Напярэдадні кніжнай выстаўкі

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

Усіх аматараў літаратуры сустрэне XVII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая адкрываецца 10 лютага. Тут можна будзе пазнаёміцца з навінкамі і лепшымі кнігамі ўсіх дзяржаўных айчынных і многіх замежных выдавецтваў. Першым стане візіт на кірмаш Туркменістана — як адказ на тое, што Беларусь атрымала высокі статус Ганаровага госця на IV Міжнароднай кніжнай выстаўцы ў туркменскай сталіцы Ашхабадзе. Насычаную праграму падрыхтуе Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, бо менавіта гэтая краіна вызначана як Ганаровы госць гэтымі днямі.

“Наведвальнікаў чакае шмат мерапрыемстваў, сярод якіх — сустрэчы з аўтарамі вядомых кніг, прэзентацыі новых выданняў, “круглыя сталы” з абмеркаваннямі надзённых праблем па розных тэмах, — паведамляе вядучы спецыялістУпраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Шыцік. — 11 лютага стане Днём бібліятэк, у Яго межах адбудзецца “круглы стол” “Электронная кніга: кніга сучаснасці і будучыні”, які ладзяць Міністэрства інфармацыі і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Ён дасць магчымасць узняць пытанні наконт выпуску электронных выданняў, іх распаўсюджання па бібліятэчных установах. Днём ведаў назвалі 12 лютага, калі будзе прадстаўляцца навучальная літаратура, створаная выдавецкімі цэнтрамі ВНУ і буйнымі выдавецтвамі. У межах кірмашу будзе экспанавацца рукапісная кніга, фотаматэрыялы. Па традыцыі, мінчане і госці сталіцы пабачаць кнігі, якія сталі лаўрэатамі Нацыянальнага і Маскоўскага міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі” ў мінулым годзе”.

Выдавецтва “Беларусь” падрыхтавала для чытачоў “разыначку”: выдадзеную некалькі тыдняў таму кнігу “Помнікі сусветнай спадчыны”, у кантэкст якой уваходзяць гісторыка-культурныя і прыродныя каштоўнасці ўсяго свету, што знаходзяцца ў Спісе UNESСO. Гэта дапоўненае новымі звесткамі і багата ілюстраванае перавыданне кнігі, што выйшла ў 2001 годзе. Асноўныя турыстычныя аб’екты размеркаваны па краінах, і ў гэтым спісе Беларусь мае чатыры адметныя помнікі: Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, комплекс “Мірскі замак”, Комплекс Радзівілаў у Нясвіжы, Геадэзічная дуга Струвэ. Сярод іншага, адбудзецца прэзентацыя новага падарункавага выдання альбомнага фармату “Мінск”, што таксама з’явілася нядаўна. Тут сабраны выявы краявідаў, помнікаў і адметных будынкаў сталіцы. А кніга “Замовы” адлюстравала сабраныя студэнтамі БДПУ традыцыйныя беларускія замовы, што існавалі на мяжы стагоддзяў і бытуюць сёння.

“Беларуская энцыклапедыя” імя П.Броўкі прадэманструе наведвальнікам выстаўкі шмат выданняў, прысвечаных гісторыі, краязнаўству, навуцы Беларусі. Днямі выйшаў трэці том энцыклапедыі “Вялікае княства Літоўскае”, вялікая даследчая праца адлюстравана ў выданні “Гісторыя беларускай кнігі. Кніжная культура ВКЛ”. 14 лютага пройдуць прэзентацыі энцыклапедый “Прырода Беларусі” і “Археалогія Беларусі”. Будзе анансавана рарытэтнае выданне, падрыхтаванае да друку, — “Альбом фамільных партрэтаў князёў Радзівілаў”. Шмат карысных кніг знойдуць на стэндзе выдавецтва школьнікі і студэнты.

За мінулы год “Мастацкая літаратура” выдала 69 кніг, і ўсе яны будуць прадстаўлены гледачам, як адзначыў галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Шніп. “Можна будзе пабачыць выданне — гонар не толькі нашай установы, але і ўсёй краіны: “Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны”. Што да навінак, то прадэманструем кнігу, якая стане прыступкай да новай серыі “Жыцця знакамітых людзей Беларусі” — “Я хацеў бы спаткацца з Вамі…” пра Максіма Багдановіча. Яе падрыхтавала дырэктар Музея паэта Т.Шэляговіч. Цікавымі для дзяцей будуць “Янкаў вянок” Уладзіміра Ліпскага пра Купалу, “Казкі XXI стагоддзя”. Серыя “Мастакі Беларусі” папоўнілася выданнямі пра Гаўрылу Вашчанку, Уладзіміра Тоўсціка. Магчыма, у гэтым годзе выйдуць кнігі, прысвечаныяПаўлу Масленікаву і Арлену Кашкурэвічу. Перавыданне кнігі пра Уладзіміра Мулявіна рыхтуецца ў серыі “Беларусь музычная”. У прэзентацыях многіх работ возьмуць удзел аўтары, з якімі можна будзе пазнаёміцца і задаць пытанні.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ