“Вясельны” картэж купалаўцаў

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

З 26 па 31 студзеня ў расійскай сталіцы прайшлі Дні Чэхава, прымеркаваныя да 150гадовага юбілею знанага класіка. Гонар адкрыць іх выпаў спектаклю “Вяселле” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Як неаднаразова пісала “К”, “Вяселле” — гэта сумесны праект, ажыццёўлены беларускімі акцёрамі і расійскай пастановачнай групай на чале з рэжысёрам Уладзімірам Панковым. Яго ініцыятарамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Міжнародны тэатральны фестываль імя А.П. Чэхава, Міжнародная канфедэрацыя тэатральных саюзаў, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД. У рэпертуары Купалаўскага тэатра “Вяселле” ідзе ўжо цягам года, і вось —першы выезд гэтай пастаноўкі “ў свет”. Прыемна адзначыць, што ў афішы Дзён Чэхава поруч з беларускімі акцёрамі, якія выступалі на пляцоўцы Майстэрні Пятра Фаменкі, значыліся такія гучныя прэм’ерныя спектаклі, як “Тарарабумбія” рэжысёра Дзмітрыя Крымава Маскоўскага тэатра “Школа драматычнага мастацтва”, “Іванаў” ЮрыяБутусава ў Маскоўскім Мастацкім тэатры імя А.П. Чэхава, “Вішнёвы сад” Марка Захарава ў тэатры “Ленком”, “Тры гады” Сяргея Жэнавача ў Студыі тэатральнага мастацтва, “Дзядзька Ваня” Андрэя Канчалоўскага — у Дзяржаўным акадэмічным тэатры Массавета і Рымаса Тумінаса — у Тэатры імя Яўгенія Вахтангава, “Таемныя запіскі тайнага саветніка” Міхаіла Левіна ў Маскоўскім тэатры “Эрмітаж”, “Я, Чайка” Акопа Казанчана Маскоўскага драматычнага таэтра пад кіраўніцтвам Армэна Джыгарханяна, “Донка” Даніэле Фінцы Паска Тэатра Суніл (Швейцарыя).

Практычна аднагалосна маскоўскія крытыкі адзначылі высокі прафесійны і творчы ўзровень беларускіх акцёраў. А нам прыемна, што купалаўскае “Вяселле” ўжо атрымала шэраг запрашэнняў на міжнародныя тэатральныя фестывалі.

Ул. інф.