Яны могуць паглядзець, у захапленні сказаць: “Ух ты!”,— кажа Таццяна Уладзіміраўна,— але гэтым усё і абмяжуецца.

Але ж, пагадзіцеся, можна нейкім чынам заахвоціць спецыялістаў, каб яны развівалі ў Асіповічах альтэрнатыўны танцавальны накірунак. Тым больш — такі запатрабаваны ў маладзёжным асяродку. Па каментарый звярнуўся да Ірыны Раманчук. 

— Гэтым, як мне падаецца, павінен займацца харэограф, — адказала яна, — але нашы спецыялісты не валодаюць названым стылем. Звычайна гэта самавукі. І тут ёсць праблема, бо такі прафесіянал сапраўды змог бы зацікавіць моладзь. Тут патрэбны спецыяліст, на маю думку, эстраднацыркавога накірунку. Дзе іх узяць?

Сваё меркаванне і ў Таісіі Амяльяньчык:

 — У Асіповічах ёсць такія самавукіспецыялісты, — кажа яна, — але яны не хочуць набіраць групы, адказваць за навучанне. Напрыклад, да нас ходзіць, ужо даволі доўга, адзін з такіх самавукаў — Міхаіл Сасонка. Адна справа, калі ён навучае 34 чалавек у вольны час, іншая — калі адказвае за навучанне 16 чалавек і працуе па графіку.

 

Міліцыя… у музеі

На жаль, у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі Асіповічаў, што размешчаны ў тым жа будынку, дзе і “Равеснік”, няма музейнай экспазіцыі, прысвечанай маладзёжнаму руху, хоць праца з моладдзю вядзецца досыць плённа. Музейшчыкі плануюць стварыць такую выстаўку ў будучым.

— У нас наладжаны шчыльныя сувязі са школамі, — кажа навуковы супрацоўнік музея Таццяна Вароніна, — і вайскоўцамі. Балазе вайсковая частка размешчана побач з нашай установай.

Цікавы і такі факт: на экскурсіях у музеі можна ўбачыць… маладых міліцыянераў. Справа ў тым, што дырэктар музея — Юрый Гарбачоў — былы супрацоўнік праваахоўных органаў. Зразумела, старыя сувязі вельмі прыдаліся і на новай пасадзе. 

Але цяпер найбольш чакаюць супрацоўнікі музея “пярэбараў” у новы будынак, які доўгі час рэканструюецца. Там будуць прадстаўлены шматлікія музейныя калекцыі, усяго ж у фондзе захоўваецца каля 6 тысяч адзінак. Цяпер справа за мастацкім праектам музейнай экспазіцыі, праца над якім ідзе ў Мінску.

 

Два спецыялісты — восем гурткоў

 Асіповіцкі раённы цэнтр народных рамёстваў і дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў выглядаюць сапраўдым культурна-этнаграфічным цэнтрам. Дзве ўстановы знаходзяцца пад адным дахам і ствараюць запатрабаваны асяродак для гарадскіх і раённых рамеснікаў.

 У раённым Цэнтры народных рамёстваў працуе 8 гурткоў, і найбольшым попытам у наведвальнікаў карыстаецца гурток керамікі. На жаль, салона-крамы ў РЦНР няма, а значыць, ні метадысты, ні навучэнцы не могуць прадаваць зробленае сваімі рукамі.

— Мы не маем статуса юрыдычнай асобы, — тлумачыць сітуацыю дырэктар установы Людміла Саламянкова, — і не можам арганізаваць на сваёй базе такі салон-краму. Хутчэй за ўсё, такая крама размесціцца ў будынку краязнаўчага музея.

У РЦНР працуюць дырэктар, метадыст і мастак. Атрымліваецца, два спецыялісты вядуць… восем гурткоў. Зразумела, што гэта досыць складана. Ды і філіялаў Цэнтра рамёстваў на раёне пакуль што няма. А гэта яшчэ адзін рэзерв эфектыўнай перадачы маладому пакаленню культурных здабыткаў нашых продкаў. Па словах начальніка аддзела культуры Асіповіцкага райвыканкама Ірыны Раманчук, стварэнне філіялаў РЦНР —  у перспектыўных планах.

А вось у дзіцячай школе мастацкіх рамёстваў працуе шэсць выкладчыкаў і ёсць два філіялы ў раёне: з 1 верасня мінулага года яны з’явіліся ў аграгарадках “Вяз’е” і “Ясень”. 

— У нас 97 навучэнцаў, — кажа дырэктар установы Алена Паргачова, — але гэта разам з навучэнцамі на раёне. Сёлета быў першы выпуск з васьмі чалавек.

Пагутарыў з выкладчыкам ДШМР Юрыем Туркіным. Летась на абласным конкурсе “Ганчарнае кола” ён заваяваў дыплом другой ступені. У яго сваё бачанне праблемы “прыцягнення” моладзі да традыцыйнага мастацтва.

— На маю думку, каб прыахвоціць падлеткаў да народных рамёстваў, — кажа Юрый Віктаравіч, — трэба ладзіць больш пленэраў, выставак-кірмашоў, дзе маладыя людзі могуць пабачыць, як працуе майстар, — і раённых, і рэгіянальных, і абласных. З’явіцца больш вучняў, больш зацікаўленых людзей, і тады можна будзе казаць пра планавую перадачу культурных традыцый і здабыткаў нашых продкаў.

 І апошні нюанс: нягледзячы на тое, што гурткі і класы керамікі карыстаюцца найбольшым попытам у маладых асіпаўчан, ні ў ДШМР, ні ў РЦНР няма печы для абпальвання гліняных рэчаў. Як кажа начальнік аддзела культуры Асіповіцкага райвыканкама Ірына Раманчук, электрычныя печы каштуюць вельмі дорага, і пакуль што з прычыны недастатковага фінансавання закупляць такія патрэбныя рэчы няма магчымасці.  

 

Адчуць сябе асобай  у дыялогу

Не магу не сказаць некалькі слоў пра Асіповіцкую раённую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. Пра яе дзейнасць мы даволі часта пісалі на старонках “К”.

 Па словах дырэктара Асіповіцкай ЦБС Валянціны Логвін, найбольш плённа бібліятэкі горада і раёна працуюць з моладдзю ў накірунку прапаганды здаровага ладу жыцця.

 — Праграма “Моладзь Беларусі”, — кажа Валянціна Людвігаўна, — па якой мы працуем, высветліла адну праблему: такая форма работы, як вечар, не надта спрацоўвае. Наш вопыт паказвае, што найбольш запатрабаванымі ў маладых людзей  застаюцца дыспуты і дыялогі, калі кожны ўдзельнік можа выказаць сваё меркаванне, калі адчувае сябе часткай калектыву і асобай адначасова.

У якасці прыкладу Валянціна Логвін прывяла працу сельскай бібліятэкі ў аграгарадку “Лапічы”. З мінулага года тут паспяхова ажыццяўляецца праграма Цэнтра зносін для моладзі і падлеткаў “Кантакт”. Тэмы для дыскусій — розныя: выбар прафесіі, адпачынак, здароўе, абарона сваіх правоў і многія іншыя.

А з 2010 года ва ўсіх бібліятэках аграгарадкоў Асіповіцкага раёна запрацавала раённая праграма “Моладзь — будучыня сяла”, разлічаная на 2010 — 2012 гады.  

— Як мне падаецца, трэба пашыраць колькасць электронных выданняў у бібліятэках, — кажа дырэктар ЦБС, — бо менавіта гэтага цяпер патрабуе маладое пакаленне асіпаўчан. Гэта яшчэ адзін прыярытэт нашай працы з моладдзю.  

 

***

Як бачна, Рэспубліканская праграма “Моладзь Беларусі” на 2006 — 2010 гг. адыгрывае вялікую ролю ў павышэнні ўзроўню культурнага жыцця як гарадскіх, так і сельскіх юнакоў і дзяўчат на Асіповіччыне. Падтрымка альтэрнатыўнай музыкі, апытанні дыскатэчных “заўзятараў” і, як вынік, змены ў рэпертуары, пошук новых форм работы з  моладдзю — усе гэтыя неаспрэчныя крэатыўныя хады прыносяць свой вынік.    Хапае, зразумела, і праблемных момантаў. Гэта і слабая матэрыяльна-тэхнічная база шэрагу ўстаноў культуры горада і раёна, і недастатковая праца культработнікаў па прыцягненні моладзі ў народныя калектывы і на дыскатэчныя мерапрыемствы. Па словах Ірыны Раманчук, 12 лютага на выніковым пасяджэнні ў аддзеле культуры Асіповіцкага райвыканкама будуць абмяркоўвацца ўсе гэтыя пытанні. Час, неаспрэчна, прыспешвае.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ,

 наш спецыяльны карэспандэнт Мінск — Асіповічы — Мінск

 Фота аўтара

 

Дэталь да агульнай карціны

 “Сузор’е” — узор для пераймання

 Не мог не сустрэцца з кіраўніком народнага ансамбля беларускай музыкі і песні “Сузор’е” і, адначасова, дырэктарам Пратасевіцкай ДШМ Наталляй Еўдакімовіч. Якім жа чынам ёй удаецца “зацягваць” моладзь ў свой творчы калектыў?

— Ніхто нікога не “зацягвае”,— зазначыла Наталля Анатольеўна.— Падлеткі самі прыходзяць у наш ансамбль. Але не ўсё так проста. Аказваецца, па словах кіраўніка “Сузор’я”, перш-наперш справа тут… у генах. Яшчэ з  дзяцінства Наталля Еўдакімовіч памятае, як яе дзед, бабуля спявалі народныя песні. Ды і маці ў Наталлі Анатольеўны таксама спявае і, да таго ж, з’яўляецца дырэктарам Пратасевіцкага СДК. Дарэчы, менавіта маці, Соф’я Мароз, заснавала “Сузор’е”, якое ўжо 21 год радуе жыхароў Асіповіччыны, Беларусі і іншых краін сваімі выступленнямі. Менавіта так, праз “генную” памяць, і прыйшло разуменне таго, што хочацца рабіць у жыцці: стварыць народны калектыў, працаваць з ім, удасканальвацца і, натуральна, выступаць, выступаць, выступаць...

— Але пачынаць гэтую працу трэба з асабістага прыкладу,— упэўнена Наталля Еўдакімовіч.— Таму я прыахвоціла да народнай песні мужа, ды і дзеці ад нас не адстаюць. Уявіце: у“Сузор’і” цяпер— чатыры сямейныя пары! Увогуле, наш ка лектыў вельмі сяброўскі і блізкі кожнаму, хто ў ім удзельнічае.

/i/content/pi/cult/249/3626/11-.jpg
Народны ансамбль песні і музыкі "Сузор'е" пратасевіцкага СДК.
Акрамя таго, што Наталля Анатольеўна кіруе “Сузор’ем”, яна з’яўляецца і кіраўніком дзіцячага ўзорнага ансамбля “Лянок” Пратасевіцкай ДШМ. Таму дзеці ў “Лянку” ведаюць: калі яны падрастуць, то прыйдуць у “Сузор’е”. Такім чынам і адбываецца так, што моладзі ў калектыве ніколі не меншае. Шмат “сузорцы” гастралююць, прычым не толькі па Беларусі: былі і ў Славакіі, і ў Балгарыі, і ў Літве, і ў Турцыі…

Шмат запрашэнняў маюць і ў іншыя краіны. Якраз гэтым вечарам “сузорцы” збіраліся на рэпетыцыю. Пагутарыў з адзінаццацікласнікам Яўгенам Пінчуком,— адным з тых, хто разам з сябрамі спачатку хадзіў у “Лянок”, а цяпер з’яўляецца ўдзельнікам “Сузор’я”.

Жэня цяпер удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў школе. Сцэны ён не баіцца і ўпэўнены, што будзе надалей займацца ў творчай самадзейнасці. Пакуль што збіраецца паступаць у ВНУ і марыць стаць інжынерам. Але на любімы калектыў не забудзецца.

Вядома, каб стварыць запатрабаваны народны маладзёжны ансамбль, трэба быць асобай, за якой пацягнуцца падлеткі. Няўжо на такіх у раёне — дэфіцыт? Калі не, дык чаму на Асіповіччыне існуюць праблемы з пераемнасцю традыцыйнай народнай культуры?

 

Народ пытаецца і прапануе

“У парку — толькі  некалькі  лавачак…”

Па прыездзе ў горад правёў невялікае апытанне. Маімі рэспандэнтамі былі, зразумела, маладыя людзі ва ўзросце ад 16 да 31 года. Як ацэньваюць маладыя асіпаўчане сацыякультурнае жыццё горада, што іх найбольш прываблівае, што засмучае? 

— Добры рамонт зрабілі ў раённым Цэнтры культуры, — кажа Ларыса Налівайка, — ходзім цяпер туды з задавальненнем.

— А вось будынак музея ля вакзала ніяк не адрамантуюць і не адкрыюць, — засмучаецца студэнт-завочнік Сяргей. — Карціны можна паглядзець толькі ў галерэі, якая месціцца, на жаль, на ўскраіне горада!

— Калі ж у Асіповічах пачне працаваць дзіцячае кафэ? — запыталася маладая жанчына, Валянціна Баравая, якая працуе ў краме. — Было адно, ды згарэла, а новае так і не з’явілася…

— Хацелася б, каб у горадзе быў сапраўдны парк культуры і адпачынку, — кажа маладая маці Таццяна, — бо я, напрыклад, свайго старэйшага сына, каб пакатаўся на атракцыёнах, важу або ў Бабруйск, або ў Магілёў. А ў парку — толькі некалькі лавачак…

— Каб у раённым Цэнтры культуры працавала якая кафэшка, ці хоць бы паставілі пару столікаў, дык, здаецца, не сыходзіў бы адсюль ніколі, — кажа дыскатэчны заўзятар Яўген.

— Яшчэ некалькі гадоў таму танцавальныя вечары ў раённым цэнтры не вызначаліся асаблівай разнастайнасцю, — сказала мне старшакласніца Ірына. — Але апошнім часам змест дыскатэк якасна палепшыўся.