Пісаць аб Віктару Кліменку як аб тым мастаку, які ўжо адбыўся, немагчыма. Мне падаецца, ён толькі пачаў сцвярджацца ў сваёй творчай пазіцыі, хаця ўсё жыццё напружана працаваў, з такой самаадданасцю, што здзіўляў усіх сваіх сяброў. Ягоны шлях у мастацтве быў шмат у чым шляхам вызвалення ад забабонаў рамяства, прафесійнай руціны.
В.Кліменка. Музыкант.
Работы Віктара Кліменкі пазбаўлены знешняга бляску, яны простыя, але прастата гэтая — уяўная. Яго творы прывабліваюць адкрытай, вострай экспрэсіўнасцю, зацягваюць у напружаную глыбіню складанай прасторы.
Выхаванец Маскоўскага паліграфічнага інстытута, Віктар Кліменка меў характэрную для гэтай ВНУ асаблівую ўвагу да мастацкай мовы, але не спыняўся на гэтым, усё жыццё ўбіраючы ў сябе ідэі сусветнай мастацкай культуры. Доўгі час працаваў ён мастацкім рэдактарам у выдавецтвах “Мастацкая літаратура”, “Юнацтва” і аказваў значнае ўздзеянне на развіццё беларускай кніжнай графікі, ствараючы непераўзыдзеныя серыі ілюстрацый як да сусветнай, так і да беларускай класікі: твораў Янкі Купалы, Міколы Гусоўскага, Уладзіміра Караткевіча, Жуля Верна, Марка Твена — усіх і не пералічыць.
Яго лепшыя кнігі з вялікім поспехам былі прадстаўлены на рэспубліканскіх і замежных кніжных выстаўках, міжнародных кніжных кірмашах, у тым ліку ў Мінску, і атрымалі розныя прэстыжныя ўзнагароды. Праз год, у студзені, яму споўнілася б семдзесят…
Ягонае жыццё, на мой погляд, і светлае, і сумнае адначасова. Светлае — таму, што многае паспеў зрабіць і ў кнізе, і ў станковай графіцы, і ў жывапісе, якім асабліва інтэнсіўна займаўся ў апошнія гады жыцця. Сумнае — таму, што на стале майстра засталіся незавершаныя ілюстрацыі, а на мальберце — толькі распачатая работа. Але лёс склаўся па-іншаму…
Чую ягоны голас у тэлефоннай трубцы, далёкі і спакойны. І апошняе слова “Прабач”, якое ён мне сказаў. І ўспамінаю яго, майго сябра, Віктара Кліменку...
Мікалай КАЗЛОЎ, член Беларускага саюза мастакоў