Ён многае паспеў зрабіць…

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

Нялёгка пісаць аб чалавеку, мастаку, сябру, з якім не так даўно размаўляў, спрачаўся… Надта мала прайшло часу з таго дня, калі ён пайшоў з жыцця…

 

/i/content/pi/cult/249/3624/klim--.jpg
В.Кліменка. Музыкант.
Пісаць аб Віктару Кліменку як аб тым мастаку, які ўжо адбыўся, немагчыма. Мне падаецца, ён толькі пачаў сцвярджацца ў сваёй творчай пазіцыі, хаця ўсё жыццё напружана працаваў, з такой самаадданасцю, што здзіўляў усіх сваіх сяброў. Ягоны шлях у мастацтве быў шмат у чым шляхам вызвалення ад забабонаў рамяства, прафесійнай руціны.

 Работы Віктара Кліменкі пазбаўлены знешняга бляску, яны простыя, але прастата гэтая — уяўная. Яго творы прывабліваюць адкрытай, вострай экспрэсіўнасцю, зацягваюць у напружаную глыбіню складанай прасторы.  

Выхаванец Маскоўскага паліграфічнага інстытута, Віктар Кліменка меў характэрную для гэтай ВНУ асаблівую ўвагу да мастацкай мовы, але не спыняўся на гэтым, усё жыццё ўбіраючы ў сябе ідэі сусветнай мастацкай культуры. Доўгі час працаваў ён мастацкім рэдактарам у выдавецтвах “Мастацкая літаратура”, “Юнацтва” і аказваў значнае ўздзеянне на развіццё беларускай кніжнай графікі, ствараючы непераўзыдзеныя серыі ілюстрацый як да сусветнай, так і да беларускай класікі: твораў Янкі Купалы, Міколы Гусоўскага, Уладзіміра Караткевіча, Жуля Верна, Марка Твена — усіх і не пералічыць.

Яго лепшыя кнігі з вялікім поспехам былі прадстаўлены  на рэспубліканскіх і замежных кніжных выстаўках, міжнародных кніжных кірмашах, у тым ліку  ў Мінску, і атрымалі розныя прэстыжныя ўзнагароды. Праз год, у студзені, яму споўнілася б семдзесят…

Ягонае жыццё, на мой погляд, і светлае, і сумнае адначасова. Светлае —  таму, што многае паспеў зрабіць і ў кнізе, і ў станковай графіцы, і ў жывапісе, якім асабліва інтэнсіўна займаўся ў апошнія гады жыцця. Сумнае — таму, што на стале майстра засталіся незавершаныя ілюстрацыі, а на мальберце — толькі распачатая работа. Але лёс склаўся па-іншаму…

 Чую ягоны голас у тэлефоннай трубцы, далёкі і спакойны. І апошняе слова “Прабач”, якое ён мне сказаў. І ўспамінаю яго, майго сябра, Віктара Кліменку...

Мікалай КАЗЛОЎ,  член Беларускага  саюза мастакоў