Анатоль САБАЛЕЎСКІ: “Фіксатар, рэгістратар — гэта яшчэ не крытык…”

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

Заўтра, 27 мая, свой 70-гадовы юбілей адзначае доктар мастацтвазнаўства, прафесар Анатоль САБАЛЕЎСКІ. Шчыра кажучы, імя Анатоля Вікенцьевіча ўжо даўно стала своеасаблівым брэндам беларускага тэатразнаўства і тэатральнай крытыкі. Яго шматгранны талент закрануў безліч самых розных аспектаў тэатральнага жыцця Беларусі. Яму давялося быць і рэктарам Акадэміі мастацтваў, і загадчыкам кафедры Інстытута культуры, і рэдактарам часопіса “Тэатральная Беларусь”, і ўкладальнікам “Хрэстаматыі па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі”, і адным з аўтараў “Гісторыі беларускага тэатра” і энцыклапедыі “Тэатральная Беларусь”. Згадзіцеся, спіс больш чым унушальны, але гэта — толькі малая частка таго важкага ўнёску ў беларускую тэатральную культуру, які зрабіў юбіляр. І сёння ён не спачывае на лаўрах: у гутарцы з карэспандэнтам “К” распавядае пра будучыя праекты, кшталту унікальнай на постсавецкай прасторы энцыклапедыі Купалаўскага тэатра.

 /i/content/pi/cult/117/361/Sabaleuski.jpg
— Досыць добра вядома, як у тэатр прыходзяць акцёры. А якім
быў ваш шлях да тэатра?

— Тэатрам я захапіўся яшчэ калі вучыўся ў педагагічным вучылішчы — хадзіў на ўсе спектаклі і, вядома, спрабаваў свае сілы на сцэне самадзейнага тэатра. Дарэчы, рабіў я гэта разам з Ігарам Дабралюбавым і Рымай Маленчанка. А першым маім тэатральным настаўнікам быў Мікалай Пінігін, бацька нашага вядомага рэжысёра.

Я і надалей вырашыў займацца тэатрам і паступіў на журфак БДУ. Мне не трэба было здаваць экзамены, бо скончыў вучылішча на “выдатна”. Неабходна было прайсці субяседаванне з рэктарам. Але я на той час працаваў важатым у піянерлагеры, маці не змагла адшукаць мяне і пайшла да рэктара сама. У выніку у маёй справе з’явіўся запіс чырвоным алоўкам — “Залічыць з павышанай стыпендыяй і прадастаўленнем інтэрната”.

— Але як у вашым жыцці з’явілася менавіта тэатральная крытыка?

— Маім тэатральным кумірам была Ірына Ждановіч, купалаўская актрыса вялікага трагедыйнага плана. На працягу жыцця мне давялося бачыць многіх таленавітых актрыс, але падобных на яе я не сустракаў. Вельмі хацелася больш даведацца пра яе — шукаў літаратуру, а знаходзіў невялікія артыкульчыкі. І тут я дзёрзка вырашыў, што сам напішу пра Ірыну Фларыянаўну. Гэта было на трэцім курсе педвучылішча, а трэцякурснікам БДУ я ўжо надрукаваў той нарыс. Потым гэта быў мой дыплом і рэферат пры паступленні ў аспірантуру. Мне, можна сказаць, пашанцавала: Пётр Гаян шукаў аспірантаў для кафедры народаў СССР у ГИТИС.

Калі паказаў свае друкаваныя артыкулы, ён сказаў, што я магу лічыць сябе залічаным. Экзамены здаваў “тром кітам” тэатразнаўства — Макульскаму, Асееву, Гаяну. У 1958-ым годзе я пачаў выкладаць у ГИТИСе, сярод маіх выхаванцаў былі і будучыя міністры. Увогуле, калі я аб нечым і шкадую зараз, дык аб тым, што ў тыя часы не вёў дзённіка. Мне ж давялося быць сведкам унікальных падзей (я бачыў апошні танец Уланавай), сустракацца з жывымі класікамі, я заспеў змену аднаго таленавітага пакалення на другое, не менш адоранае. Кожную такую падзею варта было б фіксаваць — які б гэта быў цікавы матэрыял!

— Тэатральная крытыка і тэатральная журналістыка — якая між імі розніца?— Тэатральная журналістыка — гэта, у асноўным, рэпартажы, інтэрв’ю, гэта толькі невялікая частка тэатральнай крытыкі, яе самыя лёгкія формы.
— Які сёння статус тэатральнай крытыкі Беларусі? Ці няма ў вас адчування, што яна не надта патрэбна і тэатрам, і гледачам?
— Так, прафесійная крытыка сёння амаль не запатрабавана. І тэатр, і гледачы абыходзяцца без яе. Калі я пачынаў, існавала практыка абавязковага рэцэнзавання спектакляў і іх абмеркавання, групы крытыкаў і прадстаўнікі Міністэрства выязджалі і ў перыферыйныя тэатры. Сёння гэтага няма. Згадаю тут і Неміровіча-Данчанку, які калісьці ўвёў практыку запрашаць на генеральны прагон спектакля ўсю магчымую прэсу. Журналісты адразу пасля прагляду пісалі рэцэнзіі ў заўтрашні нумар газеты, а МХАТаўская трупа сядзела ў тэатры і не разыходзілася да з’яўлення першых рэцэнзій, якія потым разам і абмяркоўвалі. Як вынік — сёння ў нас вельмі шмат матэрыялаў па МХАТу таго перыяду.
— Якія задачы павінна ставіць перад сабою сучасная крытыка?
— Яна павінна пераўвасабляць літаратурнае мастацтва сцэнічнымі сродкамі. Справа ў тым, што самыя найновыя сродкі відэазапісу не могуць перадаць подыху, эстэтыкі, Яны могуць толькі фіксаваць. Крытык жа павінен не проста канстатаваць, а знаходзіць адэкватныя літаратурныя прыёмы, каб захаваць спектакль для наступных пакаленняў. У нас былі добрыя традыцыі гэткай крытыкі. Раней усе газеты адводзілі месца для тэатральных рэцэнзій. Так, сёння газеты значна менш надаюць увагі тэатру, але заўважу, што і самі перыядычныя выданні губляюць чытачоў. “Чорная скрынка” (ківае ў бок тэлевізара — А.В.) замяняе ўсё.
— Ці можна казаць пра наяўнасць у Беларусі сваёй тэатральна-крытычнай школы і якія яе адметнасці вы маглі б вылучыць?
— Фактычна гэтая школа пачала складвацца, калі адкрылі тэатразнаўчае аддзяленне ў тэатральна-мастацкім інстытуце. А што да адметнасцей… У некаторых краінах яна больш нарматыўная, ацэначная, канстатуючая. У нас жа вылучаецца жаданне і ўменне пераўвасобіць спектакль, звяртаючы ўвагу не толькі на змест і ідэю, але і на эстэтыку, мастацкасць. Гэтае пераўтварэнне ў спалучэнні з аналітыкай з’яўляюцца найбольш адметнымі нашымі рысамі. Скажу таксама, што на былой савецкай прасторы наша крытыка каціруецца вельмі высока.
— Вам даводзілася займацца і творчай дзейнасцю, і педагагічнай, і навуковай, і кіраўнічай… Да чаго больш гарнулася душа?
— Вядома, да пісьмовага стала. А яшчэ — падабалася працаваць у студэнцкай аўдыторыі. Выкладчык і сам аддае энергетыку, і нешта атрымоўвае. Увогуле ж, любы досвед карысны, праз нейкі час ён абавязкова прыносіць свае дывідэнды.
— Што вы найперш стараліся перадаць студэнтам падчас лекцый?
— Справа ў тым, што веды можна набыць і самастойна. А вось у выхаванні культуры, духоўнасці студэнта выкладчык можа сыграць важную ролю, прычым не метадам лекцый, а, перадусім, уласным прыкладам.
— Бялінскі называў крытыку “цякучай эстэтыкай”...
— Час змяняецца, разам з ім змяняецца і тэатральная эстэтыка. Калі ўзгадваць першае пакаленне купалаўцаў, дык гэта былі выдатныя акцёры, лепшага пакалення ў тэатры пакуль не было. Але каб тыя спектаклі паказаць сёння, усе ў адзін голас назвалі б іх архаічнымі. Справа ў тым, што крытык павінен быць вельмі чуйным да ўсіх сучасных павеваў. Тэатральная крытыка вельмі дынамічная, гэта звязана з самой прыродай тэатра — ён існуе толькі сёння, толькі ў гэтае імгненне. Калі сёння я чую запісы Качалава, які ў свой час лічыўся самым арганічным акцёрам, адначасова з выдатнай амплітудай голасу, нейкімі нюансамі, відавочны і агульны пафас, і пэўная тэатральшчына.
— І апошняе, Анатоль Вікенцьевіч: ці існуе, на ваш погляд, “ідэальная” — аб’ектыўная крытыка?
— Аб’ектыўная крытыка — гэта нешта элементарнае. Возьмем прыклад з гісторыі энцыклапедый: у савецкі перыяд загадалі пісаць аб’ектыўна, таму давалі толькі факты. Раней гэтага не было, таго ж Бракгаўза і Эфрона я чытаў з вялікай цікавасцю. Крытыка, вядома, рэч суб’ектыўная, усё залежыць ад таго, як нейкая асоба з пэўным светапоглядам і адукацыйнай базай успрыме пэўную эстэтыку. У тэатральным мастацтве аб’ектыўна можна разважаць толькі пра нейкія элементарныя рэчы, кшталту “2 х 2 = 4”, калі ж браць “вышэйшую матэматыку”, пачынаецца зусім іншае. Аб’ектыўны крытык — гэта фіксатар, рэгістратар, а не крытык. І ўсё ж пэўны прафесійны суб’ектывізм павінен базіравацца на моцным навуковым, літаратурным, светапоглядным падмурку. Да таго ж, крытык павінен быць і літаратурна адоранай асобай. Крытык ніколі не ставіцца прадузята да пастаноўкі, яму і так даводзіцца бачыць шмат “шэрых” спектакляў. Да таго ж, сапраўды цікавы, арыгінальны артыкул можна напісаць толькі пра адметны спектакль, сведчаннем чаго — уся гісторыя крытыкі.
— Дзякуй, Анатоль Вікенцьевіч, і з надыходзячым юбілеем! 

Гутарыў Анатоль ВАЛОДЧАНКА
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА