“Пачуць, зразумець, дапамагчы раскрыцца”

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

Напярэдадні другога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю” (а распачнецца этап, як плануецца, ужо 10 лютага) “К” звярнулася да ўдзельнікаў рэспубліканскага журы. Як вядома, у яго склад увайшлі прафесіяналы, што сталі экспертамі ў кожнай з 12 конкурсных намінацый. Таму меркаванні дасведчаных членаў Журы аб далейшай рэалізацыі праекта Міністэрства культуры падаліся рэдакцыі выключна надзённымі.

Вось што, да прыкладу, распавяла старшыня журы ў намінацыі “Размоўны жанр” Ірына КАБАНАВА, загадчык кафедры сцэнічнай мовы і вакалу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

— Пад час другога этапу спадзяюся ўбачыць цікавых, таленавітых, разумных, творча разняволеных маладых людзей, якія ўпэўнена валодалі б умела падабраным і “разумным” тэкстам. Задача канкурсантаў у нашым жанры — не столькі рассмяшыць гледача, колькі прымусіць яго суперажываць… У выніку папярэдняга адбору ў намінацыі “Размоўны жанр” Гомельскую вобласць прадстаўляе 9 канкурсантаў, Брэсцкую — 24, Віцебскую — 14, Гродзенскую — 6, Міншчыну — 8… Пасля 10 лютага выязджаем у вобласці: трэба адабраць цягам другога этапу не больш за тры чалавекі… Конкурсны праект — цудоўная ідэя. Талентаў у нас шмат, трэба ўмець іх пачуць, зразумець, дапамагчы раскрыцца.

А вось бачанне старшыні журы ў намінацыі “Сучасны танец” Святланы ГУТКОЎСКАЙ, загадчыка кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў:

— Чакаю другі этап з самым пазітыўным настроем. Любы конкурс, а тым больш — рэспубліканскага маштабу, —цудоўная магчымасць для адкрыцця новых маладых талентаў… Чакаю ад канкурсантаў арыгінальных харэаграфічных думак, сапраўдных праяў мастацтва… Вельмі баюся пры гэтым, што абавязковая ўмова танцавальнага конкурсу — выкарыстанне нацыянальнай тэматыкі, элементаў харэаграфічнай традыцыйнай спадчыны ў спалучэнні з сучаснасцю — будзе прадстаўлена без дастатковай яркасці. Пагадзіцеся, сучасны танец, выкананы пад старадаўнюю беларускую песню, — асаблівай фантазіі не патрабуе. Таму ўбачыць хачу сапраўдныя адкрыцці.

Павел ІВАНОЎ, прафесар кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, з’яўляецца старшынёй журы ў намінацыі “Сацыяльная рэклама”:

— Вельмі цяжка быць арыгінальным у сацыяльнай рэкламе. На адмысловыя ідэі — голад. Таму пад час другога конкурснага этапа вельмі хацелася б заўважыць гэтыя ідэі… Сярод намінантаў“рэкламшчыкаў” — усяго 25 чалавек, самае вялікае прадстаўніцтва — 7 канкурсантаў — з Брэстчыны… Паколькі рэклама — рэч, якая надта дорага каштуе, конкурсныя праекты будуць прэзентаваны на паперы: сцэнарый, рэжысёрская распрацоўка і раскадроўка… Паўтаруся: чакаю ад канкурсантаў крэатыву.