Кампазітар як канцэртмайстар сэрца

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Эдзі Тырманд, якая ўвайшла ў гісторыю нашай краіны першай жанчынай-кампазітарам (падкрэслім, – прафесійным кампазітарам) – 90! Перажыўшы смерць усіх сваіх блізкіх, цалкам страціўшы зрок, яна і да сёння захавала асаблівую шляхецкую прыгажосць, добрасардэчнасць, цікаўнасць да музычных падзей і асаблівы аптымізм – не “ура-патрыятычны”, а стрымана ганарлівы, упэўнена трывалы.

 /i/content/pi/cult/116/360/Tyrmand.jpg
“Жалезная лэдзі”

— так называюць Эдзі Майсееўну ўсе, хто яе ведае. Перадумовай

з’яўлення “мянушкі” стаўся, мабыць, сам дзень нараджэння творцы, што прыпадае на “мужчынскае свята”.

Пры гэтым год нараджэння — “рэвалюцыйны” — 1917-ы. Ці ж не схавана “прадказанне” характару ў саміх гэтых супадзеннях?
А ўзнікла гэтая “мянушка” ледзьне адразу, як маладая жанчына трапіла на Беларусь. Ураджэнка Варшавы,
яна разам з мужам, таксама музыкантам, — скрыпачом і альтыстам, — пакінула родны горад у 1939-ым, ратуючыся ад нацызму. І толькі пасля вайны даведалася, што абсалютна ўсе яе родныя — маці, бацька, любая сястра і яшчэ каля 60 сваякоў — загінулі ў Варшаўскім гета. У 1962 годзе, скарыстаўшы творчую камандзіроўку на Міжнародны музычны фестываль “Варшаўская музычная восень”, пайшла на могілкі шукаць іх імёны. Не знайшла: хто ж хаваў ахвяр канцлагераў? І “пахавала” іх у сваім сэрцы. А яшчэ — у музыцы.

Як ні дзіўна, але на працягу доўгіх гадоў яна ўсё ніяк не магла ўвекавечыць памяць сваіх блізкіх і, шырэй,усіх вязняў вайны. Не атрымлівалася, не пісалася, — штосьці перашкаджала. І раптам, у 1988-ым, — ноты быццам самі “паліліся” на паперу, стаўшы “Элегічнай імправізацыяй” для скрыпкі і фартэпіяна. Можа, гэта зусім і не ноты былі, а… слёзы?

— Я ніколі не плакала — з тых часоў, як пахавала мужа. Не таму, што,маўляў, такая моцная, ці імкнулася захаваць свой “жалезны” імідж, баялася выказаць эмоцыі. Не! Я проста не магла плакаць. Не ведаю, чаму. Не магла — і ўсё. Не плакалася. Мабыць, разам з мужам штосьці памёрла ўва мне самой...

Сапраўды, усё менавіта так: “Элегічная імправізацыя” — і ёсць тыя нявыплаканыя слёзы, якія на працягу гадоў назапашваліся, канцэнтраваліся — і ператварыліся, нарэшце, у музыку, якую не трэба было “прыдумваць”, якая нараджалася быццам без аўтарскіх намаганняў. Дый самі ноты ў Эдзі Майсееўны — гэткія круглыя, упэўненыя, нейкія “аб’ёмна насычаныя” нават паводле сваіх абрысаў, бы моцна сціснутыя кулачкі.

Яна ўмее сціскаць боль. І той ніколі не адбіваецца на яе твары — і сёння надзвычай прыгожым, адухоўленым, пазбаўленым, здавалася б, непазбежных для яе гадоў маршчын. Боль адбіваецца ў творах — і становіцца мастацкай з’явай, а не рэальным “чарноццем”. Мабыць, таму,што жыццё для Эдзі Майсееўны — рознакаляровае. І заставалася для яе такім заўсёды, нават калі яна з-за праблем са зрокам была вымушана ўвесь час насіць чорныя акуляры ці калі зараз цалкам страціла зрок. Бо яна сама — асоба вельмі яркая, “каляровая”. І не толькі таму, што яе творчасць заўсёды суправаджалі азначэнні, кшталту

Першая, упершыню, наперадзе...


Пры ўсёй маёй нелюбові да залішняга выкарыстання гэтых слоў — у дачыненні да Эдзі Майсееўны яны самыя неабходныя, цалкам праўдзівыя,
без двукосся, без скідкі на “местачковую” першаснасць. Яе “ўпершыню” не з’яўляецца тым даўно забытым, што здаўна было ў іншых. І мастацкія якасці яе “наперадзе” не займаюць першае месца з канца.

Але ж у чым яна, уласна кажучы, першая? Першая беларуская жанчына, што спрычынілася да напісання музычных твораў? Але ж сярод яе папярэдніц можна ўзгадаць Соф’ю Радзівіл, Марыю Шыманоўскую, Камілу Марцінкевіч — дачку знакамітага літаратара і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Дый самой Еўфрасінні Полацкай прыпісваюць стварэнне знаменных распеваў. Але сярод усіх іншых Эдзі Тырманд — і папраўдзе першы прафесійны кампазітар. З акцэнтам на прафесіяналізме, узведзеным на п’едэстал.

У свой час у Варшаўскай кансерваторыі яна атрымала бліскучую адукацыю па дзвюх спецыяльнасцях — як піяністка і як хормайстар. Фартэпіяннае навучанне прадоўжыла і ў Мінску, у класе Рыгора Шаршэўскага. Прычым у піяністычнай школе, перададзенай ёй, спляліся лепшыя традыцыі Канстанціна Ігумнава, Ганны Есіпавай, Генрыха Нейгаўза: яна вучылася ў іх вучняў. Першыя песні пачала пісаць яшчэ ў Варшаве (яны і ў пасляваенны час заставаліся там папулярнымі), а кампазітарскую адукацыю атрымлівала ў Беларусі, скончыўшы 5-гадовы курс навучання за 4 гады і стаўшы першай выхаванкай Анатоля Багатырова.

А яшчэ — “выхавацелькай” беларускай музыкі. Менавіта праз Эдзі Тырманд і іншых “прадстаўнікоў Захаду” дзеячы беларускай музыкі чулі праўдзівае слова пра Стравінскага, Шыманоўскага, Малера, знаёміліся з іх творамі. Праз вакальную музыку Э.Тырманд адкрывалі для сябе глыбіні сучаснай замежнай паэзіі, па-новаму ацэньвалі знаёмыя, здавалася б, вершы Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Еўдакіі Лось. А ў яе ўласнай музыцы знаходзілі самыя найсучасныя сродкі выразнасці, тэхнікі пісьма — сапраўдны “нерв эпохі”, які і ў ХХІ стагоддзі надае яе творам былых дзесяцігоддзяў адчуванне, што яны напісаны толькі зараз. І не сталай жанчынай, а юнаком, што пачувае сябе “на стрыжні часу”.

У Беларусь жа яна трапіла — як і Юрый Бяльзацкі, Генрых Вагнер, Леў Абеліёвіч — воляй лёсу. Разам з іншымі бежанцамі апынулася ў Беластоку, дзе ў 1939 годзе сабралася шмат музыкантаў з усёй Заходняй Еўропы. А ўжо адтуль яе накіравалі ў Мінск: пасля аб’яднання Беларусі была ўтворана спецыяльная камісія, якая займалася адборам у заходніх рэгіёнах лепшых музычных калектываў і асобных творцаў (так, дарэчы, узніклі Дзяржджаз БССР, вядомы як “аркестр Эдзі Рознера”, і цяперашняя Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы — на той час хор пад кіраўніцтвам Рыгора Раманавіча Шырмы).

Цікава, што гэтыя джазавы і харавы складнікі (веданне, з аднаго боку, джазавай стылістыкі, а з другога — харавой фактуры і асаблівасцей вакалу) былі ўласцівы Эдзі Майсееўне яшчэ ў “варшаўскі перыяд” — і перанесены на беларускую глебу. Сярод першых джазавых кампазіцый, запісаных аркестрам Беларускага радыё і тэлебачання на чале з Юрыем Бяльзацкім у канцы 1950-х, былі яе п’есы. Дыкякая ж пасля гэтага яна “жалезная лэдзі”? А шматлікія жартоўныя п’есы, вакальныя творы — дзе ж у іх тое няўмольнае “жалеза”?

— Я ніколі не стварала і не іграла джаз — з тых часоў, як пахавала мужа. Не таму, што, маўляў, імкнулася захаваць свой “жалезны” імідж, баялася выказаць эмоцыі. Не! Я проста не магла. Не ведаю, чаму. Не магла — і ўсё. Не ігралася такая музыка, не стваралася. Мабыць, разам з мужам штосьці памёрла ўва мне самой...

Але назаўсёды застаўся яшчэ адзін складнік яе кампазітарскай прафесіі

Гонар канцэртмайстра.


Гэтая унікальная жанчына ўвайшла ў гісторыю краіны не толькі авангардыстам-кампазітарам, але і канцэртмайстрам, з якога пачалася новая эра ў выканальніцкім мастацтве.

Яна не толькі сачыняла музыку, але і вучыла яе выконваць — не проста “агучваць ноты”, а паглыбляцца ў тонкасці кампазітарскай задумы.

Зусімне выпадкова 90-годдзе Эдзі Тырманд было адзначана не аўтарскім вечарам юбіляркі, а... Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяй, прысвечанай праблемам навучання канцэртмайстарскаму майстэрству. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі і, у прыватнасці, кафедра канцэртмайстарскага майстэрства, на якой і працавала Э.Тырманд. Ганаровай госцяй канферэнцыі стала прафесар Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.Чайкоўскага Маргарыта Краўчанка, якая не толькі выступіла са змястоўным дакладам, але і правяла майстар-клас. Да юбілею была зладжана выстаўка, на адкрыцці канферэнцыі дэманстравалася тэлестужка, знятая пра Э.Тырманд у 1995 годзе на Беларускім тэлебачанні. Прамовы выступоўцаў закраналі асабістыўнёсак юбіляркі ў беларускую нацыянальную культуру, яе погляды на працэс музычнага выхавання, асноўныя прынцыпы выкладання, а таксама больш шырокія пытанні, звязаныя ўвогуле з сакрэтамі працы канцэртмайстра.

Прафесія гэтая — найскладаная. Піяніст-акампаніятар павінен замяняць дырыжора, педагога па вакале, лектара-музыказнаўцу, даследчыка, псіхолага і шмат каго яшчэ — адным словам, быць для саліста сапраўднай “маці” (мабыць, не выпадкова канцэртмайстраў-жанчын намнога болей, чым мужчын). Эдзі Тырманд не проста ў дасканаласці валодала выканальніцкай прафесіяй, але і стварыла беларускую школу канцэртмайстарскага майстэрства. Сярод яе выхаванцаў — практычна ўсе знаныя канцэртмайстры некалькіх пакаленняў: Ларыса Максімава, Ганна Каржанеўская, Ларыса Талкачова, Мікалай Сярдобаў, Вольга Бельцюкова, Людміла Матукоўская, якая ўжо пайшла з жыцця. Прагучалі падчас урачыстасцей і шматлікія камерныя творы Э.Тырманд — у атачэнні лепшых прыкладаў сусветнай класікі, асабліва любімых юбіляркай. У канцэрце ўдзельнічалі не толькі студэнты і асістэнты-стажоры БДАМ, але і вядомыя салісты Беларускай оперы.

На жаль, сама Эдзі Майсееўна на святкаваннях прысутнічаць не змагла. Але напярэдадні, акурат у дзень свайго нараджэння, атрымала віншаванніад Міністэрства культуры Беларусі, ад шматлікіх калег і былых вучняў.

Дарэчы, усе яе вучні, нягледзячы на ўзрост, адчуваюць сябе яе дзецьмі. Не таму, што яна такая “чуллівая” і, маўляў, толькі і робіць, што абараняе іх ад складанасцей жыцця. Ды ў маладосці яна наадварот ім “жыццё ўскладняла”: колькі слёз было пралітаз-за яе “ўедлівасці”, “прычэплівасці”, бо яна прымушала працаваць не тое што над кожным тактам — над кожнай нотай. Але ж і вынікі якія! Акрамя ж іх — духоўная сувязь. Бо Эдзі Тырманд — не проста кампазітар і канцэртмайстар, знакавая фігура ў музычным мастацтве Беларусі. Яна — кампазітар-канцэртмайстар сэрца. Сваёй асобай і музыкай яна і стварае высокія (і, адначасова, вельмі рэальныя, не пазбаўленыя жыццёвай глебы) душэўныя, сардэчныя пасылы і “прачытвае” іх у астатніх. Побач з ёй немагчыма схлусіць ні ў жыцці, ні ў мастацтве.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ