Сведкі першых крокаў кіно сцвярджалі, што піянеры новага мастацтва запісвалі сюжэты сваіх невялічкіх стужак на накрухмаленых манжэтах, якія потым можна было зняць і выкарыстаць у якасці гатовага сцэнарыя. Для кароткіх — на адну-дзве хвіліны — стужак такіх запісаў было дастаткова, а неабходныя нюансы дабаўляліся проста на здымачнай пляцоўцы. З тых часоў сцэнарыі значна павялічыліся ў памерах, Але таленавітых аўтараў-кінадраматургаў заўжды не хапае. Наша краіна — не выключэнне. Паспяховых сцэнарыстаў, творы якіх былі неаднойчы экранізаваны на “Беларусьфільме” за апошнія гады, няшмат. Сярод іх можна ўзгадаць аўтара “Павадыра” і “Масакры” Аляксандра Качана ды аўтара тэлевізійных стужак “Сяброўка Восень”, “Міксер і Елачка”, “Рыфмуецца з каханнем” Юлію Ляшко. Апошнім яскравым прыкладам недахопу новых імёнаў у беларускай кінадраматургіі могуць быць вынікі Адкрытага маладзёжнага конкурсу на стварэнне літаратурнага сцэнарыя мастацкай стужкі, прысвечанай нацыянальнай тэматыцы. Кампетэнтнае журы, куды ўваходзілі прызнаныя прафесіяналы айчыннай кінасферы, вырашыла нікому не прысуджаць тры галоўныя, прадугледжаныя Палажэннем аб конкурсе, прэміі... Конкурс, зразумела, — толькі адзін са шматлікіх спосабаў знайсці якасны сцэнарны матэрыял для будучай стужкі. Тым не менш, яго вынікі — добрая нагода пацікавіцца, якім чынам беларускі кінематограф вырашае вечную праблему “сцэнарнага голаду”, а таксама —дзе знайсці таленавітых драматургаў для будучых пастановак.
За ўсё адказвае... рэдактар
— Так, сцэнарыяў, вартых галоўных узнагарод, на конкурсе прадстаўлена не было, — пацвердзіў член журы, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Рычард Смольскі. — Была прысуджана адна заахвочвальная прэмія — аўтарцы, якая напісала свой сцэнарый паводле класічнага твора Янкі Сіпакова. Вынікі не здзівілі, бо сцэнарная праблема была і з’яўляецца праблемай нумар адзін, і не толькі ў кінематографе, але і ў іншых відах мастацтва, што патрабуюць літаратурнай асновы. І гэта заканамерна, бо таленавітых драматургаў заўсёды нараджаецца куды менш, чым таленавітых паэтаў ці празаікаў, ды і напісаць годную п’есу або сцэнарый, дзе ўлічваліся б усе нюансы няпростых законаў драматургіі, куды складаней. Калі казаць пра Беларусь, то ўся гісторыя нашага мастацтва ХХ стагоддзя ведае толькі двух-трох па-сапраўднаму буйных і паспяховых драматургаў, творы якіх можна лічыць выбітнымі. Ліквідаваць “сцэнарны голад” можна толькі калі паставіць сцэнарную працу на сістэмную аснову, у тым ліку — шукаць новыя таленты і планамерна займацца іх адукацыяй. Наша акадэмія абавязкова будзе рыхтаваць сцэнарыстаў на будучым факультэце экранных мастацтваў, адкрыццё якога плануецца ў бліжэйшым часе.
Сапраўды, нават пры тых параўнальна невялікіх аб’ёмах кінавытворчасці, якія існуюць сёння на “Беларусьфільме”, знайсці годны сцэнарый для далейшых здымак вельмі цяжка. Паказальна, што з вялікай колькасці сцэнарыяў, якія кожны месяц трапляюць у адпаведны аддзел кінастудыі, непасрэдна ў рэжысёрскую распрацоўку ідуць адзінкі. А іх аўтарамі (сааўтарамі) часта выступаюць самі рэжысёры. Тое, што прафесіяналаў сцэнарнай справы ў нас няшмат, пацвярджае і галоўны рэдактар “Беларусьфільма” Наталля Сцяжко:
— Нам вельмі хацелася б, каб на студыі быў якасны “сцэнарны партфель” адзінак на 25, з цалкам падрыхтаванымі да далейшай працы творамі, сярод якіх рэжысёр мог бы знайсці неабходны. Але такога выбару ў нас пакуль няма. Нас пераследуе паток графаманаў, прафесійна ж зробленых сцэнарыяў — адзінкі. Больш за тое: нават з тымі творамі, што ўяўляюць патэнцыйны інтарэс, трэба часцей за ўсё працаваць далей, даводзіць іх да належнага стану. Справіцца з такой працай могуць толькі вопытныя прафесіяналы рэдактарскай справы. Сцэнарыяў, якія зусім не патрабуюць даводкі, не існуе, аднак гэта мала хто разумее. Рэдактар у нас за сваю працу атрымлівае толькі звычайную заработную плату, без уліку таго аб’ёму матэрыялу, які ён выпраўляе, фактычна дапісваючы за аўтара.
Выконваючы абавязкі дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Андрэй Бычкоў упэўнены, што “сцэнарны голад” — не праблема, а звычайная сітуацыя, якая заўсёды мае выйсце. І яно — у зладжанай працы ўсіх, хто займаецца падрыхтоўкай будучых кінапраектаў.
— Некалькі дзён таму я вярнуўся з Масквы, якая лічыцца цэнтрам кінематаграфіі ўсяго былога СССР, і прадстаўнікі тамтэйшых кінакампаній, у тым ліку самых буйных, скардзіліся на такія ж самыя праблемы з малой колькасцю якасных сцэнарыяў, — расказаў Андрэй Бычкоў у гутарцы з карэспандэнтам “К”. — Але ў Расіі праца са сцэнарыямі пастаўлена на канвеер, імі займаецца вопытная рэдактура. У нас жа праблема рэдактуры стаіць не менш востра, чым праблема з кінадраматургамі: прафесійна падрыхтаваных, добра адукаваных спецыялістаў — адзінкі. Трэба разумець, што ва ўмовах сучаснай кінавытворчасці асоба сцэнарыста ўжо не з’яўляецца галоўнай. Без іншых спецыялістаў, якія займаюцца літаратурнай асновай, цяпер не абыдзешся. А лепш за ўсё, каб кожнай стужкай — ад пачатку да выхаду ў пракат — займаўся прадзюсер, асабіста зацікаўлены ў станоўчым выніку. Тады і сцэнарныя хібы выпраўляліся б задоўга да пачатку здымак.
— Падрыхтоўка прафесіяналаў сцэнарнай справы на новым факультэце будзе мець комплексны падыход, — запэўнівае Рычард Смольскі. — Студэнты сцэнарнага аддзялення адначасова будуць атрымліваць адукацыю кіназнаўцаў, рэдактараў, прадзюсераў. Бо “вузкія” спецыялісты ў кіно сёння маюць куды менш шанцаў на добрае працаўладкаванне.
Наладзіць “сцэнарны канвеер”
Кіраўніцтва і Дэпартамента па кінематаграфіі, і Акадэміі мастацтваў мае рацыю. Як ні дзіўна гэта гучыць, але аўтару сцэнарыя ў Расіі, як і ў Галівудзе, ды яшчэ ў шмат якіх краінах, не абавязкова рассылаць свае творы па студыях і шукаць ахвотных пачытаць яго патэнцыйны “шэдэўр”. Заканамернае развіццё кінарынку прывяло да з’яўлення спецыялізаваных сцэнарных агенцтваў, якія і прапаноўваюць драматургічныя творы прадзюсерам-рэжысёрам. Менавіта супрацоўнікі сцэнарных агенцтваў займаюцца рэдагаваннем аўтарскіх сцэнарыяў і “давядзеннем” іх да запатрабаваных заказчыкам параметраў. Зразумела, гэтая праца не застаецца без узнагароды: гадзіна працы вопытнага рэдактара над сцэнарыем у расійскай сталіцы каштуе каля ста долараў! Кошт працы самога сцэнарыста ў нас і за мяжой таксама адрозніваецца, хоць паступова і выпраўляецца: напрыклад, за сцэнарыі тэлевізійных серыялаў (адзін з самых перспектыўных кірункаў дзейнасці “Беларусьфільма”) беларускія і расійскія аўтары атрымліваюць амаль адны і тыя грошы. А вось за працу над літаратурнай асновай мастацкіх стужак для вялікага экрана ў нас можна атрымаць куды меней, чым у Расіі. У суседняй дзяржаве, нягледзячы на пэўны крызіс у кінавытворчасці, ганарары дасягаюць некалькіх дзесяткаў тысяч долараў. Ці не існуе небяспека таго, што найбольш таленавітыя і кемлівыя аўтары будуць працаваць выключна для замежных кінавытворцаў?
— Грашовае ўзнагароджанне ў кіно — умова важная, але не адзіная,— упэўнена Наталля Сцяжко. — Вялікае значэнне мае і магчымасць аўтарскай рэалізацыі. Не трэба забывацца і на тое, што пэўная колькасць сцэнарыяў можа быць рэалізавана толькі на тэрыторыі Беларусі, бо падзеі ў іх адбываюцца з улікам нашых рэалій. Што да ганарараў, якія аўтар атрымлівае за папярэднюю заяўку ці сінопсіс, то на “Беларусьфільме” такое раней не практыкавалася: ніхто не можа даць стопрацэнтнай гарантыі аб найвышэйшай якасці будучага поўнага сцэнарыя. Выключэнне пакуль зроблена толькі для двух праектаў, якія будуць здымацца па заказе Міністэрства культуры,— “Каласы пад сярпом тваім” і “Жыццё Купалы”. Тым не менш, мы гатовы працаваць са сцэнарным матэрыялам на любой яго стадыі: і з аднымі заяўкамі, і з сінопсісамі, дзе будучая стужка распісана па эпізодах, і з пашыранымі сінопсісамі, дзе ўжо прысутнічаюць фрагменты дыялогаў. Кіно, як і любое мастацтва, — непрадказальнае. Мы не “падбіраем” сцэнарыі пад пэўных рэжысёраў ці рэжысёраў — пад сцэнарыі. Практыка сведчыць, што дакладнай “формулы поспеху” ў кіно не існуе.
Спосабаў — шмат, рэцэпту — няма
— Не верце тым рэжысёрам, якія абвінавачваюць у правале сваіх стужак сцэнарыстаў! — эмацыянальна выказваецца легенда беларускай драматургіі Аляксей Дудараў. — Калі яны былі ўпэўнены ў пачатковай нізкай вартасці сцэнарнага матэрыялу, то чаму пачыналі здымкі? Шмат залежыць ад саміх рэжысёраў, асабліва тых, хто заяўляе аб “новым слове ў кінамастацве”, а потым дэманструе поўную прафесійную разгубленасць. У кіно трэба “размаўляць” пэўнай кінамовай, якая даўным-даўно вядома і выпрацавана. Але тых, хто валодае майстэрствам яе ўжывання, у нас вельмі мала. І таму так мала новых імёнаў, у тым ліку сярод сцэнарыстаў. Але нават і валоданне спецыфічнай кінамовай — гэта толькі рамяство. Падрыхтаваць жа мастака, а не рамесніка — практычна немагчыма: талент можна толькі адкрыць, але навучыць яму — нельга. — Творчыя конкурсы, на жаль, паказалі сваю малую эфектыўнасць, — сцвярджае Наталля Сцяжко. — Асноўную сваю задачу — пошук новых талентаў — яны калі і выконваюць, то ніяк не ўплываюць на якасць саміх сцэнарных работ. Але як усё-такі вырашыць праблему “сцэнарнага голаду” на Беларусі? Новы факультэт экранных мастацтваў выпусціць першых уладальнікаў дыпломаў толькі праз некалькі гадоў, ды і гарантыі, што яны здзейсняць нейкі пераварот у становішчы з недахопам якасных сцэнарыяў, няма: па-сапраўднаму гучных імёнаў сярод выхаванцаў некалькіх сцэнарных майстэрняў, якія былі зладжаны цягам апошніх дзесяцігоддзяў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, не было.
— Ёсць некалькі спосабаў атрымаць якасны сцэнарый , — сказаў карэспандэнту “К” генеральны дырэктар РУП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” Уладзімір Замяталін. — Па-першае, у якасці першакрыніц можна выкарыстоўваць найлепшыя творы — як беларускай літаратуры, так і сусветнай. Па-другое, сцэнарыст можа атрымліваць для распрацоўкі пэўную тэму, зразумела, актуальную і ўзгодненую паміж заказчыкам — Міністэрствам і вытворцам — кінастудыяй. Трэці варыянт — купіць гатовы сцэнарый за дастойныя грошы. Чацвёрты — звярнуцца ў кінематаграфічныя ВНУ, каб знайсці сярод студэнтаў перспектыўных асоб для супрацоўніцтва. Пяты варыянт — пачаць, нарэшце, выпускаць спецыялізаванае выданне, дзе будуць друкавацца як ужо экранізаваныя творы — у якасці прыкладаў, — так і неэкранізаваныя. У Савецкім Саюзе такія выданні друкаваліся і заўсёды мелі вялікі поспех. Лічу, што вялікім крокам да вырашэння праблемы “сцэнарнага голаду”, як і іншых пытанняў айчыннага кіно, стала б адкрыццё Дзяржаўнага прадзюсерскага цэнтра, які займаўся б не толькі сцэнарыямі, але і маркетынгам, дыстрыб’юцыяй нацыянальных стужак. У Казахстане, напрыклад, такі цэнтр утвораны, што адразу прынесла плён.
* * *
Відавочна, што адзінага рэцэпту таго, як знайсці цікавы сцэнарый, пакуль не існуе. І шматлікія дапаможнікі па сцэнарнай справе, якія выдаюцца і ў ЗША, і ў Еўропе, — таксама не панацэя. Новыя таленты могуць быць адкрыты і ў выніку конкурсаў, і падрыхтаваны па адмысловых вучэбных праграмах. Гарантаваць стабільны поспех можа толькі яўна выражаны талент, але кінатворцы павінны быць упэўнены, што ён будзе падтрыманы.
Антон СІДАРЭНКА