Юныя побач з прафесіяналамі

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

18 лютага на сцэне Дзяржаўнага Крамлёўскага палаца ў Маскве ў канцэрце “Карнавал акардэона” выступяць чатыры беларускія музыканты. Гэта саліст Белдзяржфілармоніі, акардэаніст Ігар Квашэвіч, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, баяніст Анатоль Таран і дуэт юных навучэнак Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, акардэаністак Лізаветы Кейзеравай і Вікторыі Трандафілідзі.

 

У свае адзінаццаць гадоў шасцікласніца Лізавета мае дыплом I ступені Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча (2009ы), Гранпры VII Міжнароднага конкурсу “Вясёлы акардэаніст” у Літве (2008ы). Са старэйшай на год Вікторыяй яна грае ў дуэце з пачатковых класаў, за плячыма ў іх калектыву пад куратарствам Мікалая Сеўрукова, старшыні Асацыяцыі баяністаў і акардэаністаў Беларусі, шмат узнагарод. Людміла Мішчанка, дырэктар гімназіікаледжа мастацтваў, адзначае, што дзяўчаты граюць прафесійна і артыстычна, адрозніваюцца ад іншых арыгінальным іміджам, непаўторнымі касцюмамі.

“Запрашэнне да ўдзелу ў канцэрце мы атрымалі ад народнага артыста Расіі, акардэаніста-віртуоза Валерыя Коўтуна, якога называюць залатым акардэонам Расіі, — кажа яна. — На сцэне Крамлёўскага палаца адбудзецца Яго творчы вечар у суправаджэнні Сімфанічнага аркестра імя С.В. Рахманінава. У ім прымуць удзел шматлікія вядомыя музыканты, лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Дзяўчынак акардэаніст заўважыў пад час іх выступлення ў Белдзяржфілармоніі ў Мінску, і гэтае запрашэнне сведчыць пра іх высокі ўзровень. Нам прыемна пабачыць такую высокую ацэнку працы. Будзем спадзявацца на далейшае развіццё сяброўскіх стасункаў”.

Дуэт выканае беларускую песню “Саўка ды Грышка” ў апрацоўцы баяніста Васіля Глубачэнкі і “Парыжскі каскад” Яўгена Догі.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ