Майстар тэатральнай “матэрыялізацыі”

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

5 лютага свой юбілей адзначыў народны артыст СССР Расціслаў Іванавіч Янкоўскі.

Адна з самых складаных журналісцкіх задач — пісаць “юбілейныя” артыкулы пра асоб, якія з’яўляюцца ўсенародна любімымі і пра якіх, здаецца, кожны смяротны мог бы з захапленнем расказваць гадзінамі. Бо любы, нават самы поўны, творчы партрэт наўрад ці акажацца вычарпальным. У першую чаргу таму, што акцёрская прафесія прадугледжвае непасрэдны кантакт творцы з кожным гледачом у зале. І з
/i/content/pi/cult/249/3625/iankoyski2.jpg
Кадр з фільма "Пракляты ўтульны дом". паўстанец Юзэф -- В.Рэдзька, пан Брыніцкі -- Р.Янкоўскі (1994г.).
гэтых, так бы мовіць, асабістых стасункаў, якія з’яўляюцца штовечаровым жыццём акцёра, і складваецца ягоны творчы партрэт. Расціслаў Янкоўскі — адзін з тых, без каго сёння проста немагчыма ўявіць сабе беларускі тэатр. Народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі “За духоўнае адраджэнне”, акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра, Ганаровы грамадзянін горада Мінска, заснавальнік і нязменны старшыня Міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”… Нягледзячы на ўсе пачэсныя званні, язык не паварочваецца назваць яго ні мэтрам, ні “брэндам”. Бо Расціслаў Янкоўскі ў першую чаргу — Творца, для якога самая галоўная ўзнагарода — жыццё ў мастацтве і выхад на сцэну да сваіх гледачоў. Можна доўга пералічваць ролі,што сыграў гэты акцёр больш за паўстагоддзя на Горкаўскай сцэне, — сёння іх колькасць перасягнула паўтары сотні. Сярод іх — Аляксей (“Аптымістычная трагедыя” У.Вішнеўскага), Нагульнаў (“Узнятая цаліна” М.Шолахава), Арбенін (“Маскарад” М.Лермантава), Макбет, Антоній, Клаўдзій і Цень бацькі Гамлета (“Макбет”, “Антоній і Клеапатра” і “Гамлет” В.Шэкспіра), Пётр І (“Хрыстос і Антыхрыст” Д.Меражкоўскага), Барон і Якаў (“На дне” і “Апошнія” М.Горкага), Максіміліян і Лейстэр (“Браты Моор” і “Марыя Сцюарт” Ф.Шылера), Талейран (“Вячэра” Ж.К. Брысвіля) і шмат іншых, кожная з якіх — каштоўны і непаўторны падарунак нам, гледачам. 

А асабіста для мяне Расціслаў Янкоўскі надзвычайны тым, што ніколі не страчвае радасці творчасці і літаральна свеціцца з кожным выхадам на сцэну, скараючы сваім магутным талентам “матэрыялізаваць” тэатральную энергію ў доўгія і прыемныя разважанні пасля спектакля, у жаданне яшчэ раз спрычыніцца да вялікай таямніцы пад назвай Тэатр. І, далучаючыся да шматлікіх віншаванняў Расціслава Іванавіча з 80-годдзем, хочацца пажадаць Акцёру новых, цікавых і яркіх, роляў і — мноства новых сустрэч са сваімі шчырымі і ўдзячнымі гледачамі, прыхільнікамі высокага таленту гэтага Майстра.

 Таццяна КОМАНАВА

 

 

Шляхціч-беларус, якому пасуе прозвішча Янкоўскі

 

На сцэне і экране Расціслаў Іванавіч за доўгае акцёрскае жыццё ўвасобіў, здаецца, усе магчымыя характары, усе праявы чалавечых пачуццяў:  быў шчырым, злодзеем, хітруном, дабрадзеем, забойцам, самаахвярнікам; змяняў абліччы, становячыся генералам, царом, пралетарыем, каралём, ценем, чыноўнікам-бюракратам, д’яблам-чараўніком... Яго героі дзейнічалі ў розных эпохах, належалі да розных сацыяльных слаёў і нацыянальнасцей. У самы, бадай, цяжкі перыяд жыцця — адразу пасля шпіталя — ён здымаўся ў “Праклятым утульным доме” і сыграў тут персанаж, які яму яшчэ не даводзілася  ўвасабляць… З трыццаці трох серый фільма стары Брыніцкі — так герой Янкоўскага завецца па ролі — дзейнічае ў семнаццатай, якая нібыта цалкам “належыць” яму. Навальнічнай ноччу ён маланкай урываецца ў пракляты, а некалі ўтульны, дом, ужо сам, па сутнасці, асуджаны на смерць, перад пагібеллю, — і ў дзявочым ложку дачкі знаходзіць... распранутага мужчыну!.. Гэтая творчая сустрэча адбылася на трыццаць сёмым   годзе нашага знаёмства.

Кантактавалі мы з лета 1957 года: Расціслаў толькі-толькі  прыехаў з тэатра Ленінабада. Абодва пачыналі “жыццё ў кіно” на “Чырвоным лісці”: для яго гэта быў першы выхад да кінакамеры, я ж да таго, адразу пасля школы, адпрацаваў усяго памочнікам на “Міколцы-паравозе”.

Усе Янкоўскія пасяліліся ў грымёрцы Рускага тэатра, у трупу якога быў запрошаны галава вялікай сям’і: ён з жонкай Нінай, малы сынок Ігар і малодшы брат Алег, які і не марыў аб акцёрстве. Як сытна і весела, а галоўнае — прасторна было там ладзіць пасляздымачныя застоллі!.. Усё забываюся спытацца: ці не ў ёй жа і па сёння рыхтуецца да выхаду на сцэну Горкаўскага тэатра Расціслаў Іванавіч?

Славутае “Чырвонае лісце”!.. Пастаноўшчык Уладзімір Корш-Саблін, майстар адкрываць новыя “твары” для экрана, запрасіў Янкоўскага паспрабавацца на галоўную ролю — Андрэя, правобразам якога быў Сяргей Прытыцкі, яго ж партнёркай мусіла быць актрыса Ніна Ургант. Не ведаю, чым абое не падышлі рэжысёру на галоўных герояў, але Янкоўскаму ў выніку была прапанавана другасная роля падпольшчыка Віктара. Пра тыя здымкі ў Вільнюсе  Расціслаў Іванавіч узгадвае ў маім фільме “Разам з ім”, які быў зняты да 100-годдзя Уладзіміра Корш-Сабліна:

— Загадвае Корш нешта рабіць перад камерай… А чаму туды ісці? Чаму бегчы? Чаму хавацца ў падваротню? Ад каго? Пытанні ўзнікалі, але  ўсё пакорліва выконваў моўчкі. Калі ўжо прагледзеў гатовы фільм — нешта пачаў усведамляць... Болей на здымачнай пляцоўцы яны не сустракаліся — у кожнага працягваўся асобны шлях: Корш усё заглыбляўся ў гісторыю краіны, а Янкоўскі, час ад часу здымаючыся ў іншых рэжысёраў, абраў мэтай заваёву вяршынь тэатральных здзяйсненняў.

 *   *   *

Год за годам адточвалася майстэрства, пераадольваліся прыступкі да статуса першага акцёра мінскай сцэны. Тэатральныя стварэнні Янкоўскага былі разнастайныя, незабыўныя: Віктар у “Іркуцкай гісторыі”, Макбет у аднайменным спектаклі, бліскучыя дуэтныя работы ў “Вячэры”, пастаноўках “Двое на арэлях”, “На залатым возеры”, Воланд у “Майстры і Маргарыце”, Пабеданосікаў у “Лазні”, Пётр-сыназабойца ў “Хрыстосе і Антыхрысце”, у “Гамлеце” — Цень бацькі Гамлета і Клаўдзій… А яшчэ — Маціяс Клаўзен у трагедыі “Перад заходам сонца”, які скалануў Маскву пад час мінулагодніх гастролей тэатра. Туды ён паехаў, літаральна ўскочыўшы са шпітальнага ложка. Таму што ён — “невылечна хворы” на тэатр, апантаны акцёрствам творца, неўтаймоўны мастак-працаголік. Іграць на сцэне ці перад камерай для яго — найлепшыя лекі! Даўно яго зразумеўшы, тым і я скарыстаўся, прыступаючы да здымак той самай, 17й серыі, якая, па з’яве Брыніцкага, называецца “Нечаканы госць”.

Да таго яшчэ была нядоўгая сустрэча на “Мосфильме” пад час здымак “Усёй каралеўскай раці”. Ён іграў айчыма галоўнага героя Джэка (Міхаіл Казакоў) са сваёй шматгадовай партнёркай Аляксандрай Клімавай (Маці Джэка) нароўні са славутымі зоркамі савецкага кіно першай велічыні. Вынік: з Таццянай Лаўровай аб’ездзіў увесь СССР са спектаклем “Двое на арэлях”, дабраўшыся да Камчаткі, дзе перадаў пакунак ад родзічаў “салагу” Нікіце Міхалкову, які там у той час служыў. Айчым-бізнесмен атрымаўся ў Янкоўскага стрыманым, жорсткім хватам, які павадкі фінансіста-драпежніка прыхоўвае свецкімі манерамі і дзяжурнай  усмешкай. У сцэне прыёму ў ягоным доме, у нязмушанай гутарцы з героямі Казакова, Плята і Клімавай, абмяркоўваў ён закулісныя махінацыі з такімі ж алігархамі-прагматыкамі, ролі якіх выконвалі акцёры Сямён Сакалоўскі і Лайманас Нарэйка. Персанаж Янкоўскага быў сваім, нават лідэрам у той кампаніі драпежнікаў.

* * *

 Пра тое, што ў серыяле “Пракляты ўтульны дом” Янкоўскі будзе іграць Брыніцкага, мы дамовіліся загадзя, яшчэ па вясне. Па сваіх рэжысёрскіх разліках я імкнуўся перш за ўсё здымаць найбольш складаныя і цяжкія сцэны, да таго ж, сам Дом яшчэ не быў адрэстаўраваны, а таму здымкі серыі “Нечаканы госць” не ўваходзілі ў мае бліжэйшыя планы.

Пры маім чарговым кароткім з’яўленні з экспедыцыі ў Мінску пад час тэлефоннай размовы Слава сказаў, што ён хворы. Ну з кім не бывае? Хворы — ачуняеш, ды і 17ю серыю я пакуль здымаць не збіраўся. Праз нейкі месяц пры сходных абставінах ён яшчэ раз нагадаў пра хваробу і прапанаваў мне шукаць на ролю Бацькі Саламеі іншага артыста. Тое ж настойліва раіў пры наступных перамовах... Ды дзе ж яшчэ адзін такі Янкоўскі знойдзецца?! А галоўнае, я разумеў, што лепшыя лекі для артыста — новая роля. Тым больш, для такога апантанага творчасцю, як ён.

…Прыехаў ён проста са шпіталя, з жонкай Нінай: схуднелы, засмучаны, са стомленым тварам —  ролі гэта вельмі пасавала; папрасіў аддаць яму кухню ў нашым шматпакаёвым, ужо адрэстаўраваным, доме, каб там адпачываць паміж дублямі і з дапамогай  Ніны праводзіць неабходныя працэдуры... Божухна, як сёння, амаль праз пятнаццаць гадоў, рады, калі бачу, як ён, поўны сіл, лётае па паверхах неабсяжнай дэкарацыі ў “Гамлеце”, ператвараючыся з Клаўдзія ў Цень бацькі героя, або выходзіць у смокінгу, адкрываючы штогод чарговы “Лістапад”!.. Ён, як і Віктар Тарасаў, і Данатас Баніёніс, стаў перад камерай з веданнем 30 старонак тэксту — вось першае, чым адрозніваецца народны артыст СССР: стаўленнем да ролі, падрыхтаванасцю да працы. I ўсе сцэны ў яго — дуэтныя; усё было ім прадумана ва ўласнай ролі — заставалася адно стварыць адпаведную атмасферу, выбудаваць кадр, каб перадаць складаныя перажыванні Брыніцкага. Мы з аператарам і мастакамі стараліся, як толькі маглі.

* * *

…Змораны доўгай дарогай вершнік, змоклы ў навальніцу, але ўсё ж бравы, урываецца ён ноччу ў Дом. У руках — шабля (музейная, сапраўдна-шляхецкая, з выкшталцоным эфесам!), з якою ён абыходзіцца, бы які галівудскі Эрол Флін, што фехтаваў у паўсотні “пірацка-мушкецёрскіх” фільмаў! У размове з дачкой ён — сентыментальны бацька: як можа суцяшае яе, асэнсаваўшы асуджанасць сябе і ўсяго паўстання на пагібель, але не забываецца і на бацькоўскі абавязак захоўваць гонар дачкі, літаральна “вытрасаючы” са Сцяпана праўду пра паўстанца, што знаходзіцца ў яе ложку. І бліскучая апошняя сцэна: вячэра. Брыніцкі ў апошні раз аглядае свой дом, мілую дачушку. На доўгім буйным плане акцёра лагодна гучыць дзівосная музыка Уладзіміра Солтана. Пан, як і належыць, зазвычай высакамерны да халопа, змірыўся з іх агульным гаротным лёсам; запрашае прысесці яго да стала:

— Сядай... Каша стыне. Такія процілеглыя, складаныя  пачуцці — і ўсяго ў некалькіх сцэнах серыі! Перадаць іх было пад сілу  толькі выдатнаму акцёру — шляхетнаму і высакароднаму Расціславу Янкоўскаму.

 Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр

Фота з архіва аўтара 

 

Яго жыццё ў мастацтве

Звычайна юбіляры-творцы (і акцёры ў гэтым сэнсе — не выключэнне) не любяць доўгія размовы на тэму “Маё жыццё ў мастацтве”. Іх асноўны аргумент: усё, што я хацеў і мог сказаць на сцэне, увасоблена ў маіх персанажах. Гэта цалкам слушна, бо для любога тэатральнага гледача той ці іншы акцёр “складваецца” менавіта з уласных сцэнічных увасабленняў. Мы ж паспрабавалі даведацца, з чаго ж “складваецца” Расціслаў Янкоўскі для сваіх паплечнікаў па творчым цэху.

Сяргей КАВАЛЬЧЫК, галоўны рэжысёр  Нацыянальнага  акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага:

 — Не буду хаваць, я з інтарэсам чакаў пачатку працы над сваім новым спектаклем “Пане Каханку”, у якім галоўную ролю іграе Расціслаў Іванавіч. Для любога рэжысёра работа з акцёрам такога ўзроўню заўсёды і прэстыжная, і адказная. Але пад час рэпетыцый у мяне адбылася пэўная пераацэнка Янкоўскага як творцы, своеасаблівае пераасэнсаванне: я ўбачыў шчырага, чуйнага акцёра, чый псіхафізічны апарат здольны лавіць, адлюстроўваць і перадаваць самыя тонкія нюансы характару свайго персанажа. Ён надзвычай уважлівы і тонкі артыст. Хаця, канешне, можа выказаць сваю нязгоду з тымі ці іншымі рэжысёрскімі прапановамі, але яна заўсёды аргументаваная і ніколі не скіравана на “супрацьстаянне”, а толькі на тое, каб зрабіць героя як мага больш пераканаўчым для гледача. Яго жывы вопыт сцэнічнай працы — сапраўдны “залаты запас”, каштоўнасць якога немагчыма ні дакладна падлічыць, ні пераацаніць. І яшчэ адна важная рыса Янкоўскага як прафесіянала і як чалавека, вартая самай глыбокай павагі, — вернасць творчай ідэі, сваім аднадумцам. Ён ніколі не здрадзіць, а гэта даволі рэдкая з’ява і ў сучасным жыцці, і ў мастацтве…

Барыс ЛУЦЭНКА, рэжысёр:

— Пра Расціслава Янкоўскага ўжо так шмат сказана і напісана, што вельмі цяжка дадаць да яго партрэта якую-небудзь насамрэч невядомую рысачку. Для мяне ж ён найперш чалавек, улюбёны ў тэатр. Я маю на ўвазе тэатр не толькі як від мастацтва, але і як своеасаблівы жывы творчы арганізм. Тэатр для Янкоўскага — гэта не толькі дэманстрацыя спектакляў гледачам, што прыходзяць у залу, але і адмысловая скіраванасць на Чалавека. Ён нярэдка кажа, як адчувае тэатральную залу, як можа ўзаемадзейнічаць з ёю, ствараючы своеасаблівы энергетычны дыялог. І магу сказаць, што кантакт гэты — узаемны! Бо гледачам, упэўнены, падабаецца не толькі яго прывабная знешнасць, добрая ўсмешка, але і адмысловае акцёрскае ўменне кантактаваць з імі на гэтым тонкім энергетычным узроўні. І яго сцэнічныя работы даюць людзям своеасаблівы штуршок для ўнутранай рэфармацыі: хочацца “падцягнуцца”, стаць хоць крышачку лепшым. Я лічу, што для беларускага мастацтва ды і для ўсёй нашай краіны ўвогуле гэта вельмі значная і знакавая фігура.

Вераніка ПЛЯШКЕВІЧ,  актрыса:

— Расціслаў Іванавіч— дзівосны, незвычайны партнёр! Нам, маладым акцёрам, у яго можна вучыцца практычна ўсяму і заўсёды. Напрыклад, таму, што з першай жа рэпетыцыі  ён ведае свой тэкст, можа ўсё расказаць пра свайго героя, пра яго стасункі з іншымі персанажамі. І магутны зарад энергіі, што зыходзіць ад яго, перадаецца ўсім навакольным. А яшчэ ён— вельмі чуйны партнёр, уважлівы, заўсёды дапамагае на сцэне і ніколі не дасць “упасці”. У кожным спектаклі ён свежы, жывы, не іграе загадзя выбудаваную ролю, а— жыве, чуе, бачыць цябе сённяшняга. Усё гэта— тыя вышыні класічнай акцёрскай школы, судакрануцца з якімі нам, маладым, сёння надзвычай каштоўна і важна. І я шчаслівая, што маю магчымасць сустракацца з ім на сцэне. Безумоўна, ён як чалавек, які ведае сцэну дасканала, здольны пралічыць тыя ці іншыя тэатральныя моманты і ў гэтым сэнсе быць дастаткова ўпэўненым у канчатковым выніку. Але ж Расціслаў Іванавіч не такі: ён не пагарджае рэпетыцыямі і не “бегае” ад іх, больш за тое — выкладваецца цалкам, раіцца, “правярае” свае знаходкі на нас і дае нам гэтым самым выдатны ўзор для пераймання.